Лірычнай падборкай Віктара Гардзея «На перасячэнні зорных пуцявін» пачынаецца сакавіцкае «Полымя». Аўтар застаецца верным сабе і сваёй паэтычнай манеры: за перапляценнямі «зямных» рэалій айчыннага ментальнага поля (дуб, валун, лес, балота, «жыта з бульбай», «чабор, верасы», «над сцішанай вёскай, над жытам // буслы наразаюць кругі», «і жарства, і пясок, // вербаў схілены кроны») расчытваецца магутнае парыванне чалавечага духу ў нязведанае, туды, куды няма адзінай для ўсіх дарогі:
На перасячэнні
Зорных пуцявін
Крыж у спалучэнні
Казак і былін.
Ёсць яшчэ надзея,
Вера і любоў,
Рух адвечны, дзея,
Магія шляхоў…
Імпануе аўтарскі спосаб рыфмавання, які робіць вершы В. Гардзея пазнавальнымі сярод іншых, хай і напісаных на падобную тэматыку:
І ніякай бяды.
Свет ажыў бы, калі б
Ручаі пацяклі
Векавымі шляхамі,
Па дарогах вады —
Так было і тады,
Як ішлі леднікі.
Несучы за плячамі
Плоймы снегу мяхамі.
Што растаў за вякі
І паплыў ручаямі.
Да паэзіі Віктара Гардзея хочацца вяртацца, няспешна перачытваць — і штораз адкрываюцца новыя, нечаканыя сэнсы і філасофскія глыбіні…
Цалкам у звыклым рэчышчы традыцыйных тэм і сродкаў іх выяўлення бачыцца паэзія Галіны Загурскай: аўтарка прамаўляе добра вядомыя ўсім ісціны, зарыфмаваўшы іх (і рыфмы часта — дзеяслоўныя), дае бліжняму парады на ўсе выпадкі жыцця:
Чытай Псалтыр: сябе ачысці:
І гнеў, і лютасць прагані —
адчыніш да нябёсаў выйсце,
Грааля ўбачыш там агні.
Яны твой шлях зямны асвецяць,
Навучаць бліжняга любіць
І прыгажосць у гэтым свеце.
Інакш нашто табе ў ім быць?
Акрамя таго, падаецца спрэчным сцвярджэнне, што любіць бліжняга можна навучыцца. Любоў да бліжняга — гэта, хутчэй, тое, што ўкладаецца ў чалавека яшчэ з немаўлячага ўзросту і не залежыць ад ступені яго адукаванасці і навучанасці.
Ёсць у падборцы некалькі вершаў, дзе пачатак абяцае нейкае адкрыццё, нечаканасць, напрыклад:
Ружавеў-мяняўся
Над зямлёй шацёр
І затым распаўся
Мірыядам зор.
Але ў завяршэнні твора мы бачым усё тыя ж прапісныя ісціны:
І яны нам сведчаць:
Ў свеце вечнасць ёсць.
Мы ў жыцці — на вечы:
Кожны — толькі госць.
Думаецца, што паэтэсе, не абмежаванай у магчымасці бачыць і чуць сэрцам, не стае смеласці адпусціць сваю фантазію за далягляд: не туды, дзе яна шмат разоў бывала і ўсё ведае, а ў нязведанае…
«Удыхнуць — і не задыхнуцца» спрабуе ў творчасці маладая паэтэса Al. Runweard (Алёна Болсун), што зразумела з яе падборкі з аднайменнай назвай. І вершы пераконваюць: поспех магчымы, толькі калі свядома ідзеш на рызыку, не трымаючыся за звыклыя сэнсы і вобразы:
…А ты маўчыш…
Мой голас хутка ціхне,
Разбіўшыся аб холад цішыні.
Я крок зраблю. Насустрач.
Толькі лішні…
І я на дне — шукаю вышыні.
Інтрыгоўны пачатак мае аповесць Юры Несцярэнкі «А дзе Джагер?». Чытач знаёміцца з героямі расповеду, сярод якіх — Мік Д., Эмір К., Томі Э., Роберт П. Звяртаюць на сябе ўвагу імёны, якія так і просяцца, каб іх расшыфравалі… Завяршэнне аповесці, як і пачатак, — фантасмагарычна-містычнае. Але сюжэт твора рэалістычны, спецыфічныя аўтарскія хады напачатку і ў канцы спатрэбіліся, толькі каб «зацэментаваць» галоўную частку. Жорсткая рэальнасць шоу-бізнесу — вось пра што распавядае пісьменнік. Да яго слоў асаблівы давер, таму што ён сам з’яўляецца музыкантам і ведае тое, аб чым гаворыць, на ўласным досведзе. Дарэчы, аповесць Юры Несцярэнкі можна назваць працягам адной з папярэдніх яго кніг — «Звычайны шоу-бізнес».
Акрамя адметнага сюжэта, ёсць і іншая сэнсавая лінія, што працінае твор ад пачатку да завяршэння, — чысты якасны гук. Гэтая субстанцыя прысутнічае ў аповесці як эквівалент шчырасці і сапраўднасці. Як квітэсэнцыя духоўнай чысціні, што дапамагае зразумець складаную сітуацыю.
Не расчаруюць чытача і іншыя празаічныя творы ў нумары — два апавяданні Кірыла Стаселькі — «Малус» і «Фракцыі. Адна з лекцый гісторыі Палія» — і апавяданне «Аўхім» Зміцера Крэса.
У рубрыцы «Галасы свету» — завяршэнне рамана Тадэвуша Даленгі-Мастовіча «Кар’ера Нікадыма Дызмы», які перастварыў з польскай мовы Алесь Емяльянаў-Шыловіч.
Тадора ШПІЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/litaratura-i-mastactva-2
[2] https://zviazda.by/be/tags/krytyka
[3] https://zviazda.by/be/tags/chasopis-polymya
[4] https://zviazda.by/be/tags/vershy