«Уладкавацца на працу» 12—13 чэрвеня ў Батанічным садзе Мінска падчас сямейнага фестывалю «Букідс. Прафесіі» змогуць нават самыя маленькія наведвальнікі. Дзецям даецца магчымасць паспрабаваць сябе больш як у 50 прафесіях. На тэматычных пляцоўках яны даведаюцца, чым займаюцца археолагі, пчаляры, дэкаратары, палеантолагі і іншыя спецыялісты.
Юным «работнікам» выдадуць працоўную кніжку, зарплату і фестывальную валюту — букідсы, якія можна будзе абмяняць на падарункі. Паспрабаваўшы сябе ў ролі пэўнага спецыяліста, малыя змогуць правесці «водпуск» у экстрым-зонах, спартыўных пляцоўках ці фудкортах з фермерскай ежай.
Арганізатары прапануюць самыя розныя заняткі для дзетак. Малыя змогуць нешта пасадзіць ва ўласным агародзе, стварыць аўтарскую майку, запусціць механізм гадзінніка, памяняць кола ў машыне, паўдзельнічаць у забегу з газонакасілкамі... Прасцей прыйсці і пабачыць, чым пералічыць усе прапановы.
Юныя прадпрымальнікі, дарэчы, могуць завітаць на фэст з уласнай прадукцыяй (малюнкамі, печывам, разнастайнымі вырабамі) і стаць удзельнікамі Дзіцячага маркета, прадаючы тавар за сапраўдныя грошы. А пры жаданні — яшчэ і скончыць бізнес-школу. Заяўкі на ўдзел прымаюцца на адрас bооkіds.рrеss@gmаіl.соm з указаннем імя і ўзросту дзіцяці.
Адмысловая рыса фестывалю — яго тэатральнасць. На працягу двух дзён на пляцоўцы Букідс «Тэатр пад дрэвам» гасцям фестывалю пакажуць свае творы больш за дзесяць тэатральных труп Беларусі.
Фестывальнае свята два дні будзе доўжыцца з дзесяці раніцы да сямі вечара. Уваход для дарослых каштуе 15 рублёў. Сямейны білет: мама+тата+дзеці — 25 рублёў. Малыя да 12 гадоў — бясплатна.
Ірына СІДАРОК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-i-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/bukids-prafesii
[5] https://zviazda.by/be/tags/batanichny-sad
[6] https://zviazda.by/be/tags/svyata
[7] https://zviazda.by/be/tags/adpachynak