Гераіні тыдня. Васіліна Хандошка і Дар'я Кулагіна атрымалі ліцэнзіі на Алімпійскія гульні ў Токіа на кваліфікацыйным турніры па сінхронным плаванні. На спаборніцтвах у Барселоне беларускія спартсменкі занялі другое месца, набраўшы ў суме 176,6593 бала.
Героі тыдня. Беларускія лёгкаатлеты выйгралі два медалі на міжнародным турніры ў Празе. Павел Мялешка заваяваў «золата» ў кіданні кап'я, у чацвёртай спробе ён закінуў снарад на 85 м 06 см. Гэты вынік прынёс яму ліцэнзію на Алімпійскія гульні ў Токіа. Другое месца ў гэтай дысцыпліне заняў таксама беларус Аляксей Каткавец, яго вынік — 82 м 91 см.
Медалі тыдня. Беларускія спартсменкі паспяхова выступілі на чэмпіянаце Еўропы па мастацкай гімнастыцы, які праходзіў у Балгарыі. У камандным заліку беларускія грацыі заваявалі «серабро». У камандным першынстве ўлічваюцца вынікі групавога і індывідуальнага турніру. У камандных практыкаваннях беларуская каманда заняла чацвёртае месца ў праграме мнагаборства з адзнакай 86,550 бала. У асабістым мнагаборстве Настасся Салас заняла 5-е месца, а Аліна Гарнасько — 6-е. У фіналах асобных відаў беларускі заваявалі чатыры медалі. У практыкаванні са стужкай Аліна Гарнасько стала сярэбраным прызёрам, атрымаўшы адзнаку 23,200 бала. Таксама Аліна заваявала «бронзу» ў выступленні з мячом, яе адзнака — 28,500 бала. Два бронзавыя медалі заваявала Настасся Салас — у практыкаванні з абручом (адзнака — 27,650 бала) і ў кампазіцыі з булавамі (адзнака 27,800 бала).
Турнір тыдня. У Каіры прайшоў чэмпіянат свету па сучасным пяцібор'і. Беларускія спартсменкі Ірына Прасняцова і Вольга Сілкіна заваявалі «золата» турніру ў эстафеце. Перамогу ім прынесла сума ў 1395 балаў.
Настасся Пракапенка таксама заваявала залаты медаль на планетарным першынстве. Вынік пераможніцы — 1353 балы. Для беларускай спартсменкі гэты другая перамога на чэмпіянаце свету. У 2018 годзе ў Токіа яна таксама падымалася на найвышэйшую ступень п'едэстала. Чэмпіянат свету па сучасным пяцібор'і — заключны адборачны старт на Алімпійскія гульні.
Поспех тыдня. Ірына Жук выйграла спаборніцтвы ў скачках з шастом на турніры ў Празе. У сваёй найлепшай спробе яна ўзляцела на 4 м 65 см. Праз некалькі дзён на трэцім у сезоне этапе «Брыльянтавай лігі» ў Фларэнцыі Ірына стала сярэбраным прызёрам, скокнуўшы на 4 м 71 см. На італьянскім турніры медаль заваявала яшчэ адна беларуска. Эльвіра Герман у бегу на 100 метраў з бар'ерамі стала бронзавым прызёрам. Яе вынік — 12,85 секунды.
Каманда тыдня. Гродзенскі «Рытм» выйграў Кубак Беларусі па хакеі на траве сярод жаночых камандаў. Пераможніцы набралі восем балаў пасля трох сустрэч. Яны аказаліся мацнейшыя за хакеістак «Мінска» ў серыі пасляматчавых кідкоў — 6:6 (буліты 3:2). Сталічная каманда завяршыла турнір на другім месцы. Замкнула тройку лідараў каманда «Вікторыя» са Смалявіч.
Ліцэнзіі тыдня. Беларускія баксёры заваявалі тры алімпійскія ліцэнзіі на кваліфікацыйным турніры ў Парыжы. У вагавой катэгорыі 63 кг пропуск на Гульні заваяваў Дзмітрый Асанаў. Алімпійскую ліцэнзію аформіў Аляксандр Радзівонаў (69 кг). Права выступіць на галоўных стартах дасягнуў і вопытны баксёр Віталь Бандарэнка (75 кг).
Страта тыдня. 12 чэрвеня на 59-м годзе пайшоў з жыцця знакаміты беларускі і савецкі канькабежац Ігар Жалязоўскі. У канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў ён быў адным з найлепшых спрынтараў свету. Ігар Жалязоўскі шэсць разоў перамагаў на чэмпіянатах свету ў спрынтарскім мнагаборстве, быў шматразовым чэмпіёнам СССР, пераможцам этапаў Кубка свету, уладальнікам Кубка свету. На Алімпійскіх гульнях 1988 года ў Калгары ён заваяваў бронзавы медаль на дыстанцыі 1000 метраў, а на Алімпіядзе 1994 года ў Лілехамеры на гэтай жа дыстанцыі ён заваяваў «серабро». На рахунку Ігара Жалязоўскага былі чатыры сусветныя рэкорды ў розных дысцыплінах. Ігар Жалязоўскі быў першым прэзідэнтам Нацыянальнага параалімпійскага камітэта. З 1996 да 2005 года ён узначальваў Беларускі саюз канькабежцаў.
Цытата тыдня. «Незалежна ад выніку, мінулы чэмпіянат свету стане бясцэнным вопытам для маладых гульцоў, для дэбютантаў зборнай. Нам трэба вынесці пазітыў з гэтага вопыту, каб далей працягваць вучыцца, развівацца і перамагаць разам на іншым вялікім турніры, які нас чакае ў канцы жніўня. Так, часу на падрыхтоўку замала, але, спадзяюся, нашы ігракі засвояць урокі чэмпіянату свету хутка, бо на коне адзіная пуцёўка на Алімпійскія гульні», — прыводзіць словы Крэйга Вудкрафта прэс-служба Федэрацыі хакея Беларусі. Канадскі спецыяліст узначаліў нацыянальную зборную, замяніўшы на гэтай пасадзе Міхаіла Захарава, які падаў у адстаўку пасля няўдалага чэмпіянату свету. З 26 да 29 жніўня гэтага года хакеісты нацыянальнай зборнай будуць змагацца за адзіную пуцёўку на Алімпійскія гульні 2022 года з камандамі Славакіі, Аўстрыі і Польшчы.
Валерыя СЦЯЦКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/shtotydnyovy-spartyuny-aglyad-zvyazdy
[4] https://zviazda.by/be/tags/sport
[5] https://zviazda.by/be/tags/spartyunyya-naviny
[6] https://zviazda.by/be/tags/alimpiyskiya-gulni-2016