Аляксей Талай даўно стаў героем навін і журналісцкіх матэрыялаў.
Матывацыйны спікер, бізнесмен, член Канстытуцыйнай камісіі, галава сям'і, бацька чатырох дзяцей, спартсмен-параалімпіец не стамляецца даваць інтэрв'ю і, здаецца, расказаў публіцы ўсё. Чаго нельга сказаць пра яго жонку — Настассю.
— Пакуль мая асноўная дзейнасць — гэта дом і сям'я. Мне 31 год, і я яшчэ шукаю сябе, мабыць, таму што спачатку быў адзін дэкрэтны адпачынак, потым другі, і я не атрымала пэўнага кар'ернага росту. Але ў мяне ёсць заняткі, якія не дазваляюць патануць у быце. Зараз я праводжу кансультацыю па грудным выкормліванні. Паступіла ў БДУФК на спецыяльнасць «Фізічная рэабілітацыя» і ў будучыні планую працаваць у гэтым кірунку, — расказвае Настасся.
— З Аляксеем мы пазнаёміліся ў сацыяльных сетках. Мне здаецца, сёння там лёгка можна знайсці свайго чалавека. Цяпер мужчыны сталі нейкімі нясмелымі, сарамлівымі, і знаёміцца такім чынам ім прасцей. Я на нейкім энергетычным узроўні адчуваю людзей, разумею, мой гэта чалавек ці не, нават на адлегласці. У нас з Аляксеем ад першага паведамлення да першай сустрэчы прайшло пяць месяцаў. Гэта былі пяць месяцаў пастаянных перапісак. Памятаю, кожны ранак уставала, уключала камп'ютар і чакала пажадання добрай раніцы. Аляксей тады быў у ЗША, і калі паведамленне не прыходзіла своечасова, я пачынала нервавацца, перажываць. Наша збліжэнне адбывалася поўнасцю праз перапіску. Калі б я проста ішла па вуліцы, і ён прапанаваў пазнаёміцца, я, магчыма б, і не стала. У нас у грамадстве неяк заведзена, што чалавек на калясцы «нейкі не такі».
Мяне нестандартнасць Аляксея ніколі не палохала. Калі я аб гэтым даведалася, то ўжо была ў такой эйфарыі, што мяне нічога не спыняла. У сацыяльных сетках у яго былі толькі партрэтныя фота. Ну, я падумала, што проста чалавек так фатаграфуецца. Былі і фота з дзецьмі — ён шмат мне пра іх расказваў. А я чамусьці вырашыла, што ён сам выхоўвае дзяцей. Потым высветлілася, што хлопчыкі жывуць з мамай, але Аляксей праводзіць з імі шмат часу. І мне вельмі хацелася з ім убачыцца і зразумець, што будзе далей. А ён жа быў у Амерыцы, і прыйшлося пяць месяцаў чакаць. І калі сустрэліся, то ён аказаўся такі харызматычны, што мяне ўжо нічога не магло спыніць.
— Калі ў нас пачаліся адносіны, я сустрэла вялікае непаразуменне ў грамадстве. Гэта было ці не самае страшнае, што я перажыла. Мама істэрыла, стаяла на каленях і прасіла, каб я не рабіла глупства. А потым сказала збіраць рэчы і ісці жыць да яго: маўляў, каб я зразумела, як гэта, і вярнулася. Маме вельмі не падабалася, што людзі пытаюцца, з якім гэта інвалідам яе дачка ходзіць? У нашай сям'і заўсёды было вельмі важна, што скажуць людзі. А людзі не маглі зразумець, што ў нас можа быць каханне, раман. Казалі, што я ў яго сядзелка, што гэта ўсё проста для карцінкі, што я з ім толькі дзеля грошай. А потым я зацяжарыла, і мама супакоілася, прыняла сітуацыю. Зараз у іх з Аляксеем нармальныя адносіны, але ўсё роўна ёсць нейкая недагаворанасць. Зразумела, што маё сямейнае жыццё не зусім такое, як у астатніх жанчын. І мама часам можа мне нагадаць, што я сама гэта выбрала.
Сяброўкі таксама мне казалі, што я раблю глупства. І мне нават не хацелася мець зносіны з сябрамі, бо ўсе яны паўтаралі толькі адно. Але я камунікабельная, знайшла людзей, якія мяне зразумелі і падтрымалі. Кола зносін вельмі змянялася. Але нават цяпер сустракаюцца людзі з рэакцыяй тыпу «а як такое магчыма?».
Што мне тады дапамагло не зламацца? Каханне. Я была такая закаханая і адчувала, што раблю так, як мне падказвае сэрца. Як гэта магчыма — адмовіцца ад таго, чаго я жадаю? Я не магла адмовіцца ад сваіх пачуццяў. Гэта быў сур'ёзны крок, але каханне дапамагло яго зрабіць.
— Некалькі гадоў таму, калі Аляксей пачаў спартыўную кар'еру, мы пераехалі з Оршы ў Мінск. У нас тады была маленькая Даша, і я была цяжарная сынам. Многія здзіўляюцца, што я такая рашучая. А я проста вырашыла, што хачу памяняць жыццё, што нам патрэбны перспектывы. Нават калі мы жылі ў Оршы, нам ніхто не дапамагаў. Мы вырашылі, што і ў Мінску справімся сваімі сіламі. Нам абодвум пастаянна хочацца большага, трэба ісці наперад. А ў Оршы мы нібыта спыніліся на адным месцы. І ўсё добра склалася, нават заўважылі знакі лёсу і так вось адважна пераехалі. Канешне, было нялёгка. Спакушалі думкі, ці не вярнуцца назад: у Оршы ж усё-такі родзічы. Здаралася, што не было з кім пакінуць дзіця. Вырашылі браць няню, але мне ніхто не падабаўся, я не разумела, як пакідаць дзіця з чужым чалавекам. І выпадкова мы пазнаёміліся на вуліцы з цудоўнай няняй, якая мне спадабалася.
Калі мы жылі ў Оршы, Аляксея ўжо запрашалі на некалькі збораў у Мінск. І ён жыў там адзін, а я заставалася ў Оршы. А пасля пераезду мы сабраліся ўсе разам. Побач басейн, усё зручна. Вядома, я яго падтрымала, не пабаялася цяжкасцяў.
— Увесь наш быт ляжыць на маіх плячах. Калі Яраслаў быў зусім маленькі, я поўнасцю ім займалася, а Аляксей дапамагаў са старэйшай дачкой. Цяпер, калі сын падрос, то муж выходзіць з дзецьмі на вуліцу ці можа застацца з імі дома. Але нават калі дзеці былі зусім малымі, мы знаходзілі выйсце. Я клала малога ў каляску, Аляксей жа акуратна яго калыхаў, глядзеў за ім. Мы стараемся часцей адпачываць, кудысьці выходзіць, напрыклад павячэраць недзе ў горадзе, каб я вечарам не гатавала. Мы не фанацеем па парадку ў кватэры. Дзеці раскідалі цацкі — вечарам разам з імі прыбяром.
Калі я разумею, што стамляюся ад быту, што падступае выгаранне, я пераключаюся. Рыхтавалася да цэнтралізаванага тэсціравання, паступіла ва ўніверсітэт, абавязкова займаюся сабой, хаджу ў трэнажорны зал. Мамам неабходна праводзіць час без дзяцей, траціць яго на сябе. Нічога страшнага, калі адзін дзень дзіця паесць макарону з сасіскамі, а мама сходзіць на трэніроўку. Тым больш што нашы дзеці ўжо падраслі, і Аляксей можа спакойна застацца з імі адзін.
Мой галоўны прынцып як маці — прыслухоўвацца да дзяцей. Людзі старэйшага пакалення кажуць, што такім чынам можа распесціць дзіця. Але я лічу, што трэба слухаць малых, улічваць іх пажаданні і характары, у межах разумнага, канешне. І важна знаходзіць з імі кампраміс, а не сварыцца. Мая мама часам дзівіцца, чаму дзеці не могуць уседзець на месцы. А чаму дзеці павінны сядзець на месцы? У іх павінна быць свая прастора, іх трэба чуць, каб вырасціць упэўненага ў сабе чалавека.
Наша Даша захапляецца танцамі. Пэўны час займалася спортам, але гэта не для яе характару, а мы і не прымушаем. Яраслаў у свае чатыры гады вельмі добра трымае ўдар, яны часам з татам, гуляючы, баксіруюць. Магчыма, аддадзім яго ў адпаведную секцыю. А яшчэ ён захапляецца ўсім ваенным — тэхнікай, формай, салдатамі, нават ваенныя песні любіць. Можа, гэта дзіцячае захапленне і вырасце ў нешта сур'ёзнае. Дзяцей трэба чуць. У мяне цудоўныя адносіны са старэйшымі сынамі Аляксея, мы адразу пасябравалі. Да дэкрэту я працавала зубным фельчарам, лячыла зубы нават дзецям. І пасля прыезду з Амерыкі Аляксей прывёў хлопчыкаў да мяне на прыём. Калі жылі ў Оршы, яны часта да нас прыязджалі. Цяпер, на жаль, прыязджаюць радзей.
На мой погляд, самае цяжкае ў сямейным жыцці — гэта саступаць адно аднаму. Мы з Аляксеем зусім розныя, як інь і ян. Я падтрымліваю і дапаўняю яго, ён — мяне. Без яго я ўжо не той чалавек. І яму варта ў мяне павучыцца пэўнай мяккасці. Саступаць і прыслухоўвацца адно да аднаго вельмі важна. Канешне, як і ў любой сям'і, у нас бываюць канфлікты. Асабліва шмат іх здаралася падчас каранавіруса, калі мы суткамі сядзелі дома. Гэта было цяжка.
У чэрвені ў нас была гадавіна — 10 гадоў, як мы разам. За гэты час я многаму навучылася, вельмі змянілася. Раней я была няўпэўненая, маўклівая і нават лянівая. Але побач з моцным чалавекам многаму вучышся, цягнешся за ім.
— Як ні дзіўна, але я ніколі не слухаю выступленні мужа, я нават не прысутнічала ні на адным з яго трэнінгаў. Аляксей гэтага не любіць. Ён сказаў, што будзе саромецца выступаць, калі я раптам захачу паслухаць. Ён не абмяркоўвае са мной сваё выступленне. Максімум можа расказаць, як усё прайшло, ужо пасля. А так я не ўмешваюся, гэта яго асабістая прастора перад тысячамі людзей. Калі мне становіцца цяжка, то я прашу, каб ён правёў са мной асабісты трэнінг. Мы размаўляем, і становіцца лягчэй. Магчыма, у будучыні я сама стану спікерам. Мне ёсць што расказаць людзям і чым з імі падзяліцца. Але гэта пакуль толькі думкі.
А вось спаборніцтвы Аляксея, я, канешне, гляджу. Спадзяюся, што ў будучыні змагу яго суправаджаць на турнірах. Дзяцей ужо можна спакойна пакідаць у бабуль. А мы хочам, каб я магла ездзіць разам з мужам.
— Лічыцца, што за кожным вялікім мужчынам стаіць вялікая жанчына. Не магу сказаць, так гэта ці не. У мяне доўгі час была нізкая самаацэнка, таму я хутчэй з гэтым не пагаджуся. Але нешта ўва мне ёсць, напэўна. Я з дзяцінства адчувала сябе не такой, як усе, мне не падабалася тое, што падабалася ўсім, — ад музыкі да адзення. Інтарэсы былі іншыя. У нас нават вяселле было нестандартнае. Проста распісаліся і пайшлі з сябрамі ў кафэ. Нават пярсцёнкамі не абменьваліся. Тады я не знайшла пярсцёнка, які б мне спадабаўся. Ды я была цяжарная, пальцы ацякалі.
Зараз я адчуваю, што я моцная. Раней я гэтага не адчувала, а цяпер зразумела. Не кожная жанчына вытрымала б такі лад жыцця, пры гэтым маючы свае інтарэсы і радуючыся жыццю. Я існую і асобна ад мужа, у мяне ёсць свае справы, свае захапленні.
Аляксей і да сустрэчы са мной нядрэнна жыў. Памятаю, быў момант, калі яму трэба было на некалькі месяцаў з'ехаць у Амерыку і пакінуць мяне, цяжарную, дома. І ён не паехаў, каб быць побач, назіраць, як праходзіць цяжарнасць.
Магчыма, калі б не я, у яго не было б такой матывацыі. Я настаяла, каб ён кінуў курыць, прапанавала правільна харчавацца. Ён таксама многаму мяне навучыў. Жанчына вельмі шмат дае свайму мужчыну, і ў кожнай сям'і вельмі многае залежыць ад жанчыны.
Валерыя СЦЯЦКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-i-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/alyaksey-talay
[5] https://zviazda.by/be/tags/syamya
[6] https://zviazda.by/be/tags/gramadstva