Ужо зусім хутка на вуліцах Віцебска запануе свята творчасці, сяброўства і лета, бо з 15 да 18 ліпеня горад прымае юбілейны ХХХ Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Разам з жыхарамі паўночнай сталіцы і гасцямі свята Белтэлерадыёкампанія таксама завітае на культурны форум, а яшчэ прапануе сваёй аўдыторыі трансляцыі галоўных музычных праграм.
У інфармацыйных выпусках на тэлеканале «Беларусь 1» увага культурных карэспандэнтаў Агенцтва тэлевізійных навін будзе засяроджана на падзеях фестывалю, які абяцае сёлета парадаваць публіку насычанай праграмай тэатральных пастановак і кінапаказаў, тэматычнымі экскурсіямі, некалькімі арт-пляцоўкамі і доўгачаканымі выступленнямі любімых артыстаў з розных краін. Раніцы будняў форуму 15 і 16 ліпеня на «першай кнопцы» зробяць па-сапраўднаму добрымі вядучыя шоу «Добрай раніцы, Беларусь!», студыя якога размесціцца непасрэдна ў фестывальнай сталіцы. Рыхтуе каманда і сюрпрызы, адным з якіх стане штодзённы дайджэст «Славянскага базару ў Віцебску» ў выглядзе вячэрніх відэадзённікаў.
Цэнтральнай эфірнай падзеяй на «Беларусь 1» будзе серыя трансляцый галоўных канцэртных праграм фестывалю і ХХХ Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2021». У першы дзень форуму 15 ліпеня на канале пакажуць вялікі гала-канцэрт урачыстага адкрыцця «Базару» з выступленнямі зорак сусветнай велічыні, а 16 ліпеня нас чакае паказ праграмы «Душа народа — песня» святочнага гала-канцэрта «Саюзная дзяржава запрашае...» пры ўдзеле Нацыянальнага акадэмічнага народнага хора Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча, Дзяржаўнага акадэмічнага рускага народнага хора імя М. Я. Пятніцкага ды іншых вакальных калектываў і знакамітых артыстаў.
А 17 ліпеня ў 20.00 гледачы змогуць падтрымаць прадстаўніка нашай краіны на ХХХ Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2021» Данііла Мышкаўца падчас прамой трансляцыі першага дня творчага спаборніцтва. Пачуем праграму «Сусветны хіт» у суправаджэнні шоу-балета Алы Духавай «Todes». На наступны дзень 18 ліпеня прыхільнікаў фестывалю чакае паказ гала-канцэрта майстроў мастацтваў Беларусі «Крок by крок», а ў 22.00 прамая трансляцыя ўрачыстага закрыцця юбілейнага «Славянскага базару» з выступленнямі ўдзельнікаў дарослага міжнароднага конкурсу ў рамках праграмы другога дня творчага спаборніцтва «Славянскі хіт» і ў суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь.
У эфіры «Беларусь 3» пра ўсе асноўныя падзеі фестывальнага Віцебска будуць распавядаць у праекце «Навіны культуры», а 17 і 18 чэрвеня ў 15.00 увазе аўдыторыі прадставяць выступленні ўдзельнікаў ХІХ Міжнароднага дзіцячага музыкальнага конкурсу «Віцебск-2021», дзе нашу краіну прадставіць Канстанцін Мазуркевіч. У першы дзень ён выканае песню кампазітара нашай краіны на роднай мове, а ў другі — песню на выбар. А дапоўняць выступленні канкурсантаў нумары харэаграфічных калектываў. І 18 ліпеня тэлеканал пакажа ў прамым эфіры ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання пераможцаў дзіцячага конкурсу і гала-канцэрт майстроў эстрады. Таксама на «Беларусь 3» 17 ліпеня ўбачым і паказ адкрыцця культурнага форуму, а 18 ліпеня — канцэртную праграму «Саюзная дзяржава запрашае...».
Алена ДРАПКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/vicebsk
[5] https://zviazda.by/be/tags/slavyanski-bazar
[6] https://zviazda.by/be/tags/svyata-tvorchasci
[7] https://zviazda.by/be/tags/kulturny-forum