Кожны нумар часопіса «Алеся» дорыць чытачам цікавыя сустрэчы з жанчынамі Беларусі, яркімі асобамі, таленавітымі кіраўнікамі і ашчадлівымі гаспадынямі. Ліпеньскі часопіс таксама ў гэтым шэрагу.
Наталля Уладзіміраўна Карчэўская — рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, актыўны член Беларускага саюза жанчын, мудры педагог, клапатлівая жонка і маці. Адкуль браць энергію і сілы, каб спраўляцца з усімі сацыяльнымі ролямі «на выдатна»? Як знайсці прымяненне сваім талентам і быць карысным людзям? І чаму асабістае шчасце любіць цішыню? Пра гэта і не толькі — аповед Наталлі Карчэўскай для чытачоў «Алесі».
Такіх спецыялістаў у Беларусі адзінкі. За амаль пяцьдзясят гадоў работы Галіна Уладзіміраўна Кірэева ўжо навобмацак, па ўласцівасцях паперы, асаблівасцях шрыфту, гравюр, вокладкі, вадзяных знаках можа вызначыць, у якім стагоддзі і якой краіне выдадзена тая ці іншая старадрукаваная кірылічная кніга. Ёй дастаткова аднаго погляду, каб адрозніць «Псалтыр», «Часоўнік» ад «Часаслова» і інш. Паметкі на палях, экслібрысы, аўтографы — усё гэта для Галіны Кірэевай тыя ўказальныя знакі, якія дазваляюць прасачыць шлях кнігі, яе ўласную гісторыю.
Колькасць разводаў, на жаль, у кожным пакаленні становіцца ўсё большай. З чым гэта звязана? Якія новыя фактары сёння ствараюць пагрозу для шлюбных адносін? У якіх выпадках за сям'ю абавязкова варта змагацца? І калі расстанне ўсё ж непазбежнае, як перажыць яго з найменшымі стратамі? Пра ўсё гэта разважае ў часопісе «Алеся» псіхолаг Таццяна Шаранда.
Ці ведаеце вы, што самым папулярным касцюмам з кіно даследчыкі моды называюць сукенку ў гарох Джуліі Робертс, у якой яна з'явілася на конным спаборніцтве ў фільме «Красуня»? Паводле задумы рэжысёра, сукенка павінна была прадэманстраваць пераўвасабленне грубаватай Вівіян у сапраўдную лэдзі. А прыдумала такі вобраз мастачка па касцюмах Мэрылін Вэнс: выбраўшы сукенку ў гарох, яна дадала да яе белыя пальчаткі і элегантны капялюш. Фільму «Красуня» ўжо больш за 30 гадоў, але і сёння ўбор Вівіян — адзін з самых запатрабаваных у пакупнікоў інтэрнэт-крамы «Мой Галівуд».
І гэта невыпадкова. Сукенка ў гарох — вытанчаная класіка, якая ніколі не страціць актуальнасці. Такі строй падыдзе і для заняткаў ва ўніверсітэце, і для работы ў офісе, і для кактэйльнай вечарынкі, і для спаткання — усюды ён будзе дарэчы. Сёння ўзор «гарох» — зноў сярод самых модных трэндаў, але тут ёсць і свае адметнасці. Якія? Пра гэта чытайце ў «Алесі».
Колькі вады піць, каб не нашкодзіць здароўю? Урачы-дыетолагі кажуць, што ў кожнага чалавека свая норма, якая неабходная арганізму для падтрымання водна-салявога балансу на працягу сутак. І такая норма залежыць ад характару і цяжкасці выконваемай работы, ад бытавых умоў, надвор'я і пары года, а таксама ўзросту.
У сярэднім даросламу чалавеку ў камфортных умовах неабходна 35—40 мл вады ў суткі на 1 кг масы цела. Гэта прыкладна 2—2,5 літра пры рабоце сярэдняй цяжкасці. Ва ўмовах спёкі і пры знясільваючай рабоце пад пякучым сонцам пітная норма можа дасягаць 4 літраў. Спажываць менш за норму непажадана. Чаму? Даведаецеся пра гэта з артыкула ў часопісе.
Джогінг — слова моднае, з'явілася ў нас нядаўна, паходзіць ад англійскага joggіng — бег як «шарканне». На самай справе большасці з нас джогінг добра знаёмы. Гэта бег трушком, або лёгкі бег з хуткасцю 7—9 кіламетраў за гадзіну, што крыху хутчэй за звычайную хаду (4—6 кіламетраў за гадзіну). Для людзей старэйшага ўзросту гэта адзін з самых даступных відаў фізічнай нагрузкі і актыўнага адпачынку. Каму падыходзіць джогінг? Якія ёсць абмежаванні? Якія ландшафты лепш выбіраць? Пра ўсё гэта расказваецца ў нашым часопісе.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/teletydzen
[3] https://zviazda.by/be/tags/chasopis
[4] https://zviazda.by/be/tags/alesya-1
[5] https://zviazda.by/be/tags/anons