Летам тут любата: стракозы, матылькі, кветкі, зеляніна. Зусім не хочацца вяртацца ў горад, які дыхае гарачым асфальтам. Святлана патэлефанавала мне некалькі тыдняў таму. У іх з Анатолем дамашняй гаспадарцы папаўненне: карова Міра нарадзіла Зорачку. Нават імя прыдумваць не прыйшлося — яно ў яе на лбе было «напісана». Такая белая плямка — зорачка, адным словам. Святлана падзялілася радасцю, паабяцала, што напоіць дамашнім малаком і накорміць клубніцамі. Пакуль збіралася, ягады адышлі. Затое Зорачка падрасла і з задавальненнем пазіравала на камеру. Што з яе ўзяць, адразу відаць — дзяўчынка.
У будні дзень застаць разам сям'ю складана. Анатоль працуе ў Бялыніцкім камунгасе, а Святлана — у раёнцы «Зара над Друццю». Ад Вішова да Бялыніч 20 хвілін язды, і гаспадыня сустракае мяне дома са сваім малодшым сынам Валерам. Сям'я жыве на адной з утульных вуліц аграгарадка. Ён знакаміты тым, што тут знаходзіцца цэнтральная сядзіба квітнеючага калгаса «Радзіма», якім кіруе вядомы на ўсю Беларусь Аляксандр Лапацентаў.
Лёс у Святланы пакручасты, шмат чаго прыйшлося перажыць за кароткі перыяд жыцця. Ёй быў усяго 21 год, калі яны з Мікалаем — яе першым мужам — пабраліся шлюбам. Яму наогул толькі 20 споўнілася. Святлана ўспамінае, як рамантычна яны сустрэліся. Сама яна родам з вёскі Васількі. Там жа, як потым аказалася, жыла і бабуля Мікалая. Лета ў той год было амаль такое ж спякотнае, як сёлета. Вечарам яна пайшла купацца на возера і ўбачыла, што на другім беразе малады хлопец плавае на вялікай надзьмутай шыне. Ён таксама звярнуў на яе ўвагу. Падплыў, пазнаёміліся, і, калі развітваліся, было шкадаванне. Хлопец сказаў, што служыць у арміі і прыехаў да бабулі на адпачынак. Святлане Мікалай спадабаўся, але чакаць яго не прапанаваў. Падумала, што ён зусім не падобны на таго Анатоля, за якога яе сватала сяброўка. Толік наогул ёй не прыйшоўся даспадобы. А за Мікалая, напэўна, і замуж пайшла б, калі б паклікаў. Але ён маўчаў. Не тое, што Святлана забылася пра сустрэчу, але вучоба, дамашнія справы зацягнулі. Пачуцці нагадалі пра сябе, калі яны зноў убачыліся ў Васільках. Ён запрасіў яе на дачу, яна пагадзілася, але не вельмі хацела ісці і здзівілася, калі ўбачыла ўсю яго сям'ю. Аказваецца, ён такім нестандартным спосабам вырашыў зрабіць ёй прапанову. На жаль, лёс падарыў ім толькі паўгода шчаслівага жыцця. Яна і цяпер стараецца не згадваць дзень, калі насустрач іх легкавушцы выехала на поўнай хуткасці смяротнае аўто. Мікалай быў за рулём і загінуў на месцы. А яе «хуткая» завезла ў рэанімацыю. Святлана была на шостым месяцы цяжарнасці. Наступствы аварыі далі пра сябе знаць: Кірыл нарадзіўся інвалідам. Ён прыгожы, вельмі падобны на бацьку, але рухаецца з цяжкасцю. Зараз ён студэнт МДУ імя Куляшова, будучы біёлаг-географ.
У Святланы былі ўсе шанцы застацца ў Магілёве, але яна паехала па размеркаванні працаваць у Вішоўскую бібліятэку. Нельга сказаць, што гэта яе ўзрадавала, толькі жыццё так моцна яе выпрабавала, што сіл змагацца з ім не было. Ад Вішова да любімых Васількоў — некалькі кіламетраў, але з Васількамі было скончана. З маці былі праблемы, а калі памерла бабуля, якая выхоўвала Святлану і яе старшую сястру, дом прадалі. На памяць яна толькі і паспела захапіць некалькі дарагіх сэрцу рэчаў. Сярод іх — дарэвалюцыйнае фота прадзеда, зухаватага марака, які, як расказвала бабуля, штурмаваў Зімні палац у Санкт-Пецярбургу падчас рэвалюцыі. Потым вярнуўся ў родныя мясціны і працаваў на росквіт тутэйшага калгаса.
Пра новае замужжа Святлана не думала. Ну каму патрэбна жанчына з дзіцем на руках, ды яшчэ інвалідам? Але, як той казаў, лёс на крывой кабыле не аб'едзеш. Сяброўка паклікала на свой дзень нараджэння і запрасіла таксама Анатоля, які Святлане некалькі гадоў таму не вельмі спадабаўся. На гэты раз яна ўбачыла яго іншымі вачыма. Ён, здавалася, вялікай цікавасці да маладой жанчыны не праяўляў, але пасля свята яны пачалі сустракацца. Праз тыдзень Анатоль прапанаваў жыць разам. Святлана паставіла ўмову: або ў загс, або «да пабачэння». Так, даволі прагматычна, яны сталі адной сям'ёй. Ёй — 27, яму — 30, самы падыходзячы ўзрост, каб скарыстацца магчымасцю паспрабаваць жыць з чыстай старонкі.
А калі ў іх нарадзіўся Валера, жыццё, здаецца, нарэшце памяняла фарбы на больш радасныя. Яны і дом вось гэты купілі. Святлана сама выбірала, спадабалася месца. Тое, што стары, не бяда. У Анатоля рукі залатыя. Вунь і лазенку адбудаваў, печку на сучасны лад склаў, вышкі зрабіў, каб сена на зіму для Міры нарыхтаваць. Гаспадар, адным словам. У іх у двары і маленькі трактарок стаіць. Агарод не малы — 25 сотак. Трэба і ўзараць, і абагнаць. З братам дах перарабіў, зараз у сенцах прыгажосць наводзіць.
— І гэта яшчэ толькі пачатак нашых пераўтварэнняў, — радуецца Святлана.
Святлана бярэ кавуновыя скарынкі, і мы ідзём да загона, частаваць карміцельку:
— Міра, ідзі сюды, — кліча яна жывёлу, і тая паслухмяна спяшаецца насустрач.
Пад нагамі круціцца чарнавухая Ліза — дварняк, чымсьці падобны на спаніэля. Такія ж доўгія шаўкавістыя вушы. Яшчэ адзін сабака брэша на ланцугу. У Лізы шчаняты, і яна перыядычна паказвае мне свае дробныя зубы. Маўляў, глядзі, калі што... Насамрэч яна вельмі добрая: Мурзіка, які восенню кацянём прыблудзіўся да іх дома, узяла пад сваю апеку. Цікава, што ён такой жа расфарбоўкі — чорна-белай, як і ўсе астатнія жывёлы ў гэтым доме. Мурзік таксама знайшоў прымяненне ў гаспадарцы. Сёлета клубніцы ад птушак ахоўваў.
— Для мяне вёска — гэта цікавасць, жыццё, заўсёды нешта новае, — прызнаецца Святлана. — Цяпліцы ў нас кожную вясну стаяць па-іншаму, мы не можам прадказаць, якая культура ў нас вырасце, якое лета будзе. Кожны раз як у першы клас. З суседкамі падзялілася, нешта новае вырасла. Кожны вечар хаджу кветкі нюхаць. Бывае, на рабоце стамлюся, дамоў прыйду, нічога не хочацца, а градкі супакойваюць. Паела суніц, і ўжо іншы настрой. Рэлаксацыя поўная. Зямля сілы дае ў прамым сэнсе. Мы робім усё з задавальненнем, таму і даглядаць гаспадарку няцяжка. Устаём а 6 гадзіне, я раблю перакус, муж ідзе даіць карову. На работу абодвум на восем. Вечарам а палове на шостую ўжо дома. Муж траўкі накосіць...
Гаспадыня запрашае ў хату і частуе блінамі з дамашнім маслам. Раніцай паспела збіць паміж справай. Спрабую і атрымліваю сапраўдную асалоду. Яго ні з якім магазінным не параўнаць. На заробак Святлана з Анатолем не скардзяцца — нават па гарадскіх мерках нядрэнны, але без каровы і агарода, прызнаюцца, было б цяжка. Яны і карову спецыяльна набылі, калі палічылі, колькі грошай ідзе на прадукты. Гэта зараз старэйшы вучыцца ва ўніверсітэце, а раней на сям'ю прыходзілася ў дзень купляць некалькі бутэлек малака, не лічачы масла, смятаны і ўсяго астатняга.
Агарод для Святланы не катарга, як для некаторых, а пляцоўка для творчасці. Тут у яе ўперамешку і кветкі, і садавіна з гароднінай. Зараз у паветры стаіць дурманны пах лілій. А восенню зацвітуць вяргіні. У Святланы іх кустоў 10. На градках спеюць бульба, буракі, капуста, цыбуля, морква, памідоры, цыбуля эксібішэн: цыбуліна да 600 грамаў вырастае!
А клубніц сёлета было столькі, што частку нават атрымалася прадаць. Лішняя капейка сям'і не пашкодзіць. Дадатковы даход прыносіць сад. Яблыні, грушы, вішні — дрэў 20, плюс кусты.
— Закрутак шмат раблю, — тлумачыць Святлана. — У асноўным агуркі, памідоры і кампоты. Я іх закручваю, дарэчы, з 8 класа.
Пад вокнамі дома — невялічкая зона адпачынку з вінаграднікам, тут жа месца для мангала. А на пустым кавалачку зямлі сужэнцы збіраюцца сажалку зрабіць і туды карася запусціць.
— Таму што няма калі, — смяецца суразмоўніца. — Летам на агародзе цэлы дзень. А зімой вяжу і кнігі чытаю. Бабуля навучыла вязаць дыванкі са старых рэчаў. Вельмі карысны занятак. А з нітак вяжу шкарпэткі, рукавіцы, шапкі, шалікі.
У доме багатая бібліятэка. Караткевіч — любімы пісьменнік Святланы. Яго «Каласы пад сярпом тваім» яна прачытала ў 9 класе і была ў захапленні. А ў кнізе «Васільковае поле Айчыны», якая прэзентавана на Дні пісьменства ў Бялынічах летась, ёсць аповед самой Святланы. І «Звязда» для яе не чужая. У 2014-м яе твор быў надрукаваны на старонках выдання і заняў 1-е месца ў конкурсе апавяданняў. Калі прыехала за прызам, усе былі ў шоку ад таго, што звычайны карэктар раённай газеты змагла такое напісаць. У конкурсе ўдзельнічалі пісьменнікі, якія па некалькі кніг ужо маюць. Яна на іх фоне была белай варонай. Яны нават не верылі, што ў яе, пачаткоўца, адразу так добра атрымалася.
— Я доўга пісала гэта апавяданне, месяцы два, правіла, шліфавала, — расказвае Святлана. — Вельмі люблю пісаць пра людзей, якія чымсьці займаюцца. Яшчэ адзін аповед пра Афганістан у «Полымі» надрукавалі. Там амаль усё праўда. Мужчына, калі мне гэта расказваў, плакаў. І я — разам з ім. Журналістыка дапамагае знайсці гісторыю, а з яе вырастае аповед або верш.
— Я ж пасля школы марыла толькі пра горад, думала, што ў вёсцы адны няўдачнікі ды невукі застаюцца, — прызнаецца Святлана. — Калі вярталася на радзіму, ехала, і ў грудзях ком сядзеў. Але жыццё часта мяняе нашы погляды. Зараз мяне ніякім абаранкам у горад не завабіш. Я туды толькі па справах езджу. Тут мая сям'я, мой дом, мая гаспадарка. Нашы дзеці ведаюць, што малако ад каровы, а не з крамы. Калі малады, пра гэта не думаеш. Асабліва калі вакол усе падбухторваюць: едзь у горад, там сапраўднае жыццё! Раней думала толькі пра тое, каб зарабіць больш грошай. Цяпер жыву ў задавальненне, мне падабаецца работа, і вострай неабходнасці ў вялікіх грошах няма.
Святлана з Анатолем — вернікі, кожную нядзелю ходзяць у царкву. Прызнаюцца, што вера цалкам змяніла іх светапогляд, у тым ліку наконт вёскі. А прыйшлі яны туды выпадкова.
— У нашага пастара прозвішча таксама Магілеўчык, — успамінае Святлана. — Сяброўка, праз якую мы і пазнаёміліся з Анатолем, паехала ў Германію. Яна мне лісты слала, а іх памылкова насілі пастару. Аднойчы пастар з жонкай прынеслі лісты, і мы разгаварыліся. Пайшлі ў храм з цікавасці і хутка зразумелі, што без гэтых сустрэч жыць не можам.
У нейкі момант адчулі, што павінны быць там. Мы з мужам усяго тыдзень былі знаёмыя да таго, як вырашылі жыць разам, потым маглі б развесціся разоў 300, але вера дала новыя сілы, памяняла самаацэнку. Зараз ёсць матывацыя, цікавасць. І кожны дзень прыносіць радасць.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара
Бялыніцкі раён
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-magileuchyk
[4] https://zviazda.by/be/tags/vyoska
[5] https://zviazda.by/be/tags/gorad
[6] https://zviazda.by/be/tags/gaspadarka