У сталіцы прайшла сустрэча Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь з членамі ўкраінскай палітычнай партыі «Апазіцыйная платформа — За жыццё», якія прадстаўляюць органы самакіравання Адэскай вобласці Украіны.
— Беларусы і ўкраінцы — блізкія народы, народы брацкія, іх аб'ядноўвае не толькі агульная гісторыя, але і, упэўнены, агульная сучаснасць. Перакананы на сто працэнтаў, што нас аб'ядноўвае і вялікая будучыня, — адзначыў старшыня Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Ягор МАКАРЭВІЧ. — Важна, што нягледзячы на ўсе знешнія фактары мы маем добрыя адносіны. Славянскія народы адзіныя, разрываць іх нельга. Мы бачым, што палітычная кан'юнктура нівеліруецца: дыялог ідзе — на ўзроўні сяброўскіх сувязяў, сямейных. «Славянскі базар у Віцебску», які нядаўна завяршыўся, таксама прадэманстраваў, што міжнацыянальная згода захаваная, нягледзячы на ўсе знешнія фактары.
— Перш за ўсё, мы павінны разумець, што мы родныя, мы разам і павінны знаходзіць агульныя падыходы. Гэта вельмі важна, — падкрэсліў дэпутат Адэскага гарадскога Савета Уладзімір КАРНІЕНКА. — Чым багацейшыя нашы краіны і чым мацней мы будзем трымацца адзін за аднаго, тым будзе лепш для жыхароў і нашых гарадоў, і нашых дзяржаў. Я не раз выступаў у публічнай плоскасці ва Украіне ў падтрымку Беларусі і лічу, што ў вас краіна незалежная і ў сваіх пытаннях вы павінны разбірацца самастойна. Краіны, якія мяжуюць з Беларуссю, павінны ў першую чаргу думаць аб эканамічнай узаемнай выгадзе, а не ўмешвацца ў палітычныя сваркі.
Ягор Макарэвіч звярнуў увагу, што партыя «Апазіцыйная платформа — За жыццё» адна з нямногіх, якая пасля леташніх жнівеньскіх падзей у нашай краіне падтрымала ў Вярхоўнай Радзе Беларусь і асудзіла спробу дзяржаўнага перавароту, змены канстытуцыйнага ладу: «Нам вельмі важна, што сёння ёсць разумная апазіцыя і людзі, гатовыя выказваць выразную пазіцыю па гэтым пытанні. Але для нас, беларусаў, вельмі важна, што ёсць палітыкі з боку вядучых партый Украіны, гатовыя выбудоўваць дыялог паміж нашымі краінамі».
Падчас сустрэчы абодва бакі абмеркавалі шырокі спектр пытанняў беларуска-ўкраінскага ўзаемадзеяння ў маладзёжнай палітыцы і выказалі зацікаўленасць у тым, каб працягваць сумесна працаваць па лініі грамадскіх структур.
Дар'я ШЛАПАКОВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/darya-shlapakova
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/apazicyynaya-platforma-za-zhyccyo
[4] https://zviazda.by/be/tags/sustrecha
[5] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[6] https://zviazda.by/be/tags/yagor-makarevich
[7] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-karninenka