Гэтым летам я даведалася пра людзей шмат новага. І спярша — пра сябе. Атрымалася гэта дзякуючы сустрэчы з маленькай істотай вагой 13,5 грама. Столькі важыла дарослая ластаўка-зямлянка, якую ў бездапаможным стане падабраў муж на паркоўцы сталічнага рынку «Ждановічы»: складаны пералом крыла.
У прыватнасці, даведалася, што ў Беларусі ёсць фермы па вырошчванні кармавых насякомых, і практычна ў любую мясціну іх могуць даставіць. А яшчэ — што людзей, якія падбіраюць траўмаваных або аслабелых птушак, не так і мала. Сёлета адных толькі стрыжанят выратоўвала больш за 500 чалавек. І большасць з іх, як і я, не падазравала, што будуць гатовыя гадзінамі шукаць у інтэрнэце інфармацыю пра асаблівасці рацыёну насякомаедных, не спаць начамі і цалкам адкінуць гідлівасць да гіганцкіх тараканаў... Інакш кажучы, будуць гатовыя на ўсё, каб дапамагчы нябесным стварэнням, якія строгім позіркам заглядаюць у самую глыб неспакойнай чалавечай душы.
Гэта ўсё пра тых, хто ўпершыню сутыкнуўся з жыхаром неба, які апынуўся на зямлі. Аказалася, ёсць беларусы, што ратуюць крылатых братоў нашых меншых на працягу многіх гадоў. Яны праходзяць розныя стадыі: ад суцэльнага самаахвяравання да супраціўлення і спроб выбудаваць межы, але ўжо не могуць жыць без той невытлумачальнай сувязі з птушкамі. Гэты аповед — пра тое, як птушкі ўваходзяць у жыццё людзей, і пра тое, што атрымліваецца пасля.
Першая птушка ў жыцці фатографа і бёрдвотчара Марыны Серабраковай з’явілася ў 16 гадоў — хвалісты папугай. Ужо тады дзяўчына зразумела, што гэта паўнацэнны член сям’і, у якога ёсць характар, пэўны тэмперамент, якому патрэбныя ўвага і адмысловае харчаванне.
Гадоў праз пяць яна падабрала грака з паламаным крылом. Марына стала шукаць інфармацыю па доглядзе дзікай птушкі, бо з ёй было ўсё інакш. «Дзікія птушкі непрыстасаваныя да жыцця ў кватэры, да суіснавання з чалавекам: ён для іх — вораг, і ўся сітуацыя — стрэс», — кажа бёрдвотчар.
Знайсці агульную мову з граком дапамаглі вывучэнне зоапсіхалогіі, цярпенне і час — на ўсё спатрэбілася паўгода.
Марына называе дзве істотныя праблемы, з якімі некалі сутыкнулася: «У 2010-х гадах у Беларусі немагчыма было знайсці ветэрынараў — арнітолагаў з вопытам. На дзяржаўнай ветэрынарнай станцыі грака зблыталі з варонай. Другая праблема — адносіны людзей, якія жывуць разам з табой, да акалічнасцяў знаходжання дзікай птушкі ў кватэры». Напрыклад, грак, калі асвоіўся, стаў спяваць, і любіў сустракаць сваёй песняй світанне.
«Потым пайшло-паехала», — коратка апісвае жыццё пасля сустрэчы з граком Марына. З таго часу ў яе жылі дзясяткі дзікіх птушак розных відаў. Самыя шчаслівыя гісторыі — калі крылатага кватаранта ўдаецца вярнуць у дзікую прыроду. Але не менш натхняльныя і тыя, дзе птушка выкараскваецца з кіпцюроў смерці і становіцца сябрам чалавеку.
Марыне ніколі не забыць, як, здавалася, безнадзейна траўмаваны канюк — драпежнік з размахам крылаў больш за метр — змагаўся за жыццё. «Вельмі кранальна было назіраць спробы птушкі станавіцца на лапы. Спачатку магла стаяць секунду, але з кожным днём дадавалася яшчэ трохі часу, потым яна стала спрабаваць рухаць лапамі, нарэшце, зрабіла пару крокаў», — з пяшчотай успамінае суразмоўніца.
Марына адмовілася купляць жывёлін у зоамагазінах, бо лічыць, што тых, каму патрэбна наша дапамога, — вельмі шмат проста на вуліцы. Сёння ў Марыны жывуць хвалісты папугай, які згубіў свой дом, палявы верабей і шэрая варона. Верабей трапіў да яе птушанём, пазней захварэў і за час лячэння стаў ручны.
«Цяпер гэта самае ласкавае, пяшчотнае „кацяня“, і я нават не ўяўляю, як жыла без яго, — прызнаецца Марына. — Ён прылятае на плячо або руку, „расплываецца“ або папраўляе мае валасы, размаўляе, адбірае ежу...»
У кожнага валанцёра і бёрдвотчара ёсць свае любімыя віды птушак. «З маёй шэрай варонай сапраўды цікава. Яна ўвесь час развіваецца, вучыцца нечаму новаму. Яшчэ яна надзвычай прыгожая», — расказвае Марына пра сваю любіміцу.
У гэтым сезоне Марына даглядала галубяня і шэрага дразда. Голуб вернуты ў прыроду, дрозд рыхтуецца да вылету на волю ў разлётным вальеры рэабілітацыйнага цэнтра «Сірын».
Марына мяркуе, што ў Беларусі каля 20 валанцёраў, якія маюць дастатковы вопыт абыходжання з дзікімі птушкамі. Кожны з іх не толькі сам даглядае і лечыць крылатых, але і курыруе ад дзясятка да некалькіх соцень чалавек, якія выходжваюць птушыных гадаванцаў.
Тым, хто ўпершыню падабраў птушку альбо збіраецца гэта зрабіць, Марына раіць перш-наперш звярнуцца ў грамадскую арганізацыю «Ахова птушак Бацькаўшчыны»: там праінструктуюць, як не парушыць закон, падкажуць, да каго звярнуцца па кансультацыю. Пры гэтым трэба разумець, што ў Беларусі няма прытулкаў для птушак-інвалідаў, няма цэнтраў, дзе птушак лечаць, і дагэтуль вельмі мала ветэрынараў-арнітолагаў.
Часта птушкам увогуле непатрэбная наша дапамога — лепш прайсці міма. Так бывае з подлеткамі — птушанятамі, якія вучацца лётаць, і якіх дакормліваюць бацькі пасля вылету з гнязда (выключэнне — стрыжы і галубы). Яшчэ адна памылка людзей — кармленне вадаплаўных птушак. Бёрдвотчар падкрэслівае: любых падкормліваць трэба, толькі калі ўстанавіліся маразы, ніжэйшыя за 10 градусаў. Пры гэтым нельга карміць хлебам (можна кашай, геркулесам). Усё іншае — толькі на шкоду, нават на бяду для птушак.
Першая птушка Кірыла Скіркоўскага — савянё. Гэта быў подлетак, якога нельга забіраць ад бацькоў, але знаёмыя Кірыла з-пад Ліды пра тое не ведалі, час быў упушчаны. Юнак птушаня падкарміў і адправіў у расійскі спецыялізаваны цэнтр падрыхтоўкі дзікіх жывёл да жыцця ў прыродзе.
Наступны свой вопыт малады чалавек атрымаў у цэнтры рэабілітацыі дзікіх жывёлін пад Мінскам, дзе быў валанцёрам каля года. Пазней ён і яшчэ два аднадумцы аб’ядналіся ў каманду, каб стварыць уласны цэнтр рэабілітацыі дзікіх жывёлін, у тым ліку птушак. Пакуль задума на ўзроўні праекта, пошуку сродкаў і распрацоўкі сайта. Але назва ўжо ёсць: «Цэнтр рэабілітацыі дзікіх жывёл «НЕСС». У марах Кірыла — максімальна наблізіцца да найлепшых узораў расійскіх і еўрапейскіх аналагаў.
У Беларусі ёсць два месцы, куды можна аддаць дзікую птушку, — прытулак пад Асіповічамі і цэнтр рэабілітацыі дзікіх жывёлін «Сірын» пад Мінскам. Гэтага недастаткова, каб якасна дапамагчы ўсім тым, хто мае патрэбу.
Кірыл кажа пра пляцоўку, дзе можна будзе аказваць першую дапамогу, лячыць, складаць рацыён, рыхтаваць да выпуску, выпускаць, адсочваць і весці статыстыку. «У нас не праводзяцца навуковыя даследаванні пра тое, як лепш рэабілітаваць, куды, калі, якім чынам выпускаць. Часта гэта робіцца наўздагад, — кажа ён. — На жаль, нашы ветэрынары не спецыялізуюцца на лячэнні дзікіх жывёлін».
Пра недахоп такіх спецыялістаў казалі ўсе мае суразмоўнікі. Ды і сама я сутыкнулася з гэтым.
Кірыл сёлета паступіў вучыцца на ветэрынара ў Маскву — там больш адпаведных профіляў.
Першая дзікая птушка Аляксандры Красій, лінгвіста і біёлага, — галубка са зламаным крылом. Гэта было амаль 20 гадоў таму. Потым было дзіцяня сарокі і адкрыццё магчымасцяў кансультацыі на інтэрнэт-рэсурсе. Падабраная на школьнай экскурсіі ў Каменцы галка засталася кульгавая, але пражыла ў яе 10 гадоў. З таўстадзюба распачаўся вопыт выкормлівання птушыных дзяцей. З 2014 года ў Аляксандры жыве другая галка, якая ўмее прамаўляць тры фразы і адчыняць скрыначкі з хітрымі замкамі.
Праз 10 гадоў пасля заканчэння школы і праз некалькі гадоў пасля выпуску з лінгвістычнага ўніверсітэта Аляксандра пры падтрымцы мужа ажыццявіла мару свайго дзяцінства — паступіла на біялагічны факультэт БДУ. Вучобу на дзённым аддзяленні сумяшчала з работай па першай спецыяльнасці: пасля заняткаў садзілася за пераклад дакументаў.
«Атрыманыя веды па біялогіі дапамагаюць лепш бачыць сітуацыю, — кажа яна. — Але самае каштоўнае падчас вучобы — практыка. Я размеркавалася на кафедру „Заалогія“, дзе ёсць выезды на навуковыя базы. Гэта шмат дало, бо з кніг ты ніколі не навучышся таму, што табе пакажа вопытны выкладчык у лесе».
Веды па лячэнні птушак валанцёр атрымлівае самастойна, і галоўны памочнік тут — вопыт. Кожная птушка з новай праблемай — нагода шукаць інфармацыю. Аляксандра з тых, каго не пужаюць складанасці. Свайго першага маленькага шчыгла яна вазіла на заняткі ва ўніверсітэт, каб не прапускаць гадзіны кармлення. Дыплом атрымлівала разам з голым яшчэ птушанём у сумцы. Ды і цяпер яна бярэ птушыных дзяцей з сабой у госці і вандроўкі. Са смехам расказвае пра леташняга вераб’я, якога хлопчык з невялікага гарадка падабраў і хаваў у шафе ад бацькоў. Верабей на ўсякі выпадак і ў Аляксандры таксама ўвесь час хаваўся: пад сурвэтку.
«Пліска, палявыя вераб’і, гіль, чыж... — пералічвае падапечных дзяўчына. — У вальер для разлёту аддаю толькі пасля таго як навучу іх самастойна харчавацца, у тым ліку лавіць жывых цвыркуноў». Сёлета яна гадавала 13 птушанят шпакоў і сем вераб’янят адначасова.
Паступова сітуацыя з дапамогай дзікім птушкам, якія трапілі ў бяду, у Беларусі змяняецца да лепшага, лічыць валанцёр. «Адна група ва „УКантакце“ па стрыжах чаго вартая („Спасение стрижей в Беларуси (статьи)“, сайт strіzh.by, аўтар — Ніка Пужук. — Аўт.), там ёсць інструкцыі практычна на ўсе выпадкі, — радуецца яна. — Колькасць трагічных для птушкі памылак у спробах чалавека дапамагчы змяншаецца. Усё часцей людзі спачатку шукаюць інфармацыю, а ўжо потым спрабуюць накарміць сваю „знаходку“. Звяртаюцца да валанцёраў па кансультацыю. Часцей удаецца папярэдзіць забіранне здаровых подлеткаў».
На жаль, з ветэрынарнай дапамогай прагрэс не такі відавочны. Напэўна, на гэта патрэбна больш часу, мяркуе Аляксандра. Да таго ж прапанова якаснай паслугі можа з’явіцца пры дастатковым попыце на яе.
Яшчэ адна станоўчая тэндэнцыя ў грамадстве: людзі, якія падабралі птушаня, але не могуць яго даглядаць з-за спецыфікі сваёй работы (наяўнасць у кватэры катоў і дзяцей — не аргумент, кажа Аляксандра, у якой ёсць два каты) аддаюць сваю знаходку валанцёру разам з кормам, потым цікавяцца лёсам гадаванца. У такіх выпадках яна запрашае апекуноў паўдзельнічаць у выпуску птушкі ў прыроду.
Сёлета Аляксандра пракансультавала некалькі дзясяткаў чалавек, якія падабралі дробных птушак. Непазбежная ў такой справе і прыкрасць: «На жаль, усё яшчэ сустракаюцца дзве крайнасці. Звоняць і кажуць пра траўміраваную птушку: калі не прыедзеце, я яе выкіну! Або знаходзяць здаровага подлетка, падказваеш вярнуць назад, а ў адказ — як так, там жа кошкі! Ну і што? А ведаеце, колькі драпежнікаў у лесе?!»
Як сустрэча з дзікай птушкай змяняе чалавека? Дорыць іншы погляд на навакольны свет, лічыць валанцёр. Пачынаеш заўважаць гнёзды на дрэвах, чуць птушыныя спевы, бачыць іх у небе, адрозніваць галасы...
«Па сутнасці, птушкі — гэта іншая форма жыцця, настолькі яны адрозніваюцца ад нас, і калі ты пачынаеш разумець іх, эмоцыі перапаўняюць. Разам з тым, паміж людзьмі і птушкамі шмат агульнага, — дадае біёлаг. — Напрыклад, візуальнае ўспрыманне навакольнага свету».
Нарэшце, птушкі робяць чалавека больш спагадлівым і адказным. І з гэтым нельга не пагадзіцца.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Фотаздымкі прадастаўлены героямі публікацыі
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/byordvotchar
[4] https://zviazda.by/be/tags/ptushki
[5] https://zviazda.by/be/tags/ratavanne-ptushak