У арганізме пасля 50-60 гадоў адбываюцца фізіялагічныя змены: запавольваецца абмен рэчываў, слабее перыстальтыка кішэчніка. Горш засвойваюцца карысныя рэчывы, інакш расходуецца энергія, запавольваюцца абменныя працэсы. Таму пажылым людзям неабходна перагледзець свой рацыён, каб адчуваць сябе камфортна. Урач-валеолаг Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Леанід МЯЛЕШКА распавёў пра тое, як трэба харчавацца з улікам гэтых асаблівасцяў.
— Сучасная навука аб рацыянальным харчаванні пажылых людзей — герадыетыка — узнікла невыпадкова. У арганізме сталага чалавека адбываюцца функцыянальныя і марфалагічныя змены, якія адбіваюцца на зніжэнні функцыі стрававальнай сістэмы. Зніжаецца вылучэнне стрававальных сокаў, змяншаецца, а затым знікае кіслотнасць страўнікавага соку. Запавольваецца рухальная функцыя кішэчніка, з'яўляецца схільнасць да запораў. Памяншаецца ўтварэнне ў падстраўнікавай залозе інсуліну, у крыві назапашваецца залішняя колькасць халестэрыну, які адкладваецца на сценках сасудаў і прыводзіць да развіцця атэрасклерозу, — кажа ўрач.
Трэба сказаць, што герадыетыка не забараняе ўжыванне любых прадуктаў. Аднак варта памятаць аб прынцыпах рацыянальнага харчавання.
— Найперш, яно павінна быць энергетычна збалансаванае, гэта значыць неабходна, каб калорыі, якія паступаюць з ежай, адпавядалі іх расходу. Нездарма ў старажытным Рыме на магіле чалавека, які пражыў 112 гадоў, быў надпіс: «Ён еў і піў у меру», — нагадвае доктар.
Антысклератычная накіраванасць рацыёну дасягаецца зніжэннем ужывання жывёльных тлушчаў і прадуктаў з павышаным утрыманнем халестэрыну (сметанковае масла, свініна, каўбаса, субпрадукты, яйкі, свіны тлушч) і ўжываннем большай колькасці раслінных алеяў (сланечнікавага, аліўкавага, ільнянога, соевага і іншага). Неабходна павялічваць ужыванне тварагу — да 100 грамаў, кісламалочных і морапрадуктаў — да 300 грамаў у дзень.
— Выкарыстоўвайце харчовыя прадукты, якія вызначаюцца лёгкай засваяльнасцю. Перавагу аддавайце рыбным і малочным стравам, а не мясным. Пажылым людзям рэкамендуецца да 100 грамаў на дзень нятлустага мяса (ялавічыны) і 75 грамаў рыбы. Аптымальнай кулінарнай апрацоўкай з'яўляюцца варэнне і тушэнне, бо пры смажанні ў алеі ўтвараюцца шкодныя для здароўя рэчывы. Штодзённая патрэба ў хлебабулачных прадуктах складае 300 грамаў, перавагу лепш аддаваць хлебу з мукі грубага памолу, — нагадвае Леанід Мялешка.
Звярніце ўвагу на дастатковае ўтрыманне ў рацыёне вітамінаў і мінералаў. Больш ужывайце гародніны, садавіны, свежавыціснутых сокаў. У свежай капусце змяшчаецца вітамін, які аказвае супрацьязвавае дзеянне. Морква змяшчае караціны і солі калію. Не грэбуйце цыбуляй і часнаком. Ужывайце не менш за адну дольку часнаку штодня.
А вось колькасць кухоннай солі варта абмежаваць да пяці грамаў у дзень, бо злоўжыванне ёю прыводзіць да павышэння артэрыяльнага ціску, ацёкаў і парушэння работы сэрца. Улічваючы ўзроставае зношванне інсулярнага апарату падстраўнікавай залозы, што прыводзіць да развіцця цукровага дыябету, неабходна абмежаваць ужыванне цукру да 30-40 грамаў у дзень. Патрэбу ў цукры лепш папаўняць за кошт складаных вугляводаў, якія змяшчаюцца ў гародніне, садавіне, хлебе, крупах.
Каву, шакалад, вяндліну, чорны чай, алкаголь ужывайце ў абмежаванай колькасці. Недапушчальнае пераяданне, парушэнне рэжыму харчавання.
Вялікае значэнне мае размеркаванне ежы на працягу дня па аб'ёме і каларыйнасці.
— Не забывайце пра народную мудрасць: «Сняданак з'еш сам, абед раздзялі з сябрам, вячэру аддай ворагу». Ранішняя ежа павінна ўтрымліваць 35-40 % дзённага рацыёну, абед — 40-45 %, вячэра — 15 %. Пераяданне на ноч парушае рытм работы страўнікава-кішачнага тракту, пагаршае адпачынак стрававальнай сістэмы, прыводзіць да парушэння сну, — кажа ўрач.
Пры гэтым ён адзначае, што харчаванне пажылога чалавека не павінна кардынальна адрознівацца ад харчавання людзей іншага ўзросту. Але, улічваючы ўзроставыя змены, усё ж варта крыху перагледзець свае звычкі ў ежы.
Алена КРАВЕЦ
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/harchavanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/pazhylyya-lyudzi
[6] https://zviazda.by/be/tags/abmen-rechyvau
[7] https://zviazda.by/be/tags/navuka