Аб гэтым распавёў «Звяздзе» Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Се СЯАЮН.
— Увечары 8 жніўня па мясцовым часе завяршыліся Алімпійскія гульні ў Токіа. Алімпійскія зборныя Кітая і Беларусі разам са спартсменамі іншых краін падтрымалі новы алімпійскі дух «хутчэй, вышэй, мацней, разам» і прадэманстравалі свету выдатныя спартыўныя вынікі, заваявалі ўзнагароды для сваёй Радзімы і свайго народа і ўнеслі новы ўклад у алімпійскі рух. Шчыра віншую ўсіх удзельнікаў алімпійскіх зборных Кітая і Беларусі, — адзначыў Се Сяаюн.
Летнія Алімпійскія гульні ў Токіа скончыліся, і мы набліжаемся да зімовых Алімпійскіх гульняў у Пекіне, які стане першым у свеце «горадам двух Алімпіяд», што прымаюць і летнія, і зімовыя Алімпійскія гульні, а таксама другой сталіцай, якая прыме зімовыя Алімпійскія гульні пасля праведзенай у 1952-м Алімпіяды ў сталіцы Нарвегіі Осла. Праз паўгода, у дзень пачатку вясны па традыцыйным кітайскім календары, спартсмены з усяго свету збяруцца ў Пекіне. Ад Токіа да Пекіна з канца лета да пачатку вясны на розных спартыўных арэнах запальваецца адна мара. Кітайская сталіца як «горад двух Алімпіяд» падорыць свету непаўторны «фестываль лёду і снегу».
Старшыня КНР Сі Цзіньпін удзяляе вялікую ўвагу падрыхтоўцы да зімовых Алімпійскіх гульняў у Пекіне і для правядзення Алімпіяды вылучыў чатыры канцэпцыі — «экалагічнасці, сумеснага падзелу, адкрытасці, сумленнасці». Прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах пахваліў гэтую новую канцэпцыю і ацаніў яе як «новы стандарт Алімпійскіх гульняў». Яна дэманструецца ва ўсіх дэталях ў працэсе падрыхтоўкі да зімовых Алімпійскіх гульняў у Пекіне і ўжо цяпер прынесла мноства плённых вынікаў.
— Зімовыя Алімпійскія гульні ў Пекіне будуць экалагічнай Алімпіядай. Кітай прытрымліваецца прыярытэту экалогіі, эканоміі рэсурсаў, беражлівага стаўлення да навакольнага асяроддзя, заклаўшы падмурак «прыгожага Кітая» для зімовых Алімпійскіх гульняў. Спартыўны цэнтр «Водны куб» ператворыцца ў «Ледзяны куб», спарткомплекс «Укэсун», які прызначаны для баскетбольных спаборніцтваў, за шэсць гадзін можна падрыхтаваць да спаборніцтваў на лёдзе. На ўсіх аб'ектах спаборніцтваў будзе выкарыстана стапрацэнтна экалагічна чыстая электраэнергія, — падкрэсліў Се Сяаюн.— На чатырох лядовых аб'ектах будуць выкарыстаны новыя хладагенты на аснове двухвокісу вугляроду. Зараз гэта самая экалагічна чыстая тэхналогія вытворчасці лёду ў свеце, пры прымяненні якой выкіды вугляроду блізкія да нуля.
Зімовыя Алімпійскія гульні ў Пекіне будуць Алімпіядай сумеснага падзелу. Кітай прытрымліваецца канцэпцыі сумеснага ўдзелу, сумесных намаганняў і сумеснага падзелу вынікаў. Падрыхтоўка да зімовых Алімпійскіх гульняў выклікала станоўчы грамадскі рэзананс. Кітай паскарае стварэнне пояса спартыўнага і культурнага турызму ў Пекіне і Чжанцзякоў, што актывізуе працаўладкаванне, рост даходаў, узбагачэнне народа. У раёне Чунлі горада Чжанцзякоў, дзе ў рамках зімовых Алімпійскіх гульняў у Пекіне будуць праводзіцца некаторыя спаборніцтвы, кожны пяты займаецца работай, звязанай з зімовымі відамі спорту. «Прыцягненне 300 мільёнаў чалавек да зімовых відаў спорту» стане важнай вяхой у гісторыі іх развіцця ў свеце.
Зімовыя Алімпійскія гульні ў Пекіне будуць адкрытай Алімпіядай. Кітай арыентаваны на сусветную супольнасць, на будучыню і мадэрнізацыю, што дазваляе зрабіць Алімпіяду паскаральнікам адкрытасці. КНР падтрымлівае плённае супрацоўніцтва з такімі арганізацыямі, як Міжнародны алімпійскі камітэт, Міжнародны параалімпійскага камітэт і Міжнародная федэрацыя зімовых відаў спорту, актыўна адбірае і запрашае дзясяткі замежных экспертаў і актыўна пераймае вопыт розных краін у арганізацыі спаборніцтваў і праектаванні трас, стварыў платформу адкрытых абменаў і ўзаемнага навучання для Міжнароднага алімпійскага руху.
Зімовыя Алімпійскія гульні ў Пекіне будуць сумленнай Алімпіядай. Аргкамітэт спрасціў план арганізацыі спаборніцтваў і імкнецца да відовішчнасці і ашчаднасці ў правядзенні спаборніцтваў, узмацняе аўдытарскія праверкі за дзейнасцю па кожным праекце, каб гарантаваць сумленнасць і эфектыўнасць падрыхтоўчай работы. Аргкамітэт таксама выкарыстоўвае самы эканомны спосаб правядзення зімовых Алімпійскіх гульняў. Кітай заўсёды прытрымліваецца беражлівасці, змагаецца з карупцыяй, настойвае на нулявой цярпімасці да допінгу, каб зімовыя Алімпійскія гульні былі чыстымі і бездакорнымі, як лёд і снег.
— Зімовыя Алімпійскія гульні ў Пекіне таксама будуць бяспечнай Алімпіядай. Арганізацыйны камітэт надае вялікае значэнне прафілактыцы і кантролю эпідэміі. Ставячыся ў вышэйшай ступені адказна да спартсменаў і ўсіх членаў алімпійскай сям'і, аргкамітэт стварыў рабочую групу і групу экспертаў у галіне прафілактыкі і кантролю эпідэміі, а таксама актыўна распрацаваў меры прафілактыкі і кантролю для рэагавання на магчымае развіццё эпідсітуацыі, дэталізуе спосабы прадухілення эпідэміі на стадыёнах.
Адпаведныя ахоўныя меры на Алімпійскіх гульнях у Токіа таксама можна выкарыстоўваць у якасці арыенціру для зімовай Алімпіяды ў Пекіне, каб паскорыць фарміраванне стратэгіі папярэджання эпідэміі ў адпаведнасці з нацыянальнымі асаблівасцямі КНР, — заўважыў Се Сяаюн. — Кітай здольны прадухіліць і кантраляваць эпідэмію, а таксама абараніць жыццё і здароўе кожнага спартсмена і гледача.
Сутыкнуўшыся з наступствамі эпідэміі, КНР, пераадольваючы цяжкасці, няўхільна выконвае падрыхтоўчую работу для дасягнення пастаўленых мэт. Ужо завершана будаўніцтва аб'ектаў для правядзення зімовых Алімпійскіх і Параалімпійскіх гульняў у Пекіне ў 2022 годзе, упарадкавана ажыццяўляецца арганізацыя спаборніцтваў і функцыянаванне спартыўных арэн, паскорана прасоўваецца работа па забеспячэнні і абслугоўванні мерапрыемстваў. Урачыстае абяцанне, дадзенае Кітаем свету, паступова становіцца рэальнасцю.
«Радасныя сустрэчы на чыстым лёдзе і снезе», зімовыя Алімпійскія гульні ў Пекіне стануць грандыёзнай падзеяй для ўсіх краін свету і арэнай для сумленнага спаборніцтва спартсменаў з усіх куткоў планеты, яшчэ больш раскрыюць Алімпійскі дух, яшчэ больш паспрыяюць згуртаванасці і адзінству міжнароднай супольнасці, а таксама ўмацуюць веру ўсяго чалавецтва ва ўзаемадапамогу і рашучасць пераадолець цяжкасці разам. Мы валодаем здольнасцямі і ўпэўненасцю сумесна з народамі ўсіх краін адмовіцца ад некарэктных выказванняў, дзеянняў і шуму, якія супярэчаць алімпійскаму духу і наносяць шкоду развіццю алімпійскага руху, яшчэ раз падорым усяму чалавецтву бяспечную і захапляльную алімпійскую ўрачыстасць, яшчэ раз умацуем упэўненасць усяго свету ў сумеснай барацьбе з пандэміяй, яшчэ раз раскажам свету аб глыбокай канатацыі алімпійскага духу і канцэпцыі Супольнасці адзінага лёсу чалавецтва.
Пекін вітае вас! Пекін адкрывае свае абдымкі, вітаючы спартсменаў зімовых відаў спорту з усяго свету. Беларусь як моцная краіна ў зімовых відах спорту і адна з асноўных дзяржаў-удзельніц падобных спаборніцтваў, якая дамаглася на іх вынікаў, што ўражваюць. Жадаю беларускім спартсменам новых поспехаў на зімовых Алімпійскіх гульнях у Пекіне! Сардэчна запрашаем у Пекін!
Узвядзенне ўсіх спартыўных аб'ектаў для правядзення зімовай Алімпіяды — 2022, якая пройдзе налета з 4 па 20 лютага, было завершана яшчэ паўгода таму. Як паведаміла «Жэньмінь Жыбаа», усяго падчас спаборніцтваў будзе задзейнічана 25 стадыёнаў, размешчаных у Пекіне, Янцыне і Чжанцзякоў. Усе спартыўныя аб'екты пабудаваны і мадэрнізаваны з выкарыстаннем найноўшых інавацыйных і экалагічных тэхналогій.
У кітайскай сталіцы размешчана арэна з самай вялікай у свеце лядовай паверхняй, для астуджэння якой прымяняецца новая энергаэфектыўная сістэма на базе вуглякіслага газу. У працэсе ахаладжэння гэтая сістэма дазваляе зэканоміць 40 працэнтаў ад агульнага спажывання электраэнергіі ў параўнанні з традыцыйнай сістэмай астуджэння пры дапамозе фрэону і іншых холадагентаў, якія не з'яўляюцца экалагічна чыстымі. Пры гэтым новы метад дэманструе практычна нулявы ўзровень выкідаў вугляроду. Такая тэхналогія вырабу лёду ў рамках Алімпійскіх гульняў у свеце выкарыстоўваецца ўпершыню.
Новая сістэма астуджэння валодае здольнасцю цеплавой рэгенерацыі. Так, Нацыянальны канькабежны цэнтр Пекіна будзе выкарыстоўваць цяпло, якое ўтвараецца пры астуджэнні стадыёна, для забеспячэння гарачай вадой спартсменаў, апрацоўкі і іншых мэт, што дазволіць сэканоміць за год да 2 млн кВт энергіі. Лядовыя спартпляцоўкі таксама будуць аснашчаны сістэмамі хімічнага асушвання паветра, якія не наносяць шкоды навакольнаму асяроддзю і дазваляюць зніжаць расход электраэнергіі да 50 %. Істотна зменшыць спажыванне энергіі таксама дазволіла замена традыцыйнай сістэмы асвятлення на фотаэлектрычную сістэму з выкарыстаннем святлодыёдаў.
Адметна, што пераўтвораныя многія спартцэнтры, якія былі задзейнічаны падчас Летняй Алімпіяды 2008 года ў Пекіне. Як адзначае «Жэньмінь жыбаа», у пачатку праектавання аб'ектаў было прадугледжана іх выкарыстанне пасля Алімпійскіх гульняў у залежнасці ад сезона. Так, напрыклад, на час зімовай Алімпіяды Нацыянальны плавальны цэнтр стане пляцоўкай для кёрлінгу, а пасля ў цёплы час года зноў будзе выкарыстоўвацца для водных відаў спорту.
Алімпійскія збудаванні актыўна ўкараняюць тэхналогіі на базе 5G. У «разумныя» спартыўныя аб'екты будзе ўбудаваная сістэма пазіцыянавання і навігацыі, што дазволіць пазбегнуць гармідару наведвальнікаў. Адным з такіх аб'ектаў з'яўляецца Нацыянальны канькабежны цэнтр. «Гэты аб'ект будзе падобны на смартфон», — заўважыў прадстаўнік цэнтра. Паводле яго слоў, мяркуецца запусціць спецыяльны мабільны дадатак, з дапамогай якога можна будзе не толькі лёгка арыентавацца ўнутры памяшкання, але і ў выпадку неабходнасці атрымаць паслугі перакладу. Такім чынам, наведвальнікі змогуць не толькі адшукаць сваё месца на трыбуне, але і рэстараны і крамы. Акрамя таго, гледачы могуць нават прыняць удзел у спаборніцтвах пры дапамозе дапоўненай рэальнасці.
Афіцыйным талісманам Алімпіяды ў Пекіне стала вясёлая панда Бін Двень Двень. Яна нагадвае касманаўта, які выкарыстоўвае новыя тэхналогіі для будучыні з бясконцымі магчымасцямі. Форма сэрца на яе левай далоні сімвалізуе гасціннасць краіны. Яркія колеры арэолу ўвасабляюць найноўшыя лядовыя і снежныя спартыўныя трасы.
Падрыхтаваў Мікалай ЛІТВІНАЎ
Фота: БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/u-svece
[2] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya-0
[3] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya
[4] https://zviazda.by/be/tags/se-syaoyun
[5] https://zviazda.by/be/tags/alimpiyskiya-gulni-u-pekine
[6] https://zviazda.by/be/tags/5g