Мала хто з аматараў беларускай літаратуры не чытаў трылогію Якуба Коласа «На ростанях». У яе трэцяй кнізе, што дала назву ўсяму твору, як вядома, расказваецца пра суд над Андрэем Лабановічам. Прываблівае сваёй прынцыповасцю і сумленнасцю адвакат Казімір Петруневіч, «яшчэ малады, відны мужчына, з добрым абліччам», які абараняў яго па справе ўдзелу ў нелегальным настаўніцкім з’ездзе. Паколькі ў памяці ўсё не ўтрымаеш, каб быць дакладным, адгарну ў кнізе неабходную старонку. Ага, вось яна…
Петруневіч узяў слова пасля выступлення абвінаваўцы.
«— Гэта — узор красамоўства, — сказаў адвакат. — На жаль, толькі пракурор згусціў фарбы. Вы паглядзіце, гаспада суддзі і гаспада саслоўныя прадстаўнікі, на падсудных: усё гэта зялёнае юнацтва, веснавая паводка, што не тоўпіцца ў берагах. Не трэба мець злачынную душу і злачыннае сэрца, каб падпасці пад уплыў тых ці іншых асоб, тых ці іншых ідэй і зрабіць памылку. Пракурор у сваёй прамове спасылаўся на залатыя словы паэта-народніка — сеяць “разумнае, добрае, вечнае”. Дазвольце і мне спаслацца на генія рускай паэзіі, на бяссмертнага Пушкіна:
И долго буду тем любезен я народу,
Что чувства добрые я лирой пробуждал,
Что в мой жестокий век восславил я свободу
И милость к падшим призывал.
Апошні радок Петруневіч прадэкламаваў як артыст, вымаўляючы кожнае слова асобна і робячы на ім лагічны націск».
Прамова Казіміра Адамавіча не толькі ўражвае, але і захапляе спагадай, чуласцю да падсудных. Разуменнем, што несправядлівасць у дачыненні да іх можа дорага каштаваць. Прываблівае ён і эрудзіраванасцю, што ўжо само па сабе — сведчанне высокай культуры, інтэлігентнасці. Сказанае ім напоўнена жаданнем абавязкова дамагчыся, каб лёсы настаўнікаў не былі зламаны. Петруневіч працягваў:
«— Юнацтву ўласціва кіпенне, бурленне. […] Колькі юнакоў-студэнтаў прымалі ўдзел у дэманстрацыях, у выступленнях, у бунтах супроць таго ці іншага грамадскага парадку, супроць закону! Хіба можна зваць іх злачынцамі? Паводка ўваходзіла ў берагі, і бунтары канчалі ўніверсітэты, паступалі на дзяржаўную службу, рабіліся стараннымі чыноўнікам і дзеячамі ў розных галінах жыцця. Яны былі адданымі суддзямі, таленавітымі следчымі і пракурорамі, асабліва ў палітычных справах».
Завельмі шмат цытую Якуба Коласа? Толькі як абысціся без гэтага, калі ўжо прыведзенага эпізоду дастаткова, каб упэўніцца, што заўсёды з любой прафесіі былі людзі сумленныя, прасякнутыя жаданнем дапамагаць іншым. Нават тады, калі з-за гэтага для самога могуць быць непрыемнасці. Не пра сябе думаюць такія людзі. Галоўнае для іх, каб не была страчана вера ў праўду і справядлівасць. Такі і Петруневіч, які на судзе гарой стаяў за Лабановіча і яго паплечнікаў.
Агульнавядома, што вобраз галоўнага героя трылогіі Андрэя Лабановіча Якуб Колас у многім спісаў з самога сябе. Аднак і Казімір Петруневіч таксама меў прататып. Хоць пра гэта здагадваюцца нямногія. А стаў ім адвакат Канстанціна Міхайлавіча на згаданым працэсе — Казімір Петрусевіч. Сімпатызуючы яму, народны пясняр у ягоным прозвішчы змяніў толькі адну літару.
А імя і імя па бацьку пакінуў без змен. Гэта быў Казімір Адамавіч Петрусевіч.
Нарадзіўся ён 4 сакавіка 1872 года ў фальварку Новіны, што знаходзіўся каля вёскі Душава цяперашняга Капыльскага раёна, у сям’і ляснічага Адама Петрусевіча і яго жонкі Эміліі, у дзявоцтве Стацкевіч. Апроч Адама, у сям’і выхоўваліся браты Станіслаў і Алесь. Скончыўшы Слуцкую гімназію, спрабаваў паступіць у Пецярбургскі ўніверсітэт. Але з гэтага нічога не атрымалася. Тады падаў дакументы на юрыдычны факультэт Імператарскага ўніверсітэта імя святога Уладзіміра, што знаходзіўся ў Кіеве. Відаць, юрыдычную прафесію выбраў па падказцы памешчыка Яна Наркевіча-Ёдкі, у якога яго бацька і працаваў лесніком.
З сям’ёй Наркевіча-Ёдкі ў Петрусевічаў склаліся прыязныя стасункі. На карысць гэтага сведчыць тое, што за жонку ўзяў яго дачку Яніну. На гэты час ужо быў чалавекам перадавых поглядаў. Гэтаму паспрыяла вучоба ў Кіеве. Універсітэт імя святога Уладзіміра па прагрэсіўнасці поглядаў студэнтаў і некаторых найбольш рэвалюцыйна настроеных выкладчыкаў апярэджваў іншыя вышэйшыя навучальныя ўстановы Расіі. Дзевятнаццацігадовы Петрусевіч хутка зблізіўся з тымі, хто быў незадаволены становішчам у краіне.
Знаёмства з марксісцкай літаратурай паспрыяла выпрацоўцы ў яго перадавога светапогляду. Яго паплечнікамі былі Анатоль Луначарскі, Сяргей Мяржынскі, Пётр Румянцаў, Майсей Урыцкі і іншыя. Разам з імі наведваў тайныя сходы, канспіратыўныя гурткі, вывучаў нелегальную літаратуру. Праз некаторы час з Вацлавам Багуцкім, пазней вядомым партыйным і дзяржаўным дзеячам, узначаліў сацыял-дэмакратычную групу. Звычайна збіраліся на кватэры Багуцкага, сям’я якога падзяляла погляды студэнтаў. Плённы ўплыў на Петрусевіча аказала знаёмства з Сяргеем Мянжынскім, у будучыні адным з першых марксістаў Беларусі. Сяргей і Леся Украінка ўзаемна пакахаюць адно аднаго. Аднадумцу Петрусевіч знайшоў і ў асобе Мікалая Вігдорчыка.
Сябры задумваліся над тым, як ад звычайных сходак перайсці да больш арганізаванай рэвалюцыйнай барацьбы. Неўзабаве яны сталі першымі членамі кіеўскага «Саюза барацьбы». Пасля заканчэння ўніверсітэта Казімір Петрусевіч, працуючы памочнікам прысяжнага паверанага, сувязей з сацыял-дэмакратамі не губляў, распаўсюджваў у рабочых кварталах нелегальную літаратуру. Яніна Янаўна таксама звязала сябе з рэвалюцыйнай барацьбой. Аднак пад восень 1897 года яны былі вымушаны пакінуць Кіеў. Спачатку іх арыштавалі на пяць месяцаў, а потым выслалі ў Екацярынаслаў.
Развітанне з Кіевам перажывалася цяжка. Усё ж у гэтым горадзе прайшлі найлепшыя гады маладосці, засталося нямала сяброў. Аднак, як Петрусевічы хутка пераканаліся, Екацярынаслаў, хоць і знаходзіўся далекавата ад цэнтра, выглядаў зусім не ціхім населеным пунктам. Тут таксама віравала рэвалюцыйнае жыццё, існавала некалькі марксісцкіх груп і гурткоў.
На Дняпроўскім заводзе ў сяле Каменскім (цяпер гэта горад Дніпро на Украіне) Казімір Петрусевіч стварыў рабочы гурток. Пра гэта даведаўся піцерскі рабочы Іван Бабушкін, які таксама знаходзіўся ў высылцы.
Ён наладзіў з Казімірам Адамавічам сувязь. У Екацярынаславе працавалі і шэраг іншых марксісцкіх гурткоў. З іх быў створаны екацярынаслаўскі «Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа». Калі ўзнікла пытанне, каго паслаць на будучы І з’езд Расійскай сацыял-дэмакратычнай партыі (РСДРП), які, як вядома, праходзіў у Мінску ў 1898 годзе, спыніліся на кандыдатуры Казіміра Петрусевіча.
Рэвалюцыйныя ідэі зрабілі яго пераканым праціўнікам самадзяржаўя. Нішто ўжо не магло змяніць яго поглядаў. Пераехаўшы ў 1905 годзе ў Мінск, па-ранейшаму цікавіўся марксісцкай літаратурай, падтрымліваў сувязь з рэвалюцыянерамі. Калі ж напярэдадні прыняцця вядомага царскага маніфеста ад 17 кастрычніка 1905 года арганізоўвалася ўсеагульная забастоўка, пайшоў да паштовых і чыгуначных рабочых, заклікаючы іх прыняць удзел у гэтым важным палітычным мерапрыемстве. Забастоўка, на жаль, скончылася Курлоўскім расстрэлам.
Яна каштавала каля 100 жыццяў. Не адна сотня была ранена, многія трапілі ў засценкі. Такі лёс напаткаў і Казіміра Адамавіча. У турме правёў некалькі месяцаў. А вызваліў яго сам Курлоў, які і арганізаваў бойню. Гэта, безумоўна, сведчыць не аб дабраце мінскага губернатара. Казімір Петрусевіч быў чалавекам, які знаходзіў паразуменне і з тымі, хто прытрымліваўся іншых поглядаў. Гэта відаць з успамінаў палітычнага і грамадскага дзеяча Эдварда Вайніловіча: «Я помню, быў пасаджаны ў турму мясцовы адвакат К. Петрусевіч, у якога былі левыя перакананні. Да мяне прыйшлі яго калегі з адвакатуры з просьбай пахадайнічаць за яго перад Курловым. Я запатрабаваў ад іх абяцанне, што іх асуджаны калега не будзе больш весці ніякай антыўрадавай прапаганды, і накіраваўся да Курлова. Пасля таго, як я заявіў, што бяру Петрусевіча на парукі, Курлоў тут жа па тэлефоне загадаў яго вызваліць».
Узначаліўшы мінскую гарадскую групу грамадскіх абаронцаў, Казімір Адамавіч па магчымасці аказваў дапамогу тым, каго ўлады пераследавалі. Пра яго як рэвалюцыйна настроенага адваката ведаў і малады настаўнік Канстанцін Міцкевіч. Калі за ўдзел у настаўніцкім з’ездзе будучага народнага песняра абвінавацілі ў антыўрадавай дзейнасці, ён 2 ліпеня 1908 года звярнуўся ў Віленскую судовую палату з прашэннем, каб абаронцам яго на будучым судовым працэсе быў Казімір Петрусевіч.
Пасля перамогі Лютаўскай рэвалюцыі Казіміра Адамавіча выбралі старшынёй сходу польскіх рабочых Мінска. Ён выступіў ініцыятарам спецыяльнага паслання ў падтрымку бальшавікоў. За яго подпісам гэты дакумент накіравалі ў Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Апынуўшыся пазней у Заходняй Беларусі, таксама не здрадзіў рэвалюцыйным ідэям. Яго голас гучаў на многіх судовых працэсах. Прафесар кафедры грамадзянскага права Віленскага ўніверсітэта Казімір Петрусевіч, як і раней, абараняў інтарэсы тых, хто змагаўся за свабоду.
Шырокі рэзананс не толькі ў Польшчы, але і далёка за яе межамі меў судовы працэс над членамі Беларускай сялянска-рабочай грамады — Браніславам Тарашкевічам, Сымонам Рак-Міхайлоўскім, Пятром Мятлой і іншымі, што пачаўся 23 лютага 1928 года. Сярод адвакатаў Казімір Адамавіч быў найбольш рэвалюцыйна настроеным. Ён абараняў не толькі членаў грамады, але і, па сутнасці, ідэалы сваёй маладосці. Гэты працэс дорага каштаваў яму. Яго выгналі з універсітэта. Але ніхто і ніколі не мог прымусіць Казіміра Петрусевіча пайсці на кампраміс з уласным сумленнем, адмовіцца ад сваіх поглядаў.
Наступіў 1934 год... За рэвалюцыйную дзейнасць арыштавалі Максіма Танка. Казімір Адамавіч ужо ведаў творы маладога на той час паэта. Яны публікаваліся ў заходнебеларускім друку, у тым ліку і ў нелегальных выданнях. Імпанавала яму і рэвалюцыйная дзейнасць Яўгена Скурко. Таму і ўзяў на сябе абарону паэта-рэвалюцыянера. Максім Танк успамінаў: «На апеляцыйным судзе мяне абараняў вядомы віленскі адвакат К. Петрусевіч, адзін з удзельнікаў І з’езда РСДРП. Помню, як ён упершыню прыйшоў да мяне ў Лукішкі. “Мне ўжо даводзілася абараняць беларускіх пісьменнікаў”, — сказаў ён, паздароўкаўшыся са мной. Гэта быў тыповы прадстаўнік таго пакалення старой віленскай інтэлігенцыі, якая праяўляла спачуванне да нацыянальных меншасцяў і знаходзілася ў апазіцыі да паланафільскай палітыкі санацыі».
Пасля Другой сусветнай вайны Казімір Адамавіч жыў у Польшчы. Быў дарадцам у рэпарацыйных установах Польскай Народнай Рэспублікі, суддзёй Вярхоўнага суда ПНР, членам Галоўнага адвакацкага савета.
Урад узнагародзіў яго ордэнам «Адроджаная Польшча». Напісаў шэраг прац па грамадзянскім праве. Памёр 14 жніўня 1949 года.
Годна жыў і яго сын, таксама Казімір, удзельнік рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі. У Другую сусветную вайну змагаўся ў спецатрадзе Народнага камісарыята дзяржаўнай бяспекі СССР. Схоплены фашыстамі, быў прыгавораны да расстрэлу, але ўцёк. Пасля вайны працаваў намеснікам міністра харчовага забеспячэння, марскога гандлёвага флоту ПНР, загадчыкам аддзела навукі і ВНУ Цэнтральнага камітэта Польскай аб’яднанай рабочай партыі. Стаяў каля вытокаў Інстытута экалогіі Акадэміі навук Польшчы і быў яго дырэктарам.
Сяргей НЕСЦЯРЭНКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/adrodzhanaya-polshcha
[2] https://zviazda.by/be/tags/kazimir-adamavich-petrusevich
[3] https://zviazda.by/be/tags/na-rostanyah