Кніга — крыніца ведаў, дзверы да новых сюжэтаў, знаёмстваў па-за часам і без меж. І па традыцыі напярэдадні новага вучэбнага года і Дня беларускага пісьменства айчынныя выдавецтвы радуюць нас новымі выданнямі рознай тэматыкі і прызначэння. Так, напрыклад, сёлета на ААТ «Паліграфкамбінат імя Я. Коласа» выдадзена каля 1,8 мільёна падручнікаў.
— У 2021/2022 вучэбным годзе мы заканчваем працэс абнаўлення зместу агульнай і вышэйшай адукацыі — уводам у адукацыйны працэс абноўленых падручнікаў і абноўленых вучэбных дапаможнікаў для 11 класа. Пры іх падрыхтоўцы мы цесна супрацоўнічалі з вядучымі выдавецтвамі краіны — «Адукацыяй і выхаваннем», «Народнай асветай», «Вышэйшай школай», «Беларускай энцыклапедыяй імя Петруся броўкі», Выдавецкім цэнтрам БДУ. І я вельмі рада, што маю магчымасць падзякаваць ім за сумесны плён. У выніку працы аўтарскіх калектываў, супрацоўнікаў выдавецтваў, паліграфічных прадпрыемстваў, спецыялістаў Нацыянальнага інстытута адукацыі, супрацоўнікаў Міністэрства адукацыі атрымаліся, на наш погляд, вельмі цікавыя і сучасныя выданні, якія парадуюць і зместам, і паліграфічным выкананнем. «Новыя вучэбныя дапаможнікі дазваляюць фарміраваць у вучняў так званую кампетэнцыю ХХІ стагоддзя, — адзначыла намеснік дырэктара па метадычнай рабоце Нацыянальнага інстытута адукацыі Людміла Раманоўская. — У сучасным інфармацыйным грамадстве вельмі важна ўдасканальваць навігацыйную функцыю вучэбнага дапаможніка, і ў гэтым нас таксама падтрымалі супрацоўнікі выдавецтваў. Вучэбныя дапаможнікі сканструяваны такім чынам, каб вучань у працэсе падрыхтоўкі мог звяртацца да розных кампанентаў: атласаў, контурных карт, зборнікаў задач і г. д. Наш падручнік сёння — гэта навігатар у інфармацыйным полі, і ён дае магчымасць лёгка сарыентавацца ў разнастайных медыярэсурсах.
Да новых вучэбных дапаможнікаў па замежных мовах распрацаваны электронны дадатак, які ўтрымлівае аўдыяфайлы, фанетычныя практыкаванні, базу інтэрнэт-заданняў. Гэтыя электронныя дадаткі размешчаны на профілі lіngvo.adu.by. Дадзены рэсурс распрацаваны сумесна з выдавецтвам «Вышэйшая школа» замест ужо нязручных для выкарыстання СD-дыскаў.
Пры распрацоўцы новых падручнікаў шмат увагі ўдзялялася павышэнню якасці візуалізацыі вучэбнага матэрыялу. Павялічана колькасць ілюстрацый, шмат дадатковых матэрыялаў, даступных праз QR-коды. У выніку супрацоўніцтва Нацыянальнага інстытута адукацыі з вядучымі выдавецтвамі вучэбны працэс сёння ва ўстановах дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай і вышэйшай адукацыі забяспечваюць вучэбныя выданні, якія маюць высокую адзнаку? e тым ліку і ў рамках рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.
Да вучэбнага года падрыхтаваны і новы нацыянальны буквар, які прэзентуюць 3 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Як адзначаюць стваральнікі, у ім таксама прысутнічаюць цікавыя функцыі, якія дазволяць дзецям выкарыстоўваць дадатковыя медыярэсурсы. У прыватнасці, будзе магчымы прагляд анімацыйных фільмаў, створаны[ кінастудыяй «Беларусьфільм».
Наш падручнік сёння — гэта навігатар у інфармацыйным полі, і ён дае магчымасць лёгка сарыентавацца ў разнастайных медыярэсурсах.
Калі ж звярнуцца да аналізу прапаноў вучэбнай і мастацкай літаратуры, якія падрыхтавалі напярэдадні новага вучэбнага года беларускія выдавецтвы, то палітра атрымліваецца на любы густ і запыт. У «Народнай асвеце», дзе ўжо 70 гадоў выдаюць вучэбныя дапаможнікі, а 25 з іх рыхтуюць падручнікі шрыфтам па сістэме Брайля, у гэтым годзе прапаноўваюць больш чым 30 найменняў дапаможнікаў.
— Вучэбныя дадаткі мы выпускаем сумесна з Нацыянальным інстытутам адукацыі. Усе пытанні, што ўзнікаюць у рабоце, мы заўсёды вырашаем сумесна. «Народная асвета» сёлета падрыхтавала (і праца яшчэ працягваецца) вучэбныя дапаможнікі 34 найменняў. З іх 12 вучэбных дапаможнікаў для агульнаадукацыйнай школы (тыраж склаў 719 643 экзэмпляры), 17 вучэбныя дапаможнікі для спецыяльных школ (19 361 экзэмпляр), 4 вучэбных дапаможніка ў 30 кнігах шрыфтам па сістэме Брайля (838 экзэмпляраў), — распавяла дырэктар выдавецтва Вікторыя Калістратава. — А таксама шэраг вучэбна-метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў і 21 найменне для школьнай бібліятэкі шрыфтам па сістэме Брайля. Гэта ўсё ажыццяўляецца адпаведна з дзяржаўнай праграмай «Аб сацыяльнай абароне» да 2030 года. Упершыню ў гэтым годзе дзяржава прафінансавала выданне такой колькасці мастацкай літаратуры для дзяцей з парушэннямі зроку. Акрамя вучэбных дадаткаў для агульнаадукацыйнай школы, мы таксама выдаём падручнікі для спецыяльных школ. Для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця нядаўна атрымалі з друкарні «Матэматыку» з рабочым сшыткам для 1 класа, «Элементы камп’ютарнай граматы». Такія напрацоўкі выклікаюць зацікаўленасць у нашых калег з краін СНД, дзе нашы падручнікі карыстаюцца аўтарытэтам.
Акрамя вучэбнай літаратуры, тут выдаюць дзіцячую мастацкую літаратуру. У серыі «Прыгоды» ёсць выданні пра вандроўкі ў Грэцыю, Японію... Працягнута серыя кнігай пра Ісландыю, дзе экскурсаводам выступае птушка тупік. Цікавай з’яўляецца і серыя «Аповеды дзеда Прыродаведа», кнігі якой прызначаны для дадатковага чытання ў рамках прадмета «Чалавек і свет». З дапамогай гэтых выданняў дзеці могуць рыхтаваць рэфераты, даклады — тым самым рабіць першыя крокі ў даследчыцкай дзейнасці. Падлеткам можна звярнуць увагу на серыю «Тусоўка.бай», дзе нядаўна выдалі кнігу «Італьянскае падарожжа». А серыя «У кантакце» ўяўляе сабой кнігі з псіхалагічнымі замалёўкамі, у якіх дзеці могуць знайсці адлюстраванне розных жыццёвых сітуацый з падказкай выйсця.
Выдавецтва «Беларусь», хоць выпуск вучэбнай літаратуры ў іх і не прыярытэтны, таксама трымае руку на пульсе. Улічваючы шчыльнае супрацоўніцтва з бібліятэкамі, тут арыентуюцца на запыты аўдыторыі і імкнуцца задаволіць іх. Не першы год выходзіць серыя «Школьная бібліятэка» з творамі беларускіх і рускіх аўтараў. А яшчэ выдалі Чырвоную кнігу ў вершах. І праца не спыняецца.
У сваю чаргу, выдавецтва «Мастацкая літаратура» адсочвае, што патрэбна сёння дзецям, школьнікам і студэнтам. Тут выдаюць зборнікі твораў з арыентацыяй на школьную праграму ў серыі «Школьная бібліятэка». Кнігі з серый «Нашы сімвалы», «100 вершаў» дапамогуць у падрыхтоўцы тэматычных свят, заняткаў, а серыя «Напісанае застаецца» пазнаёміць з класікай беларускай літаратуры. Для малодшых школьнікаў цікавымі будуць выданні з серый «Жывая класіка дзецям», «Люблю чытаць», «Дзіцячы атлас Беларусі», «Сто пытанняў пра Беларусь». У Год народнага адзінства падрыхтаваны зборнік прозы, паэзіі і публіцыстыкі «Адзін народ — адзіная радзіма», які таксама можа стаць добрым дапаможнікам для тэматычных урокаў і проста цікавай кнігай для прачытання.
Асноўны кірунак дзейнасці выдавецтва «Вышэйшая школа» — падрыхтоўка выдання вучэбных дапаможнікаў для вышэйшых, сярэдніх спецыяльных вучэбных устаноў. Сёлета тут, як распавёў дырэктар установы Аляксандр Нячай, быў запланаваны выпуск 11 вучэбных дапаможнікаў агульным тыражом прыкладна 250 тысяч экзэмпляраў па замежных мовах. 7 падручнікаў ужо выпушчаны, тры будуць гатовыя да канца жніўня, а другая частка падручніка «Англійская мова. 10 клас» убачыць свет у снежні, паколькі навучанне па ім пачнецца толькі ў трэцяй чвэрці ў студзені наступнага года. З шэрагу дадатковай літаратуры можна вылучыць, напрыклад, кнігу «Беларускі фальклор» з серыі «Бібліятэка школьніка». Асаблівасць яе заключаецца ў тым, што ўсе размешчаныя тут творы маюць QR-коды і дазваляюць праслухаць іх. І выданне можа быць карысным не толькі школьнікам, але і ўсім, хто цікавіцца беларускай літаратурай і культурай.
У выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» таксама вельмі разнастайны асартымент. У іх прайс-лісце 747 пазіцый, дзе, вядома, вучэбная літаратура, дапаможнікі, працоўныя сшыткі. Што датычыцца мастацкай літаратуры, то і тут ёсць цікавыя прапановы: кнігі «Фанечка. Мандарынавая гісторыя» Аксаны Аракчэевай, «Я тут жыву» Уладзіміра Ліпскага. Для пашырэння кругагляду добрымі крыніцамі стануць выданні «99 знакамітых мясцін Беларусі», «Беларускія жанчыны, якія апярэдзілі час», серыя пра князёў Вялікага Княства Літоўскага, серыя «Свет вандровак».
А вось у выдавецтве «Аверсэв» летась, з улікам эпідэміялагічнай абстаноўкі, перагледзілі стратэгію. Як адзначае дырэктар «Аверсэв» Дзмітрый Дзямбоўскі, у іх атрымаў развіццё інтэрнэт-гандаль, што дало штуршок для работы над электроннымі дадаткамі, дыстанцыйным навучаннем:
— Адпаведна, калі ёсць такія запыты ў дзяцей і сістэмы адукацыі, то патрэбна і літаратура пэўнай распрацоўкі. Праз дадатак «Aversev Media» сёння можна спампоўваць кніжкі ў электронным фармаце. Другі стратэгічны кірунак гэтага года ў выдавецтва — развіццё літаратуры для дашкольнай адукацыі і пачатковай школы, бо сёння гэта тыя «парасткі», з якімі потым настаўнікам трэба працаваць. Для параўнання: калі летась такіх дапаможнікаў выдавалася ў «Аверсэв» 147, то цяпер тут прапаноўваюць 297 найменняў. У поўным аб’ёме ўсё падрыхтавалі і па сярэдняй школе, дзе таксама назіраецца прыкладна 55-працэнтны прырост па найменнях.
Алена ДРАПКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzen-belaruskaga-pismenstva
[5] https://zviazda.by/be/tags/aychynnyya-vydavcectvy
[6] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya