Адной з галоўных пляцовак падчас святкавання Дня беларускага пісьменства стаў павільён «Адзінства», дзе прадстаўлены аўтарскі праект лаўрэата прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава «17 верасня — Дзень народнага адзінства». Праект прысвечаны Году народнага адзінства ў Беларусі.
Аўтарскі праект прыцягнуў да сябе ўвагу не толькі жыхароў Капыля і Капыльскага раёна, але і шматлікіх гасцей свята з іншых рэгіёнаў краіны. Кожны з іх змог пагутарыць з Уладзімірам Аляксеевічам і атрымаць вычарпальныя адказы на ўсе пытанні. Напрыклад, Святлана Георгіева прыехала з Брэсцкай вобласці. Яна са школьных гадоў цікавіцца гісторыяй.
Мне захацелася асабіста дакрануцца да работ знакамітага майстра, — кажа жанчына. — І я вельмі задаволеная, што не пашкадавала выхаднога дня, каб прыехаць на выставу.
А паглядзець тут было сапраўды шмат цікавага, адкрыць для сябе нешта новае.
Наведвальнікі змаглі пабачыць асабістыя рэчы дзяржаўнага і палітычнага дзеяча Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Сяргея Прытыцкага, малавядомыя шырокаму колу чытачоў арыгінальныя друкаваныя беларускія выданні 1921-1939 гадоў. Тут расказвалася аб жыцці жыхароў Заходняй Беларусі. Цікавасць прадстаўляюць і фотаздымкі таго перыяду, гістарычныя дакументы, першыя беларускія газеты, што пачалі выпускацца пасля аб’яднання Заходняй Беларусі і БССР.
Таксама быў арганізаваны Фестывалі кнігі і прэсы, прадстаўлены пяццю тэматычнымі павільёнамі «Памяць», «Традыцыі і сучаснасць», «Разам з кнігай мы расцём», «Адзінства», «Слова пісьменніка». Тут адбылася прэзентацыя тэматычных кніг, прадстаўлены інтэрактыўныя праграмы. У тэматычных фотазонах усе ахвотныя маглі сфатаграфавацца з калажаў газет 1921-1939 гадоў.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Фота Аліна МАЗАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-lazouskaya
[2] https://zviazda.by/be/author/alina-mazavec
[3] https://zviazda.by/be/kultura
[4] https://zviazda.by/be/tags/xxviii-dzen-belaruskaga-pismenstva-u-kapyli
[5] https://zviazda.by/be/tags/god-narodnaga-adzinstva