15 мая 1921 года Якуб Колас разам з сям'ёй пасля шасці гадоў разлукі з радзімай прыязджае ў Мінск. Родную зямлю паэт быў вымушаны пакінуць у сувязі з падзеямі Першай сусветнай вайны. У верасні 1915 года Якуб Колас быў мабілізаваны ў царскую армію. Пасля вучобы ў Аляксандраўскім ваенным вучылішчы ў Маскве ён накіроўваецца ў запасны полк у Пярмі. У ліпені 1917 года пісьменніка прызначаюць начальнікам эшалона і накіроўваюць на Румынскі фронт. У хуткім часе паэт цяжка захварэў і быў камісаваны з арміі. Якуб Колас прыязджае ў горад Абаянь Курскай губерніі, там разам з сынамі Данілам і Юркам жыве жонка паэта Марыя Дзмітрыеўна. На Куршчыне пісьменнік працуе настаўнікам і школьным інспектарам. У многіх паэтычных радках Якуба Коласа адчуваецца сум па роднай краіне і жаданне хутчэй вярнуцца ў родны кут:
Благаславёны час той будзе,
Калі ў родным сваім людзе
Куточак бацькаў прывітаю
І радасць жыцця там пазнаю...
Вяртанне на радзіму стала магчымым толькі па хадатайніцтве Наркамасветы БССР. Родная зямля дае сілы для плённай літаратурнай працы. З друку выходзяць «Казкі жыцця» (1921), зборнік вершаў «Водгулле» (1922), аповесць «У палескай глушы» (1923), паэмы «Новая зямля» (1923) і «Сымон-музыка» (1925).
Але шчасце паэта не было поўным. Для Якуба Коласа сумнай падзеяй стаў Рыжскі мірны дагавор, згодна з якім да Польшчы адышла Заходняя Беларусь. «К чорту іх межы! К д'яблу граніцы! Нашы тут гоні, бары!» — гнеўна пісаў Якуб Колас у вершы «Беларускаму люду». На тым баку ад мяжы засталіся родныя і блізкія, сябры і знаёмыя пісьменніка. Як жа горка было паэту ад таго, што ён не змог правесці ў апошні шлях сваю маці, якой не стала ў 1929 годзе, паехаць на пахаванне было немагчыма.
«Беларуская зямля па Рыжскім дагаворы, якім заканчвалася вайна з белапанскай Польшчай, — пісаў Якуб Колас, — была падзелена на дзве амаль роўныя часткі. Балюча было ўсведамляць, што мяжа, раздзяляўшая адналітную краіну, прайшла па самым сэрцы яе».
Толькі праз дваццаць гадоў пасля разлукі з малой радзімай давялося Якубу Коласу пабачыць яе з акна вагона, калі ён у 1935 годзе ехаў у Парыж на Міжнародны кангрэс пісьменнікаў у абарону міру. «З вялікім хваляваннем і жалем пазіраў я на тыя мясціны, — пісаў Я. Колас, — дзе колісь хадзіў я і ездзіў. Тыя ж убогія, вузенькія палоскі зямлі, тыя ж панскія маёнткі... Усюды на станцыях пышныя постаці паноў, паўпанкаў і розных дробных шляхцюкоў. І толькі дзе-нідзе на задворках мільгала заношаная світка беларуса». Уражанні і перажыванні ад паездкі выліліся ў верш «З дарогі»:
І горкім палыном
Павеяла ад песні,
ўжо забытай...
Мой родны край і дом
Пад белым пад арлом!
Нядоляю ты цяжкаю спавіты.
І я, твой родны сын,
Чужынцам у табе сябе
ўжо адчуваю...
Якуб Колас піша вершы, у якіх рэзка выступае супраць гвалту над жыхарамі Заходняй Беларусі — «Панам», «Братам Заходняй Беларусі», «Ворагам», «Панам-ваякам», «Польскім катам» і інш.
У студзені 1927 года «Савецкая Беларусь» друкуе падпісаны Коласам, Купалам, Піятуховічам, Замоціным і іншымі зварот да вучоных Захаду ў сувязі з разгромам Беларускай сялянска-работніцкай грамады і масавым тэрорам у Заходняй Беларусі. У гэтым жа нумары змешчаны верш Коласа «Братам Заходняй Беларусі (на разгром Грамады)»:
Няхай паны ў сваёй дурноце
Мацней сціскаюць абцугі,
Каб вас душыць
у злосным гнёце.
Каб на калючым
панскім дроце
Павесіць скарб наш дарагі...
Няхай шалее гэта зграя,
Няхай чадзіць «святы»
дурман.
Каб выбіць з беднага ратая
Прагненне к волі таго краю,
Дзе не прышчэпіцца
больш пан...
Якуб Колас упэўнены, што «мінецца ліха-гора, і панскі шал затхнецца скора, бо стукне молат па панах». Так, у вершы «Заходняй Беларусі» паэт піша:
О Беларусь у польскіх межах!
Цябе распялі на крыжы,
Твой дом запоўнілі вужы,
І дзеліць кат твае адзежы.
Але ўсяму свая ёсць мера:
Надыдзе неўнікнёны час,
І будзе суд загнаных мас, —
Адплату ён нясе вам, зверы!
Прыйшоў час, і «магутная Чырвоная Армія перайшла граніцу і ў некалькі дзён вызваліла Заходнюю Беларусь, несучы ёй доўгачаканае збавенне і волю. — пісаў Колас. — Не было канца радасці беларускага народа. З якою шчырасцю, з якім захапленнем сустракаў ён сваіх братоў, воінаў Чырвонай Арміі! Гэта былі незабыўныя дні, гэта было шчаслівае адраджэнне народа, які амаль дваццаць гадоў жыў у цяжкай панскай няволі».
19 верасня 1939 года ў газеце «Звязда» Якуб Колас друкуе артыкул «Браты Заходняй Беларусі», у якім вітае працоўных Заходняй Беларусі з днём вызвалення. У газеце «Звязда» ад 22 верасня 1939 г. быў змешчаны верш Коласа «Свайму народу»:
На прастор, на шырокі разлог
Выхадзі, мой народ,
грамадою, —
Сотні новых і ясных дарог
Рассцілае жыццё
прад табою!...
Новай доляй узыходзіць зара,
Будзеш жыць ты
без панскай апекі:
Адышла, адцвіла іх пара,
І панам не вярнуцца навекі...
На гэту ж тэму напісаны верш «Гудзе зямля, дрыжаць лясы...», які быў надрукаваны ў газеце «Звязда» 5 кастрычніка 1939 г.:
Няма граніц, няма паноў —
Сышло іх панаванне:
Збуцвеўшы лад былых вякоў
З магілы не паўстане...
8 кастрычніка 1939 года Якуб Колас у складзе брыгады беларускіх пісьменнікаў (Купала, Бядуля, Аксельрод, Маўр, Паслядовіч і інш.) выязжае ў Беласток для правядзення творчых вечароў і ўдзелу ў падрыхтоўцы да выбараў у Народны сход. Газета «Звязда» друкуе артыкул Коласа «Народам Заходняй Беларусі» пад газетным загалоўкам «Працоўныя Заходняй Беларусі! Адзіным фронтам ідзіце на выбары народных прадстаўнікоў у Народнае Сабранне». У Беластоку сумесна з Купалам Колас піша зварот да пісьменнікаў Заходняй Беларусі, дзе заклікае іх у вольную сям'ю песняроў і пісьменнікаў і працягвае руку братняй дапамогі. 11 кастрычніка Колас выступае з прамовай на сустрэчы з беластоцкай інтэлігенцыяй, чытае верш «Свайму народу», 12 кастрычніка выступае на вечары культуры ў тэатры «Апалон», 13 кастрычніка выступае з прамовай на перадвыбарчым сходзе настаўнікаў Беластока, 15 кастрычніка разам з Янкам Купалам вяртаецца ў Мінск. У той жа дзень у газеце «Звязда» быў змешчаны верш «Радасная сустрэча».
25 кастрычніка датуецца верш «Наперад», які ўпершыню быў змешчаны ў газеце «Звязда» 28 кастрычніка. Пазней верш друкаваўся з падзагалоўкам «Да дня 28.Х.1939». У гэты дзень дэпутаты Народнага Сходу Заходняй Беларусі ў Беластоку прынялі рашэнне аб далучэнні Заходняй Беларусі да БССР.
Дні беспрасвецця
ў нябыт адышлі,
Сонца ўзыходзіць над краем.
Вольныя людзі раскутай зямлі,
Песняю вас мы вітаем.
Збіты кайданы чорнае ночы,
Сцёрты старыя скрыжалі.
Смела наперад, люд
наш рабочы,
К шчасцю ў шырокія далі...
28 кастрычніка Колас удзельнічае ў рабоце Народнага Сходу Заходняй Беларусі, выступае з прывітальнай прамовай.
У лісце да Сяргея Гарадзецкага ад 2 лістапада 1939 г. Якуб Колас піша: «Вчера возвратился из поездки в Западную Белоруссию. Ездил в составе делегации от трудящихся Советской Белоруссии для приветствия Народного собрания. Потрясающее, глубоко волнующее впечатление произвело это собрание. Мне никогда еще не случалось видеть такой съезд, такой народный сход, где бы с такой силой изливалась душа народа, его горькая обида... Меня также глубоко взволновало и то обстоятельство, что белорусский народ не забыл и своих певцов, меня и Купалу, и выразил нам огромную свою признательность... Я встретил много лиц, рассказавших о своём жизненном пути. Сколько тем для поэта и писателя!..».
Якуб Колас пачынае працу над новай паэмай «Рыбакова хата». Ва ўступе да публікацыі ў газеце «Савецкі селянін», дзе быў апублікаваны ўрывак з паэмы, паэт адзначаў: «Тэма і змест паэмы — барацьба беларускага народа за сваё нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне з-пад панскага гнёту».
4 лістапада 1939 г. у газеце «Звязда» друкуецца верш «Вольнаму народу», які напісаны Коласам з нагоды прыняцця 2 лістапада 1939 г. закона аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР і ўз'яднанні яе з БССР:
Спета бясслаўна
панская песня.
Кончана з панам,
пан не ўваскрэсне,
У край наш не знойдзе дарог.
Вольным народам сталі
вы сёння.
Вашы ўсе пожні, вашы
ўсе гоні,
І шлях вам, як сонца, пралёг...
Васіліна МІЦКЕВІЧ, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/litaratura
[3] https://zviazda.by/be/tags/yakub-kolas
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzen-narodnaga-adzinstva
[5] https://zviazda.by/be/tags/17-verasnya-1939-goda