У чым прыгажосць? Як выбраць лепшую з самых прыгожых? Такім пытаннем, верагодна, задавалася журы падчас падрыхтоўкі нацыянальнага конкурса прыгажосці «Міс Беларусь». З амаль паўсотні прэтэндэнтак да паўфінала ў красавіку-мае ім прыйшлося адабраць толькі 110, з іх да фіналу — усяго 29.
Такая няпростая задача была ўскладзена арганізатарамі на плечы журы, у складзе якога сапраўдныя эксперты, не толькі ў жаночай прыгажосці, але і ў сваёй справе — оперны спявак Уладзімір Громаў, дырэктар «Нацыянальнай школы прыгажосці» Алена Троіцкая, дэпутат, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, гендырэктар «Крыстал-Холдынг» Руслан Саракавы, старшыня Маладзёжнага савета Ягор Макарэвіч, рэктар БДУКМ Наталля Карчэўская, дацэнт кафедры БДАМ Канстанцін Касцючэнка, кампазітар Яўген Алейнік, балерына Вольга Гайко, гандбаліст Сяргей Рутэнка і «Міс Сусвета» Аксана Фёдарава.
«З мяне так сабе член журы, бо беларускія дзяўчыны прыгажуні. Як можна выбіраць? Наколькі я зразумеў па рабоце журы, прыгажуню выбіраюць па сукупнасці. Вельмі важны духоўны складнік асобы — сацыяльная дзейнасць. Многія дзяўчыны займаюцца грамадска карыснымі справамі, і гэтым выбіваюцца з іншых», — кажа Яўген Алейнік.
Дзяўчыны рыхтаваліся да фіналу барацьбы за карону амаль месяц. І вось гэты дзень настаў. Шоў у Палацы спорту — апошні этап «Міс Беларусь — 2021», лейтматыў якому задалі беларускія легенды і святы. Шоў складаецца ўмоўна з пяці блокаў, дзе апісваецца мінулае, сучаснасць і будучыня краіны, яе духоўнае багацце, традыцыі і дасягненні. У кожным блоку — дэфіле прыгажунь у розных касцюмах.
Прысутнічаў на фінальным этапе і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Як паведамляюць арганізатары, галоўная прыгажуня Беларусі прадставіць краіну на «Міс міра», атрымае грашовую прэмію ў 500 базавых велічынь і аўтамабіль «Белджы».
Генеральным партнёрам мерапрыемства стаў «Банк развіцця». Арганізатары конкурса — Тэлеканала АНТ, Міністэрства культуры і Нацыянальная школа прыгажосці.
Фінальнае шоу конкурсу атрымалася па-сапраўднаму відовішчным і эфектным. У святле сафітаў і яркага сцэнічнага афармлення дзяўчыны бліскалі, пакараючы публіку прыгажосцю, абаяннем, жаноцкасцю. Аднак гэта было не проста свята доўгіх ног, раскошных валасоў і іншых выдатных знешніх дадзеных. Яно было напоўнена сэнсам і прысвечана прыгажосці роднага краю. Падчас яркага шоу дзяўчаты прэзентавалі сваю краіну — Беларусь, яе сапраўднае, мінулае і будучыню, багацце духоўнай культуры, традыцый і дасягненняў.
«Бо яна нібы дзяўчына — прыгожая, таленавітая, ганарлівая і незалежная!» — адзначыў адзін з вядучых Аляксандр Сярэбранікаў. «І вельмі сучасная! Мы ўпэўненыя, што будучая Міс Беларусь валодае ўсімі гэтымі якасцямі», — дадала яго калега Таццяна Рудакоўская.
Пасля таго як усе 29 канкурсантак былі прадстаўлены, публіку чакаў самы гарачы этап любых спаборніцтваў прыгажунь — дэфіле ў купальніках. Удзельніцы запалілі і заслужана сарвалі бурныя апладысменты.
Вельмі кранальным, лірычным і настальгічным атрымаўся выхад прыгажунь у нацыянальных касцюмах. Дзяўчыны былі захапляльнымі і вельмі гарманічнымі ў такіх строях. Акрамя песень і скокаў, асобныя канкурсанткі дэманстравалі і асаблівыя таленты. Напрыклад, Яна Багдановіч з Гродзенскай вобласці выканала кампазіцыю на балалайцы. Як прынята казаць, яна не проста прыгажуня, але і разумніца. Дзяўчына працуе настаўнікам па класе балалайкі і гітары ў аграгарадку Солы. Ілона Жэгждрынь вучыцца на факультэце музычнага мастацтва ў БДУКМ і выкладае вакал, яна выканала песню. А Таццяна Іванова злёгку дакранулася да мары, выканаўшы кампазіцыю ў опернай стылістыцы: яна марыць стаць артысткай Вялікага тэатра оперы і балета і выканаць са сцэны партыю Таццяны з «Яўгена Анегіна».
Уладальніцай тытула «Міс Беларусь-2021» стала Дар’я Ганчарэвіч, паведамляе [3] БелТА.
Дар’і 18 гадоў, яна з Мінска. Працуе мадэллю і выкладчыкам дэфіле ў Нацыянальнай школе прыгажосці. Валодае гутарковай англійскай. У цяперашні час працуе з вядомымі беларускімі брэндамі ў якасці мадэлі, стварае адзенне для сябе. Марыць стаць арганізатарам Тыдня моды ў Беларусі.
«Я хачу сказаць вялікі дзякуй кожнаму з вас за Вашыя ўсмешкі, за ваш настрой. Мы за кулісамі гэта ўсё вельмі адчувалі. І жадаю кожнаму з вас Здароўя, поспехаў, хай гэты вечар будзе для кожнага самым запамінальным», — сказала прыгажуня падчас урачыстай цырымоніі.
Пераможца 12-га Нацыянальнага конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь» атрымала ўнікальную каштоўную карону, сапраўдны твор мастацтва з белага золата, упрыгожаны россыпам брыльянтаў і тапазаў. У якасці прызоў дзяўчыне дасталіся грашовая прэмія ў 500 базавых велічынь (або ў пераліку Br14,5 тыс.) і аўтамабіль Geely.
У снежні Міс Беларусь прадставіць краіну на прэстыжным міжнародным конкурсе «Міс свету» ў Пуэрта-Рыка.
Марыя ДАДАЛКА
Фота БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://www.belta.by/society/view/miss-belarus-stala-darjja-goncharevich-459327-2021/
[4] https://zviazda.by/be/tags/mis-belarus-1
[5] https://zviazda.by/be/tags/konkurs
[6] https://zviazda.by/be/tags/prezident
[7] https://zviazda.by/be/tags/mis-belarus-2021
[8] https://zviazda.by/be/tags/palac-sportu
[9] https://zviazda.by/be/tags/final