У Беларусі супрацоўнікаў на новым месцы працы зараз можна адаптаваць з дапамогай чат-бота, паведамілі [1] агенцтву «Мінск-Навіны» у кампаніі IBA Group, якая прадставіла сваю распрацоўку пад назвай ZBot. Як растлумачылі спецыялісты, карпаратыўны чат-бот працуе на аснове штучнага інтэлекту. Ён не стоміцца адказваць на ўсе пытанні пачаткоўцаў у любы час сутак і пакажа ўсе неабходныя схемы або відэяінструкцыі.
Чат-бот пакрокава пазнаёміць з усімі момантамі, якія трэба ведаць з першых дзён працы: як наладзіць абсталяванне, дзе падпісваць дакументы, якія кафэ ёсць каля офіса і т. д. Выкананне аднаго задання па адаптацыі займае не больш за 2-3 хвілін, што дазваляе супрацоўніку не адцягвацца ад асноўных спраў.
Пры гэтым чат-бот не проста дае заданні супрацоўніку, але таксама збірае і аналізуе атрыманую ў працэсе адказаў інфармацыю: што было незразумела, выклікала здзіўленне, дапамагло больш за ўсё, якія пытанні яшчэ засталіся, а што можна было б змяніць.
Мяркуецца, што выкарыстанне чат-ботаў дазволіць разгрузіць кіраўнікоў і HR-спецыялістаў. Гэта асабліва актуальна для кампаній, куды рэгулярна прыходзіць вялікая колькасць пачаткоўцаў: IT-сфера, рэтэйл, лагістыка, страхаванне.
Адаптацыя праз чат-ботаў стала асабліва актуальнай у перыяд маштабнага пераходу на працу з дому. Падчас пандэміі COVID-19 шматлікія кампаніі мінімізуюць асабістыя зносіны і пераводзяць супрацоўнікаў на ўдаленку, што патрабуе і новых падыходаў у працэсе адаптацыі пачаткоўцаў.
Спасылкі
[1] https://minsknews.by/adaptirovatsya-k-novomu-mestu-raboty-stanet-legche-s-pomoshhyu-chat-bota-ot-belorusskoj-it-kompanii/
[2] https://zviazda.by/be/tags/kampaniya-iba-group
[3] https://zviazda.by/be/tags/chat-bot
[4] https://zviazda.by/be/tags/it-sfera-2