Менавіта гэтымі словамі — шчырымі, па-народнаму цёплымі, радаснымі — нашы папярэднікі-«звяздоўцы» віталі дзень, які стаў пачаткам яднання беларусаў на сваёй зямлі. Гэтыя словы — у агульным загалоўку, пад якім выйшаў нумар «Звязды» ўжо назаўтра пасля пачатку вызваленчага паходу Чырвонай арміі і які практычна цалкам быў прысвечаны тэме народнага яднання...
Спачатку мы хацелі прысвяціць гэтаму нумару публікацыю-агляд. Але, самі яго з цікавасцю пагартаўшы — уважліва пачытаўшы, — вырашылі, што найлепш будзе апублікаваць яго факсіміле. Гэткі кавалачак жывой гісторыі — і яна сапраўды паўстае на тых старонках, і пачынаеш ведаць тое, чаго не ведаў, асэнсоўваць тое, над чым не задумваўся. Калі хтосьці яшчэ сумняваецца, што 17 верасня 1939 года — дата для нашага народа лёсавызначальная, пачытайце сённяшні нумар. Дакладней, не сённяшні, а той, які дайшоў да нас з 18 верасня 1939-га.
Дарэчы, даваенныя газеты ўвогуле — вялікая рэдкасць: газетная папера гарыць найлепш, а Беларусь тры гады акупацыі і бітваў за яе літаральна палала. Больш-менш поўныя даваенныя падшыўкі «Звязды» ёсць у Нацыянальным архіве ды ў Нацыянальнай бібліятэцы. Нацыянальная бібліятэка некалькі гадоў назад распачала вельмі важную справу — алічбаванне даваенных газет. Мы звярнуліся туды з просьбай падзяліцца лічбавай версіяй «Звязды» верасня 1939 года. Дзякуючы рупліўцам галоўнай кніжнай скарбніцы краіны кожны чытач сённяшняга нумара можа даведацца пра тагачасныя падзеі з першых вуснаў. Або, правільней сказаць, з першых радкоў.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/sites/default/files/18.09.1939.pdf
[3] https://zviazda.by/be/tags/17-verasnya
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzen-narodnaga-adzinstva
[5] https://zviazda.by/be/tags/zvyazda-1