Калі ў Брэст прыходзіць восень з пяшчотнай жоўтай лістотай альбо першымі халадамі і дажджом, хочацца паглядзець добры тэатр. Каб зачапіла самыя патаемныя струны душы, каб адазвалася ў сэрцы, каб падалося, што за тэатральны тыдзень пражытыя цэлыя гады. Ці здарылася такое на гэты раз, у кожнага з гледачоў сваё меркаванне.
Праграму 25-га фэсту адкрыў спектакль Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага «Пане Каханку». Так, гэта пра таго самага Станіслава Радзівіла па мянушцы Пане Коханку, князя, ваяводу віленскага, старасту львоўскага, мечніка вялікага літоўскага. Пра яго найчасцей згадваюць як пра багацея-дзівака. І экскурсаводы ў Нясвіжы, і дасведчаныя школьнікі, бадай, раскажуць пра знакамітае летняе катанне на санях, якое Пане Каханку зладзіў для сваіх гасцей. Ён загадаў высыпаць спрэс дарогу соллю, вельмі дарагой тады і дэфіцытнай. Праўда, пасля незвычайнай прагулкі мясцовыя жыхары запасліся соллю на гады наперад. А ён працягваў тварыць дзівацтвы, яны нярэдка і прыпісваліся яму, каб потым стаць анекдотамі. Яго цяпер часам называюць беларускім Мюнхгаўзенам.
Драматург Андрэй Курэйчык і рэжысёр Сяргей Кавальчык паказалі з іншага боку беларускага магната. Паказалі як яркую асобу, як чалавека, што душой балеў за сваю краіну. Эмацыянальны, нястрыманы, але вельмі справядлівы і да болю любіць Радзіму — такі ён паўстае перад гледачом у гэтым спектаклі: «Мы хочам быць самімі сабой, — прамаўляе ён. — Такія мы людзі. І я люблю іх і цаню іх болей, чым астатнія народы свету. Люблю! У іх душа кранальная...» Раскрыць яго вобраз нечакана дапамагае і вобраз Алесі. Алеся — вясковая дзяўчына і анёл, які дае магчымасць бачыць свет з вышыні птушынага палёту. Яе беленькія анёльскія крылы, праўда, не адзіныя ў гэтай пастаноўцы. Тут увесь час прысутнічаюць крылы слуг, якіх Пане Каханку вучыць лятаць. Ён верыць, што ў рэшце рэшт яны змогуць узняцца ў неба. Хоць сястра Тэафілія вельмі скептычна адгукаецца пра ўзнёслыя магчымасці беларусаў. Але ён упарта жадае ўзняць народ над зямлёй, даць яму ўздыхнуць на поўныя грудзі і адчуць натхненне, якое даступнае толькі свабодным людзям — мастакам ды паэтам.
Няўрымслівы Пане Каханку ў выкананні заслужанага артыста Беларусі Валерыя Шушкевіча — мысліцель, патрыёт і разам з тым багаты дзівак, да таго ж закаханы ў простую сялянку — такая вось складаная і шматгранная асоба. А яшчэ што выклікае сімпатыю — пачуццё гумару і ўменне пажартаваць, у тым ліку і з караля Аўгуста Панятоўскага, які прыязджае да Радзівіла прасіць грошай.
Спектакль надзвычай маштабны, ён дае кожнаму нагоду для роздуму, разважанняў, спрэчак. Работа, пастаўленая больш за 10 гадоў таму, раптам загучала надзвычай звонка і актуальна. У пару Пане Каханку Рэч Паспалітая дажывала апошнія гады, а цяпер мы зноў аказаліся на лёсаносным вітку гісторыі, дзе спатрэбіцца выбар кожнага: як жыць далей, куды ісці, каму верыць. Невыпадкова герой шмат разоў згадвае марскую бітву паміж Галандыяй і Іспаніяй. Чаму галандцы разбілі магутны іспанскі флот? Таму што змагаліся за сваю незалежнасць! Яны ішлі на смерць і перамаглі! А яшчэ Пане Каханку звяртаецца да Панятоўскага з пытаннем: «Ты добра гаварыў. А можаш ты за свабоду сваёй краіны аддаць сваё жыццё?». І гэтае пытанне міжволі адрасуецца і гледачам. Адказ у кожнага свой.
Нячаста так бывае, каб у межах аднаго фестывалю паказалі дзве работы аднаго рэжысёра. А на гэты раз два спектаклі Яўгена Карняга прадставілі два розныя тэатры. І абодва можна назваць падзеяй. «Шлюб з ветрам» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі — пластычны спектакль, у ім няма слоў.
«Хітом сезона» назвалі крытыкі пастаноўку «Запіскі юнага ўрача» Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, стаў ён і хітом «Белай вежы». Цяпер зразумела, чаму Яўгена Карняга называюць самым скандальным рэжысёрам беларускага тэатра. Спецыялісты вызначаюць яго рэжысёрскую манеру як «фізічны тэатр», альбо «візуальная паэзія». У спектаклі гучыць тэма «неідэальных людзей», тэма адзіноты, нехта дасціпна сказаў, што рэжысёр не чакае разумення ні ад акцёраў, ні ад гледачоў. Ён пракладвае маршрут, а рухацца па ім — наша права. І праўда, пасля першай гадзіны дзеі некалькі чалавек пакінула залу, але гэта былі адзінкі. Астатнія прагна глядзелі спектакль, які прымушае думаць. Напрыклад, аб тым, як жыць і выжываць чалавеку ў невыносных для жыцця ўмовах.
Спектакль пастаўлены па матывах апавяданняў Булгакава. Малады ўрач Палякоў у выкананні маладога артыста Дзмітрыя Чуйкова любіць сваю прафесію, спрабуе змагацца з «цьмой егіпецкай» мясцовых сялян асветай, бясстрашна праводзіць ампутацыі і лечыць застарэлы сіфіліс, прымае складаныя роды, але ж неўзабаве трапляе пад наркатычную залежнасць, становіцца марфіністам. І воля яго аказваецца зламанай набытым парокам. У Булгакава, як мы памятаем, урач накладвае на сябе рукі, у спектаклі ён гіне ад рук жанчын-медсясцёр.
Тут шмат чаго асаблівага. І перш за ўсё лялькі, механізмы ў распрацоўцы мастака Таццяны Нерсісян. Гэта нешта неверагоднае. Адразу кідаюцца ў вочы, напрыклад, закасцянелыя ў моргу ступні ног, на якія вешаюць адзежу доктара, што толькі прыехаў, альбо высачэзныя бальнічныя ложкі-стэлажы. А яшчэ трэніроўкі медсястры, якая кідае шпрыцы ў лялечнае цела. Гэта часам выглядае зусім на мяжы, але разам з тым не страшна, не пошла, не навязліва. Цуд? Як і тая гераіня, якой няма, але яна паўсюль. Яна — падсвядомасць, фантазія галоўнага героя, а можа, яго няспраўджанае каханне ў вобразе яркай спявачкі кабарэ. Яна адна яго разумее, яна яшчэ часта спявае цалкам абсурдныя куплеты, накшталт: «Зачем Герасим утопил Муму?» І, як ні дзіўна, яна не выглядае абсурдам, а бывае вельмі нават да месца і выклікае сімпатыю. На спектакль Карняга трэба ісці. Магчыма, за раз яго не разгледзіш, не расшыфруеш, і захочацца прыйсці яшчэ раз.
Несумненна, падзеяй «Вежы» стала выступленне Тбіліскага дзяржаўнага акадэмічнага рускага драматычнага тэатра імя А. С. Грыбаедава. Некалі мы былі ў захапленні ад іх прачытання «Рэвізора», а цяпер яны прывезлі дакументальна-мастацкую работу «А.Л.Ж.І.Р». Гэта пра Акмолінскі лагер жонак здраднікаў радзімы, дзе з 1938 да 1953 года адбывалі пакаранне больш за 8 тысяч ні ў чым не вінаватых жанчын. Работа стала спробай асэнсавання таго перыяду і тых з'яў з дапамогай дакументальных сродкаў і прыёмаў: дзённікі, запісы, пратаколы допытаў. У спектаклі няма галоўных герояў, усе аднолькавыя па значнасці, гісторыю распавядаюць сем жанчын... Адна з гераінь Ніна звяртаецца да гледачоў: «Мы расказвем гэта вам, людзі ХХІ стагоддзя, для таго, каб вы ведалі, каб гэты жах ніколі не паўтарыўся больш». Яе гісторыя амаль тыповая. Выкладала ў кансерваторыі, муж — адказны партыйны работнік, шчаслівая сям'я, маленькі сын. І адна з галоўных яе рэкплік: «Я ведала, што ідуць арышты, але я не дапускала думкі, што гэта можа адбыцца з намі, мы ж ні ў чым не вінаваты. Муж быў цудоўным чалавекам». Яна не верыла нават, калі забралі яе загадчыка кафедры, і бестурботая ішла дадому... Але ўсё скончылася, і яна стала адной з тых пакутніц, што маталі тэрмін у далёкім казахстанскім ГУЛАГУ.
Спектакль, несумненна, цяжкі. Не варта ісці таму, хто разглядае тэатр выключна як культурны адпачынак. Там давяддзецца слухаць пра вытанчаныя катаванні «стаканам», калі ў адну маленькую камеру напіхваюць натоўп людзей і прымушаюць задыхацца, калі выдумляюць парушэнні рэжыму і накіроўваюць у абсалютна цёмны карцар, калі дзецям унушаюць, што маці злачынца і вораг народу, і тыя пачынаюць верыць... Актрыса тэатра Марыям Кіція сказала: «Такое не павінна паўтарацца, а яно ўвесь час паўтараецца то тут, то там, ва ўсім свеце. Таму мы і гаворым са сцэны жорстка, спрабуем дастукацца да свядомасці найперш маладых».
Брэсцкія гледачы доўга не адпускалі грузінскіх артыстаў са сцэны. Праз шквал апладысментаў праступала асаблівая цішыня: спектакль Аўтандзіла Варсімашвілі зачапіў душы і сэрцы.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/teatr
[4] https://zviazda.by/be/tags/brest
[5] https://zviazda.by/be/tags/teatr
[6] https://zviazda.by/be/tags/alzhir-0