КУП «Брэсцкі гарадскі цэнтр па кіраванні нерухомасцю» правядзе 28 верасня аўкцыённыя таргі па продажы двух новых энергаэфектыўных дамоў у Жабінцы, паведамляе [1] БелТА са спасылкай на спецыяліста камунальнага ўнітарнага прадпрыемства Ірыну Раманаву.
Дамы знаходзяцца недалёка адзін ад аднаго ў сядзібнай забудове ў паўднёва-ўсходняй частцы райцэнтра. Катэджы незвычайнага для Жабінкі і ў цэлым для Брэсцкага рэгіёна стылю са скандынаўскімі матывамі — пілотны праект індывідуальных жылых дамоў з жалезабетонных буйнапанэльных канструкцый ад ААТ «Брэстжылбуд». Падобнымі катэджамі збіраюцца забудаваць і праектаваны ў горадзе-спадарожніку квартал індывідуальнай жылой забудовы Шчаглікі-Паўднёвы-2.
Дамы з трохслаёвых вонкавых панэляў, з поўным унутраным рамонтам, сантэхнічным, ацяпляльным абсталяваннем і камунікацыямі адрозніваюць новыя дызайнерскія і праектныя рашэнні. У іх плоскі сумешчаны дах, няма паддашкавага памяшкання, стрыманы, прамалінейны, але пры гэтым элегантны эрганамічны стыль. Асаблівасць трохпакаёвых домікаў — вялікія кухні-гасціныя (35 кВ. м) з французскімі, ад падлогі да столі, панарамнымі вокнамі.
Праекты практычна аднолькавыя — дамы адрозніваюцца толькі крыніцамі энергіі. Адзін з іх, па вул Дачнай, 10 (участак 0,11 га), ацяпляецца электрычнасцю, іншы, па вул. Кобрынскай, 39 (0, 13 га), — газам. Пачатковы кошт першага лота — Br165, 7 тыс. (Br1629, 5 за кв. м), другога — Br177, 8 тыс. (Br1750 за кв. м).
Сёння апошні дзень падачы заяў на ўдзел у аўкцыёне. Іх прымаюць да 17.00 у Брэсцкім гарадскім Цэнтры па кіраванні нерухомасцю па вул. Леніна, 50.
Фота КУП «Брэсцкі гарадскі цэнтр па кіраванні нерухомасцю»
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/regions/view/dva-eksperimentalnyh-kottedzha-v-zhabinke-vystavleny-na-auktsion-460914-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/kup-brescki-garadski-centr-pa-kiravanni-neruhomascyu
[3] https://zviazda.by/be/tags/brest
[4] https://zviazda.by/be/tags/zhabinka
[5] https://zviazda.by/be/tags/aukcyyon
[6] https://zviazda.by/be/tags/neruhomasc
[7] https://zviazda.by/be/tags/damy
[8] https://zviazda.by/be/tags/iryna-ramanava