Надышоў час рэвізаваць адносіны Беларусі і Венесуэлы і выбудаваць яшчэ больш моцнае супрацоўніцтва. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы са спецпасланнікам Прэзідэнта Венесуэлы Аданам Чавесам Фрыясам, перадае [3] БелТА.
«У Беларусі не проста вельмі добра ведаюць, памятаюць нашага сябра — твайго брата (Адан Чавес Фрыяс — старэйшы брат былога Прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса. — Заўвага БелТА). Добра, што ты прыехаў у гэты час, ёсць аб чым пагаварыць, ёсць пытанні, якія мы павінны абмеркаваць. Хачу сказаць, што справа не ў тых санкцыях, якія ўведзены супраць Венесуэлы і Беларусі. У нас ёсць вельмі сур’ёзная, магутная база нашага супрацоўніцтва, закладзеная яшчэ ў часы Чавеса, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба шчыра сказаць, і Венесуэла, і Беларусь слаба карыстаюцца тымі перавагамі, якія былі створаны шмат гадоў таму».
«Мы правялі вельмі важную сустрэчу з Прэзідэнтам Лукашэнкам, абмеркавалі шэраг пытанняў сумеснай дзейнасці. Мы пацвердзілі ўзаемную зацікаўленасць у падтрымцы паміж нашымі краінамі, народамі. Мы дамовіліся перазапусціць тыя праекты, якія рэалізоўвалі раней, намецілі новыя напрамкі супрацоўніцтва: у энергетычнай, горназдабыўной, тэхналагічнай сферах, у сферы сельскай гаспадаркі», — адзначыў Адан Чавес.
Як паведамлялася, Адан Чавес Фрыяс у гэтыя дні наведвае Беларусь. У праграме візіту спецпасланніка Прэзідэнта Венесуэлы — сустрэча са старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталляй Качанавай і старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам. Як чакаецца, венесуэльскі госць выступіць з лекцыяй у БДУ і прыме ўдзел у адкрыцці выстаўкі «Трансатлантык арт-месідж» у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Раней Адан Чавес Фрыяс ужо наведваў Беларусь. У кастрычніку 2017 года ён увайшоў у склад урадавай дэлегацыі ў рамках візіту Прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуры.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў падрыхтаваць усё неабходнае, каб у бліжэйшы час магла адбыцца сустрэча з Прэзідэнтам Венесуэлы Нікаласам Мадурам.
Кіраўнік дзяржавы згадаў, што перад нарадай сустракаўся са спецыяльным пасланнікам Прэзідэнта Венесуэлы Аданам Чавесам — братам памерлага лідара гэтай краіны Уга Чавеса.
«Мы аднадушна заявілі аб тым, што нам трэба аднаўляць той узровень адносін, які ў нас быў, і значна паляпшаць яго. У Венесуэле ёсць усё тое, што нам патрэбна. У нас ёсць усё тое, што патрэбна Венесуэле. Што нас стрымлівае? Трэба знайсці шляхі ўзаемаразлікаў, залікаў і гэтак далей і аднаўляць гандаль», — сказаў Прэзідэнт.
«Трэба падрыхтаваць усё неабходнае для таго, каб прэзідэнты маглі ў бліжэйшы час сустрэцца і замацаваць напрамкі нашага супрацоўніцтва», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Фота БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/prezident
[3] https://blr.belta.by/president/view/lukashenka-nadyshou-chas-revizavats-adnosiny-belarusi-i-venesuely-104957-2021/
[4] https://zviazda.by/be/tags/prezident
[5] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[6] https://zviazda.by/be/tags/sustrecha
[7] https://zviazda.by/be/tags/venesuela
[8] https://zviazda.by/be/tags/adan-chaves-fryas