З шумнай вуліцы — і ледзь не адразу ў цёмныя і ціхія залы… Не кожная выставачная пляцоўка рызыкне прапанаваць сёння настолькі сур’ёзную і працяглую вандроўку, як нядаўна гэта зрабіў Нацыянальны мастацкі музей. Але якім яшчэ мог быць маштабны выставачны праект «“Ёсць дзівосны край…” Італьянскія шэдэўры з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь»? Тут дарэчы ведаць, што збор твораў італьянскіх майстроў XVI—XX стагоддзяў у калекцыі еўрапейскага мастацтва НММ з’яўляецца адным з найбольш значных як па якасці, так і па колькасці экспанатаў. Частка твораў, прадстаўленых на выстаўцы, дэманструецца ўпершыню.
Куратарам экспазіцыі «Ёсць дзівосны край…» выступіла Святлана Пракоп’ева, загадчык аддзела замежнага мастацтва. Як расказала мастацтвазназнаўца, экспазіцыя, прысвечаная італьянскаму жывапісу, скульптуры і графіцы, планавалася дастаткова даўно, як і асаблівы цыкл выставак, што знаёмяць гледачоў з рознымі мастацкімі школамі, прадстаўленымі ў калекцыі еўрапейскага мастацтва, тэматычнымі кірункамі. На працягу апошняга дзесяцігоддзя рэалізавана некалькі такіх праектаў, сярод якіх — прысвечаныя польскаму, французскаму і нямецкаму мастацтву.
— Выстаўцы «Ёсць дзівосны край…» папярэднічала каласальная работа па вывучэнні, а таксама атрыбуцыі экспанатаў, — адзначае Святлана Пракоп’ева. — Цяпер мы прадстаўляем шэраг твораў, якія зусім нядаўна лічыліся работамі невядомых мастакоў. Атрыбуцыі пацверджаны нашымі італьянскімі калегамі, якія прымалі актыўны ўдзел у гэтай працы. Такім чынам, выстаўка — своеасаблівая справаздача. Нягледзячы на тое, што яна была запланавана яшчэ ў 2007 годзе, а праходзіць толькі зараз, не шкадуем аб патрачаным на падрыхтоўку часе.
У зборы твораў італьянскіх мастакоў з калекцыі еўрапейскага мастацтва — цікавыя жывапісныя, графічныя і скульптурныя работы, на прыкладзе якіх можна прадэманстраваць развіццё італьянскага выяўленчага мастацтва ад эпохі Адраджэння да нашых дзён, паказаць характэрныя творы розных стыляў і мясцовых мастацкіх школ. Так, з жывапісам Італіі XVI—XVIII стагоддзяў знаёмяць карціны на міфалагічныя і біблейскія сюжэты, а таксама партрэты. Адным з найлепшых палотнаў лічыцца «Партрэт невядомага з пісьмом» пэндзля невядомага венецыянскага мастака другой паловы XVI стагоддзя, які належыць колу аднаго з найбуйнейшых майстроў эпохі позняга Рэнесансу Тынтарэта.
Гонар калекцыі — творы караваджыстаў. Сярод такіх — палотны венецыянскіх жывапісцаў: «Выкрыццё Адысея» (?) Антоніа Дзанкі, «Ап’яненне Ноя» (1680— 1685) і «Ісаак, які благаслаўляе Іакава» (1680—1685) Антоніа Малінары.
— Зусім нядаўна два апошнія лічыліся творамі невядомых мастакоў. Менавіта мастакоў, — удакладняе куратар выстаўкі. — Нам пашчасціла выявіць, што яны належаць пэндзлю аднаго вельмі вядомага і моднага ў XVII стагоддзі жывапісца. З апошніх адкрыццяў — экспанаты, прадстаўленыя на выстаўцы ў момант рэстаўрацыі: гэта творы, якія прыпісваюцца майстэрні Вічэнціна.
Сярод работ, якія ўпершыню прадстаўлены на суд публікі, — тыя, што прыпісваюцца невядомаму творцу з асяроддзя такога выдатнага мастака, як Лука Джардана. Яны, дарэчы, паходзяць з даваеннай калекцыі Нацыянальнага мастацкага, пра якую супрацоўнікі расказваюць з асаблівым хваляваннем. Цяпер ідзе актыўная работа па выяўленні многіх помнікаў і складанні каталога, які б прадстаўляў калекцыю музея ў момант свайго фарміравання ў 1939-м і да 1941-га, калі зборы музея былі раскрадзены і толькі часткова вярнуліся на радзіму.
Вылучаецца на выстаўцы і палатно «Міфалагічны сюжэт (“Музыканты”)» (1710) рымскага мастака Джыралама Тропа: змрочны пейзаж, прыгожы і моцны чалавек як адлюстраванне моцы і прыгажосці… Гэта адзіны твор майстра ў музейных зборах на тэрыторыі былога Савецкага Саюза.
Па словах стваральнікаў экспазіцыі, сярод твораў італьянскіх скульптараў асаблівай увагі заслугоўвае мармуровая статуя «Юнона», выкананая ў 1716—1717 гадах венецыянскім майстрам Антоніа Тарсія. Скульптура ўваходзіла ў серыю з шасці фігур антычных багоў, дасланую графам Савам Лукічом Рагузінскім-Уладзіславічам — агентам Пятра Вялікага ў Венецыі ў 1716—1722 гадах. У XVIII стагоддзі статуя знаходзілася ў Летнім садзе, пазней — у Таўрычаскім палацы ў Санкт-Пецярбургу.
Найбольш поўна прадстаўлены ў калекцыі работы італьянскіх скульптараў XIX стагоддзя — Джавані Андэрліні, Энрыка Брага, Эрнэста Эрметэ Гацэры. Першы — аўтар мармуровага «Партрэта невядомай» 1872 года. Рэалістычны вобраз немаладой жанчыны прываблівае дэталямі, драпіроўкай на антычны манер. Энрыка Брага ў 1880-я жыў і працаваў у Санкт-Пецярбургу, дзе выкладаў у мастацкай школе Імператарскага таварыства заахвочвання мастацтваў. За васьмігадовы перыяд знаходжання ў Расіі скульптар стварыў выявы членаў імператарскай сям’і, а таксама выканаў партрэт французскай драматычнай актрысы Сары Бернар, якая, вядома, некалькі разоў там гастраліравала. Вобраз артысткі (дата стварэння работы невядома) узноўлены скульптарам у характэрнай для мастацтва гэтага перыяду свабоднай жывапіснай манеры. З творчасцю Эрнэста Эрметэ Гацэры знаёміць мармуровая кампазіцыя «На лаве» (1912).
Італьянскую школу гравюры дэманструюць пераважна творы XVIII — першай паловы XIX стагоддзя. Гонарам калекцыі з’яўляюцца аркушы з серыі «Лоджыі Рафаэля ў Ватыкане», створанай у 1772—1777 гадах Джавані Атавіяні і Джавані Трэвізанам Вальпата, а таксама гравюры Вальпата з серыі «Станцы Рафаэля ў Ватыкане» (канец 1770-х — пачатак 1780-х гадоў), якія прадстаўляюць частку роспісаў знакамітых лоджый і апартаментаў папы рымскага (Станцы) у Ватыканскім палацы, створаных Рафаэлем Санці і яго вучнямі ў 1508—1519 гадах. У зборы італьянскай гравюры асаблівай увагі заслугоўваюць разрозненыя аркушы з выдання «Этрурыя мастацкая, або Гісторыя жывапісу Тасканы, заснаваная на яе помніках, прадстаўленых у гравюры, з X стагоддзя да нашых дзён», апублікаванага ў двух тамах у 1791 і 1795 гадах у Фларэнцыі. Эстампы фаліянта — прыклад еўрапейскай друкаванай графікі высокай якасці XVIII стагоддзя.
Мэта стварэння выстаўкі не проста пазнаёміць гледачоў з творамі італьянскіх майстроў. Аўтары экспазіцыі вырашылі прапанаваць здзейсніць своеасаблівую вандроўку, бо Італія ўваходзіла ў маршрут так званага гранд-тура — працяглага падарожжа, якое арганізоўвалі ў адукацыйных мэтах сыны еўрапейскіх арыстакратаў і багатых буржуа. У якасці прэзентаў вандроўнікі XIX стагоддзя вывозілі з Італіі разлічаныя на турыстаў жывапісныя работы, што прадаваліся паўсюль. Прыклад — «Блакітны грот на Капры» невядомага мастака таго часу.
Рэалізацыя выставачнага праекта «“Ёсць дзівосны край...” Італьянскія шэдэўры з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь» стала магчымай пры падтрымцы шматгадовага партнёра музея — Пасольства Італіі ў Беларусі. З яго дапамогай будзе выдадзены каталог італьянскага збору музея, з якім, як плануецца, ахвотныя змогуць пазнаёміцца да канца работы выставачнага праекта. Як адзначае Святлана Пракоп’ева, такая ініцыятыва вельмі важная, бо музейшчыкі маюць магчымасць презентаваць выданне калегам як у краіне, так і за яе межамі і такім чынам увесці ў навуковы абарот творы, пра якія практычна ніхто не ведае.
Дарэчы, экспазіцыю работ выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва дапаўняе фотапраект «[Ня]бачныя плошчы», прадстаўлены менавіта Пасольствам Італіі. Куратар выстаўкі — Марка Дэлогу. Аўтарскія фатаграфіі, створаныя ў першыя дні лакдаўну 2020 года і дапоўненыя кароткімі тэкстамі італьянскіх пісьменнікаў, паказваюць краявіды дзвюх дзясяткаў плошчаў італьянскіх гарадоў: плошча пакутнікаў (Карпі), плошча Барака (Луга), плошча Себасцьяна Сата (Нуора), Народная плошча (Рым), плошча Святога Крыжа (Фларэнцыя)…
Не абмініце ўвагай і куратарскія экскурсіі Святланы Пракоп’евай па выстаўцы «Ёсць дзівосны край…» Ахвотныя могуць паспець здзейсніць італьянскае падарожжа з мастацтвазнаўцам 11, 21 і 28 кастрычніка. У рамках праекта таксама — лекцыі Алены Шапашнікавай. 9 кастрычніка размова будзе весціся пра Леанарда да Вінчы, 16-га — пра Рафаэля Санці, а 23-га — пра Мікеланджэла Буанароці. 30 кастрычніка запланавана лекцыя «Мастацтва Венецыі другой паловы XV—XVI ст.», а 6 лістапада прагучыць даклад «Мастацтва Італіі XVII ст.». Арганізатары падкрэсліваюць: колькасць наведвальнікаў экскурсій і лекцый абмежавана, неабходны папярэдні запіс. Выстаўка ж будзе працаваць да 21 лістапада. І анонс: як расказала Святлана Пракоп’ева, адразу пасля завяршэння адкрыецца юбілейны праект, прысвечаны жывапісу перасоўнікаў.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/yaugeniya-shycka
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/vyyaulenchae-mastactva
[4] http://zviazda.by/be/edition/litaratura-i-mastactva
[5] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalny-mastacki-muzey
[6] https://zviazda.by/be/tags/vystava
[7] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-prakopeva