З верасня ў Беларусі назіраецца пад'ём захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, у тым ліку на COVІD-19. Медыкі звязваюць гэта з пачаткам вучэбнага года, які супаў з пагаршэннем надвор'я і істотным пахаладаннем. Сапраўды, сярод хворых на ВРВІ шмат дзяцей і падлеткаў.
Паводле інфармацыі Мінскага гарадскога цэнтра здароўя, яны складаюць каля 70 %, а захваральнасць на рэспіраторныя інфекцыі ў сталіцы знаходзіцца на звычайным для гэтага перыяду ўзроўні. Праўда, да сезонных ВРВІ цяпер дадаецца і каранавірусная інфекцыя. Апошнія тыдні, паводле даных Міністэрства аховы здароўя, штодзень у краіне рэгіструецца амаль дзве тысячы новых выпадкаў COVІD-19. Пры гэтым колькасць тых, хто зрабіў прышчэпкі, расце не так імкліва. Пакуль больш за 2 млн 342 тысячы беларусаў атрымалі першую дозу вакцыны, з іх больш за 1 млн 702 тысячы прайшлі поўны курс вакцынацыі.
Як працуюць паліклінікі ва ўмовах росту захваральнасці? Як трапіць да ўрача-спецыяліста, калі ваша праблема не звязана з ВРВІ? Ці шмат ахвотных вакцынавацца і ці ёсць выбар вакцын? Як цяпер арганізавана работа амбулаторнага звяна, мы паглядзелі на прыкладзе 11-й гарадской паліклінікі Мінска і паразмаўлялі з яе галоўным урачом Ірынай БОЛДЫРАВАЙ, якую дачакаліся пасля прыёму пацыентаў.
Каардынатар на ўваходзе ў паліклініку, здаецца, стаў звыклай для нас з'явай яшчэ з першай хвалі каранавіруса. Вам не толькі памераюць тэмпературу, але і пацікавяцца мэтай візіту. Пацыентаў з павышанай тэмпературай накіроўваюць у інфекцыйны блок — з асобнага ўваходу. Тут жа можна выклікаць урача на дом — каардынатар перадасць неабходную інфармацыю з вашымі данымі ў стол даведак. Некаторым пацыентам нагадваюць, што рэцэпт цяпер можна заказаць на сайце паліклінікі ці па тэлефоне, для гэтага неабавязкова прыходзіць. Асабліва гэта датычыцца пажылых людзей. Дарэчы, на сайтах паліклінік з канца верасня з'явіліся аб'явы з просьбай адмовіцца ад неабавязковага наведвання паліклінікі ў сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкай. Магчыма, таму, што многія да яго прыслухоўваюцца, ёсць адчуванне, што ў калідорах наведвальнікаў менш, чым звычайна. Толькі да кабінетаў, дзе вядуць прыём урачы агульнай практыкі, сядзяць па некалькі чалавек.
— З 22 верасня, згодна з загадам камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, абмежавана аказанне планавай медыцынскай дапамогі, — кажа Ірына Болдырава. — Яна не адменена цалкам, але колькасць талонаў, якія выдаюцца пацыентам па папярэднім запісе да ўрачоў-спецыялістаў (іх замаўляюць толькі па тэлефоне ці праз інтэрнэт), зменшана. Пры гэтым цалкам адменены талоны да ўрачоў агульнай практыкі. Яны цяпер пераважна задзейнічаны для аказання медыцынскай дапамогі пацыентам з рэспіраторнымі захворваннямі, у тым ліку пацыентам з COVІD-19. Разам з тым урачы-спецыялісты, улічваючы, што ў іх абмежаваны прыём па талонах, таксама прыцягваюцца да аказання медыцынскай дапамогі дадзенай катэгорыі пацыентаў.
Урачы-спецыялісты пасля прыёму па талонах накіроўваюцца ў інфекцыйны блок, дзе аглядаюць пацыентаў з прыкметамі вострых рэспіраторных вірусных інфекцый. Ён працуе з 8 раніцы да 20 гадзін. На прыёме тут штодзень ад аднаго да трох урачоў. Самыя загружаныя дні — панядзелак і пятніца, таму пацыентаў прымаюць адначасова тры ўрачы. А вось у аўторак, сераду і чацвер наведвальнікаў менш — спраўляюцца, як правіла, два ўрачы. Нярэдка на прыёме ў інфекцыйным блоку можна ўбачыць і галоўнага ўрача, і намеснікаў. Ва ўмовах складанай эпідэміялагічнай абстаноўкі дапамогу пацыентам аказваюць літаральна ўсе медыкі.
— Колькасць пацыентаў мы адсочваем кожную гадзіну. Аператыўна рэагуем на павелічэнне чаргі, і пакуль пытанняў не ўзнікае. І я, і мае намеснікі таксама вядзём прыём, каб пацыенты доўга не чакалі, — кажа Ірына Мікалаеўна.
Работа ўсіх падраздзяленняў паліклінікі адпрацавана яшчэ ў папярэднія хвалі каранавіруснай інфекцыі. Дзённы стацыянар, напрыклад, працягвае сваю работу, але па абмежаваным графіку — усяго тры гадзіны ў дзень. Тут аказваюць дапамогу пацыентам, якія знаходзяцца ў перыядзе часовай непрацаздольнасці. Гэта, скажам, праблемы са спінай, абвастрэнні бранхіяльнай астмы, бранхіты і іншыя захворванні, пры якіх не дапамагае амбулаторнае лячэнне і патрэбны, напрыклад, курс кропельніц. У астатні час урач дзённага стацыянара задзейнічаны ў аказанні дапамогі пацыентам з прыкметамі рэспіраторных захворванняў. А вось работа аддзялення фізіятэрапіі часова спынена. Яго персанал цяпер працуе ў інфекцыйным блоку, медсёстры задзейнічаны ў якасці каардынатараў у холе паліклінікі ці дапамагаюць на прыёме ўрачам агульнай практыкі.
Да асенняга ўздыму захваральнасці паліклініка рыхтавалася загадзя. Закуплены сродкі індывідуальнай аховы для ўрачоў, медыцынскіх сясцёр, санітарак — іх запас складае ад двух да трох месяцаў. У дастатковай колькасці маюцца экспрэс-тэсты на COVІD-19, якія вызначаюць наяўнасць імунаглабулінаў M і G.
Медыкі нагадваюць, што пацыентам, асабліва пажылым, не рэкамендуецца лішні раз прыходзіць у паліклініку. Гэта дазволіць пазбегнуць неабавязковых кантактаў, у тым ліку і з хворымі наведвальнікамі. Па рэцэпт можна звярнуцца праз рэгістратуру па тэлефоне. Медрэгістратар высветліць, ці ёсць пагаршэнні здароўя. Калі іх няма і пацыента раней аглядаў урач, прапануюць пакінуць свой тэлефон. Пасля патэлефануе ўрач, высветліць, якія неабходны рэцэпты, і медсястра даставіць іх пацыенту. Калі пацыента не аглядаў урач, ён зробіць візіт на дом.
Цяпер ёсць магчымасць заказаць рэцэпты і праз сайт. Гэта опцыя больш падыходзіць для ўпэўненых карыстальнікаў інтэрнэту, але пажылым людзям тут могуць дапамагчы іх дзеці ці іншыя блізкія. У заяўцы варта ўказаць, калі пацыент быў агледжаны ўрачом, якое прызначана лячэнне і просьбу для яго працягу выпісаць рэцэпты. З пацыентам таксама звяжуцца па тэлефоне і даставяць рэцэпты на дом.
— Мы пастаянна вядзём актыўную тлумачальную работу. Да ўздыму захваральнасці, напрыклад, нашы медыкі праводзілі сустрэчы з пажылымі людзьмі ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнай абароны, дзе нагадвалі пра меры перасцярогі, у тым ліку заклікалі максімальна абмежаваць наведванне месцаў масавага збірання людзей, у прыватнасці паліклінікі. Калі дрэнна сябе адчуваеце, лепш выклікаць урача на дом, — кажа Ірына Болдырава.
Парадак работы з пацыентамі, якія хварэюць на каранавірусную інфекцыю і лечацца амбулаторна, а таксама з кантактамі першага ўзроўню не змяніўся. Праўда, у адпаведнасці з загадам Міністэрства аховы здароўя № 900, зменшылася колькасць дзён самаізаляцыі. Назіранне за пацыентамі па-ранейшаму ажыццяўляюць кантактныя брыгады — як урачэбныя, так і сястрынскія. З уздымам захваральнасці іх колькасць павялічана. Урачэбная брыгада робіць агляд хворых, сястрынская выконвае забор мазкоў.
— Рост захваральнасці адзначаецца, але піку, які быў у папярэднія хвалі, мы яшчэ не дасягнулі, — канстатуе галоўны ўрач. — Аднак цяпер, у адрозненне ад папярэдніх хваль, людзі страцілі пільнасць у нашэнні масак і іншых мер перасцярогі. Нават пры ўваходзе ў паліклініку цяпер даводзіцца і прапаноўваць, і прымушаць надзяваць маскі.
Што датычыцца вакцын, то ў цяперашні час у паліклініцы маецца тры віды: кітайская Vero Cell, «Спадарожнік V» (беларускай вытворчасці) і «Спадарожнік Лайт» (расійскай вытворчасці) . Вакцыны дастаткова, прышчапляюць усіх ахвотных — нават тых, хто не замацаваны за паліклінікай тэрытарыяльна. Па назіраннях медыкаў, у апошнія тыдні прышчапляцца сталі актыўней, але гэта датычыцца пераважна пажылых людзей. Моладзі перад працэдурным кабінетам, які, дарэчы, працуе цэлы дзень з невялікімі перапынкамі на дэзынфекцыю, не так шмат.
Для пажылых людзей, якія абмежаваны ў перамяшчэнні, арганізаваны брыгады, што выязджаюць на дом. У вызначаныя дні, калі набіраецца пэўная колькасць ахвотных (ампулы вакцыны разлічаны на некалькі чалавек), брыгада выязджае да пенсіянераў. Вакцыну перавозяць у спецыяльных тэрмасумках. Праз 21 дзень пацыентам робіцца паўторная прышчэпка.
Выязджаюць медыкі і ў працоўныя калектывы. Прышчапіцца выказалі жаданне і супрацоўнікі прыватнага медыцынскага цэнтра, работнікі камвольнага камбіната, настаўнікі школ, персанал дзіцячых садкоў.
— Колькасць ахвотных вакцынавацца цяпер павялічваецца. У першую чаргу за кошт асоб, якія працуюць з людзьмі. Усё больш запытаў мы атрымліваем ад дзіцячых садкоў, школ, іншых арганізацый сацыяльнай сферы. У нас, дарэчы, прышчапіліся 98 % нашых супрацоўнікаў, — гаворыць Ірына Болдырава.
Большай папулярнасцю пакуль карыстаецца кітайская вакцына. Цяпер, дарэчы, у паліклініках з'явілася аднакампанентная расійская вакцына «Спадарожнік Лайт». Яна прызначана для студэнтаў, навучэнцаў дзённай формы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, прызыўнікоў. Калі вы не вызначыліся з вакцынай, перад прышчэпкай падчас агляду ўрач растлумачыць усе перавагі кожнай з іх і парэкамендуе найбольш падыходзячую з улікам вашага стану здароўя. Па-ранейшаму прышчапіцца можна ў выязных пунктах, арганізаваных у гандлёвых цэнтрах, тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання і інш. Медыкі 11-й гарадской паліклінікі выязджаюць у такія пункты, якія працуюць у гандлёвым цэнтры «Карона», доме-інтэрнаце для ветэранаў.
Напрыканцы размовы Ірына Мікалаеўна звяртае ўвагу на яшчэ адну важную рэч. Пры з'яўленні першых сімптомаў хваробы не варта чакаць, што ўсё пройдзе само.
— Пры з'яўленні першых прыкмет рэспіраторнага захворвання — кашлю, пяршэння, болю ў горле — трэба звярнуцца да ўрача. У нас амбулаторная дапамога вельмі даступная — можна прыйсці ў паліклініку самастойна ці выклікаць урача на дом. Калі стан дазваляе, то лепш прыйсці, каб урач паслухаў, правёў дыягностыку, прызначыў неабходныя аналізы і вызначыўся з тактыкай лячэння. Ні ў якім разе не трэба зацягваць і чакаць, «што будзе далей». Своечасова пачатае лячэнне папярэдзіць развіццё цяжкага захворвання. Важна абавязкова насіць маску, захоўваць дыстанцыю, апрацоўваць рукі, прышчапляцца — выконваць усе меры, якія вядомы. Іх захаванне дазваляе пазбегнуць непажаданых наступстваў.
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/vakcynacyya
[5] https://zviazda.by/be/tags/covid-19-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/vrvi