Лічбавая энергетыка — гэта эканамічнасць, экалагічнасць і высокія стандарты якасці. Па ўзроўні лічбавай трансфармацыі энергетыкі Беларусь лідзіруе сярод краін СНД. Яна стала першай рэспублікай сярод дзяржаў былога СССР, дзе ўкаранілі аўтаматызаваную сістэму кантролю і ўліку электраэнергіі. Пры гэтым дзеля памяншэння колькасці зношаных электрасетак у краіне неабходна штогод мяняць 2700 кіламетраў ліній электраперадачы, на што да 2025 года мяркуецца зрасходаваць каля 1,5 млрд беларускіх рублёў (500 мільёнаў — з рэспубліканскага бюджэту). Пра перспектывы развіцця электрасетак ва ўмовах росту попыту на выкарыстанне электрычнасці на розныя мэты, а таксама лічбавізацыю электраэнергетыкі расказалі эксперты энергетычнай галіны.
Сёння лічбавізацыя — тэма не толькі модная, але і надзённая тэма, паколькі з уводам БелАЭС у краіне паўсюдна ажыццяўляюцца пачынанні па павелічэнні спажывання электраэнергіі. У рэспубліканскай энергасістэме рэалізоўваецца некалькі цікавых праектаў па лічбавізацыі. Адзін з найбольш цікавых сёння — стварэнне сістэмы аўтаматычнага рэгулявання частаты і ператокаў магутнасці (САРЧМ), заўважыў начальнік упраўлення аўтаматызаваных інфармацыйна-вымяральных сістэм «Белэнерга» Аляксей КУРЫЛЕНКА.
Раней, ды і цяпер адной з асноўных задач дыспетчара энергасістэмы з'яўляецца вядзенне рэжыму — падтрыманне сальда ператокаў па магістральных лініях электраперадачы на межах нашай краіны. Гэта ручная работа, бо трэба сачыць за генерацыяй і спажываннем энергіі. Апошняе кожную секунду можа мяняцца на дзясяткі мегават (і гэта ў нармальным рэжыме работы). Падчас аварый могуць знікнуць сотні мегават магутнасці. Каб вытрымаць кантракты на пастаўкі энергіі, дыспетчар мусіў сальда за гадзіну трымаць у пэўных межах, а чалавеку, вядома, уласціва некалькі спазняцца ў разліках. Таму стварылі сістэму, дзе гэтую задачу вырашае машына, расказаў эксперт:
— Для стварэння сістэмы былі мадэрнізаваны сістэмы тэлемеханікі на ўсіх падстанцыях, якія маюць міждзяржаўныя ператокі энергіі. Цяпер інфармацыя пра ператокі электраэнергіі штосекундна паступае ў дыспетчарскі цэнтр «Белэнерга», дзе разлічваецца сальда айчыннай энергасістэмы і параўноўваецца з планавым значэннем. Такім чынам, мы будзем гатовы аддаваць заданні на генерыруючыя крыніцы, якія будуць падключаны ў САРЧМ, што дазволіць вытрымліваць жорсткія патрабаванні па адхіленню сальда ператокаў і пазбегнуць штрафных санкцый па пастаўках энергіі, — тлумачыць Аляксей Курыленка.
Яшчэ адна задача САРЧМ — падтрыманне частаты. Гэта пытанне бяспекі і ўстойлівасці энергасістэмы ў цэлым. Вядома, што турбіна павінна рабіць 3000 абаротаў за хвіліну і выдаваць у энергасістэму частату 50 Гц. Самае нязначнае адхіленне вядзе да памяншэння ўстойлівасці энергасістэмы, а калі пагрэшнасць стане 1-2 ГЦ, то энергасістэма проста падзеліцца на некалькі складнікаў і энергазабеспячэнне спыніцца.
Айчынныя энергетыкі вось-вось скончаць стварэнне цэнтральнай каардыацыйнай сістэмы. Летась і сёлета на 4-м і 9-м энергаблоках Лукомльскай ГРЭС праводзілі выпрабаванні адносна магчымасці рэгулявання блокаў з цэнтральнага пункта «Белэнерга». На чарзе — выпрабаванні на Гомельскай ЦЭЦ-2 і Бярозаўскай ГРЭС. Плануецца, што ў лістападзе-снежні ўжо пачнецца доследная эксплуатацыя ў аўтаматызаваным рэжыме двух блокаў Лукомльскай ГРЭС, паведаміў Аляксей Курыленка.
Працуюць у галіне і над стварэннем лічбавай платформы аўтаматызаванай сістэмы тэхналагічнага кіравання (АСТУ) аб'ектамі энергасістэмы, прынцып работы якой прадстаўнік АДУ патлумачыў у параўнанні з работай камп'ютара:
— За 25 гадоў, на працягу якіх масава распаўсюдзіліся камп'ютары, у энергасістэме з'явілася мноства дадаткаў, кожны з якіх вырашае ўласную задачу. Гэтыя праграмныя комплексы працуюць з пэўнай структурай энергасістэмы. Схема сеткі мяняецца штогод у прынцыпе, а ў межах будаўніцтва АЭС схема сістэмаўтваральнай сеткі змянілася яшчэ больш сур'ёзна. А кожнае такое змяненне патрабуе ўнясення змен у кожную асобную праграму. І ў гэтым працэсе вельмі высокая верагоднасць памылкі чалавека. Каб пазбегнуць гэтага, гадоў з дзесяць таму Міжнародная электратэхнічная камісія прапанавала стварэнне агульнай інфармацыйнай мадэлі — СІМ-мадэлі, як яе называюць энергетыкі. Гэта калі па адных і тых жа законах апісваецца поўнасцю ўся энергасістэма, а праграмны комплекс, які выкарыстоўваецца для вырашэння розных задач (размеркавання, адключэння, рамонту), абапіраецца на адну гэтую СІМ-платформу. Такім чынам, у ідэале пры любым змяненні ў адным пэўным месцы ўвесь праграмны комплекс адразу будзе ведаць пра гэтыя змены.
У электрасеткавым комплексе беларускай энергасістэмы ўсталявана больш за 63 тысячы прылад рэлейнай абароны і аўтаматыкі. Каля 40 % з іх створана на мікрапрацэсарнай і мікраэлектроннай элементнай базе. Галоўная задача аўтаматызацыі размеркавальнай сеткі — аператыўная лакалізацыя аварыйнага ўчастка, а вядучая роля ў яе вырашэнні належыць рэклоўзеру, які забяспечвае аўтаматызацыю і кіраванне лініямі электраперадачы на якасна новым узроўні. Ён аб'ядноўвае ў сабе практычна ўсе віды супрацьаварыйнай аўтаматыкі. З укараненнем рэклоўзера сетка становіцца больш гнуткай — пашкоджанне ў ёй не аказвае ўплыву на большасць спажыўцоў. Рэканфігурацыя адбываецца аўтаматычна, інфармацыя апрацоўваецца лакальна і выдаецца дыспетчару для прыняцця рашэння. А вызначэнне пашкоджання і ўвод рэзерву адбываецца за секунды, кажуць энергетыкі.
Пілотныя праекты па аўтаматызацыі электрасетак адбываюцца цяпер на прадпрыемствах «Мінскія кабельныя сеткі і «Гомельскі гарадскі РЭС». Тут будзе ўкараняцца праграмнае забеспячэнне, якое першапачаткова падтрымлівае тэхналогію СІМ-мадэлі. Па выніках укаранення гэтых праектаў, магчыма, і будзе выпрацаваны агульны падыход па патрабаваннях да таго праграмнага забеспячэння, якое будзе пасля маштабавана на ўсю энергасістэму.
На працягу апошніх двух гадоў у краіне ўкараняецца адзіная аўтаматызаваная геаграфічная інфармацыйная сістэма — «Геагіс». Гэта алічбоўка ўсіх ліній электраперадачы з магчымасцю нанясення іх на геаграфіную падложку. Пасля гэтага ў ідэале энергетыкам не трэба будзе думаць, дзе што знаходзіцца тэрытарыяльна. Дастаткова ўзяць планшэт і ледзьве не па навігатары рухацца да патрэбнай апоры лініі.
А вось інфармацыйна-графічная сістэма «Цяплограф» дазваляе поўнасцю вырашыць задачу пашпартызацыі сетак і абсталявання на базе маштабнага графічнага прадстаўлення на плане мясцовасці. Яна здольная аператыўна шукаць аб'екты па розных крытэрыях, выкарыстоўваць графічныя і таблічныя метады аналізу даных, разлічваць гідраўлічныя рэжымы, лакалізаваць пашкоджанні цепласетак, мадэліраваць перспектыўныя варыянты развіцця сістэмы цеплазабеспячэння, заўважылі эксперты галіны.
У спадчыну з часоў СССР энергетыкам дастаўся мазаічны шчыт, дзе ў выглядзе мнемасхемы, па сутнасці — набору ліній, адлюстроўваліся энергааб'екты. За апошнія гады галіна пераходзіць да сістэмы калектыўнага адлюстравання на відэакубах ці LED-панэлях. Гэта дазваляе дыспетчару па-іншаму прадстаўляць інфармацыю і прымаць рашэнні, дадаў Аляксей Курыленка. Сэрца цяперашняй беларускай энергасістэмы — галоўны энергетычны дыспетчарскі шчыт, з якога пастаянна кіруюць энергасістэмай, каб забяспечыць яе бесперабойную дзеяздольнасць у краіне, а таксама паралельную работу з энергасістэмамі сумежных краін.
Працягласць электрасетак у Беларусі налічвае звыш 278 тысяч кіламетраў. Пры гэтым крыху больш за палову з 244 тысяч кіламетраў ліній электраперадач напружаннем 0,4—10 кВ у краіне зношаныя. Адпрацавалі свой тэрмін службы і 38 % з 34 тысяч кіламетраў ліній напружаннем 35—750 кВ. Таму перад энергетыкамі стаіць задача па памяншэнні зносу электрасетак, павышэнні надзейнасці іх электразабеспячэння, а таксама павелічэнні прапускной здольнасці, нагадаў начальнік упраўлення стратэгічнага развіцця «Белэнерга» Андрэй НЯГОДЗЬКА:
— З 2021 да 2025 года прадугледжана будаўніцтва і рэканструкцыя каля 12 тысяч кіламетраў паветраных ліній электраперадачы напружаннем 0,4—10 кВ, каля 600 кіламетраў — напружаннем 110 кВ, каля 530 кіламетраў — напружаннем 330 кВ. Запланавана таксама будаўніцтва падстанцый: напружаннем 750 кВ — адна, 330 кВ — восем, 110 кВ — 27 штук. Асаблівая ўвага пры гэтым будзе ўдзяляцца магчымасці стварэння ўмоў для павелічэння спажывання электраэнергіі на ацяпленне, гарачае водазабеспячэнне і гатаванне ежы.
За выдачай тэхнічных умоў (ТУ) на выкарыстанне электрычнасці на гэтыя мэты сёлета ў энергазабяспечвальныя арганізацыі звярнулася каля 15 тысяч чалавек. 82 % з іх дакументы атрымалі, астатнім адмовілі.
— Найперш гэта абумоўлена абмежаванай прапускной здольнасцю электрасеткі. Хаця спецыялісты энергасістэмы пры звароце грамадзян вядуць дэталёвы аналіз электрасеткі і вызначаюць тэхнічную магчымасць падключэння любога жылога дома і яго электрапрыёмнікаў да электрасеткі. Пры адмове ў выдачы ТУ гэтая інфармацыя ўлічваецца пры планаванні рэканструкцыі электрасетак, — запэўніў эксперт.
Мадэрнізацыя сетак, якія аджылі свой век, адбываецца адпаведна з планам-графікам і за дзяржаўны кошт. Аднак тыя, хто хоча займець электрычнасць для ацяплення, падагрэву вады і гатавання раней, верагодна, змогуць фінансава паўдзельнічаць у аплаце работ па рэканструкцыі яшчэ не зношаных (незамартызаваных) электрасетак. З гэтай нагоды рыхтуецца адпаведны дакумент, які дазволіць грамадзянам аб'ядноўвацца ў спажывецкія кааператывы і згуртавана ўдзельнічаць у рэканструкцыі электрасетак, укладваючы ў гэта да 30 % ад кошту рэканструкцыі, удакладніў Андрэй Нягодзька.
Аднак у мястэчках, дзе дамы падключаны да цэнтралізаванай сістэмы забеспячэння прыродным газам, электрычнасць для падагрэву вады ніколі не будзе выкарыстоўвацца. Двойчы ўкладваць дзяржаўныя грошы ў наладжванне інфраструктуры няправільна, нагадалі эксперты.
Ірына СІДАРОК
Фота ўатара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/energetyka
[4] https://zviazda.by/be/tags/lichbavaya-energetyka
[5] https://zviazda.by/be/tags/alyaksey-kurylenka
[6] https://zviazda.by/be/tags/belenerga-0