На сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў ішла гаворка пра будаўніцтва. Пытанні ўзвядзення жылля, а таксама дзіцячых садкоў, школ, паліклінік і іншых аб'ектаў сацыяльнага прызначэння традыцыйна ў цэнтры ўвагі народных выбраннікаў.
Дзяржаўная праграма жыллёвага будаўніцтва заўсёды ў цэнтры ўвагі мясцовай улады і рэалізоўваецца кожную пяцігодку, згодна з рашэннем «абласнога парламента». Таму вырашэнне кватэрнага пытання знаходзіцца на асаблівым кантролі.
Усяго за пяць гадоў у Падзвінні запланавалі здаць пад ключ каля 1,8 мільёна квадратных метраў жылля. Паводле слоў старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Шыдлоўскага, гэта прыкладна на 400 тысяч «квадратаў» больш, чым у 2016—2020 гады.
У паўночнай вобласці краіны, дзе колькасць насельніцтва больш за 1 мільён 120 тысяч чалавек, у спісах тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, — парадку 64 тысяч, у тым ліку прыблізна 27 тысяч — віцябчан. А сярод апошніх пераважна 15 тысяч маладых сямей, у якіх выхоўваюць па адным дзіцяці.
Напэўна, калі ідзе размова пра новыя мікрараёны Віцебска, у першую чаргу згадваецца назва Чаромушкі. І ў абласным цэнтры ёсць такое таксама. Чаромушкі, як і мікрараёны Нікраполле, Тарны і Лучоса, на працягу пяці гадоў будуць актыўна забудоўваць шматпавярховымі дамамі. Кіраўніцтва гарвыканкама разумее, што трэба паклапаціцца, каб у найбліжэйшай перспектыве тутэйшыя маглі атрымаць комплекс аб'ектаў сацыяльнага прызначэння. Таму будзе прадумана магчымасць паралельнага будаўніцтва дзіцячых садкоў і гэтак далей.
Паводле інфармацыі Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Віцебскай вобласці, толькі ў студзені — ліпені арганізацыямі ўсіх формаў уласнасці пабудавана 1,5 тысячы новых кватэр. Уведзена ў эксплуатацыю 133 тысячы квадратных метраў агульнай плошчы жылля.
Для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, уведзена ў эксплуатацыю 48,5 тысячы квадратных метраў, або 36,4 % ад усяго аб'ёму пабудаванага.
У сельскіх населеных пунктах, як сведчаць работнікі статыстыкі, уведзена ў эксплуатацыю 37,6 тысячы квадратных метраў — 28,3 % ад агульнага ўводу па вобласці.
Цікава, што ў глыбінцы ўжо няма неабходнасці масава ўзводзіць шматпавярховае жыллё. У такіх раённых цэнтрах, як Ушачы, Расоны, Шуміліна, у бягучай пяцігодцы ўзводзіць жыллё будуць раз на некалькі гадоў, а ў некаторых рэгіёнах будуць дастаткова будаваць індывідуальнага жылля.
Кіраўніцтва абласной прадстаўнічай і выканаўчай улад патрабуе больш увагі ўдзяляць будаўніцтву арэнднага жылля. Актуальная тэма — будаўніцтва дамоў, дзе падагрэў вады і ацяпленне — ад электрычнасці.
Дзеля аптымальнай нагрузкі будаўнічых арганізацый, лічаць у аблвыканкаме, мэтазгодным будзе больш актыўна прапаноўваць паслугі ў суседніх рэгіёнах Расійскай Федэрацыі. Віцебшчына мяжуе на ўсходзе са Смаленскай, на поўначы — з Пскоўскай абласцямі. Вопыт працы назапашаны немалы.
На сёння ў асноўным заключаны шэраг дагавораў падраду на ўзвядзенне шматкватэрнага жылля ў канструкцыях буйнапанэльнага домабудавання з прычыны яго больш даступнага кошту, а таксама на аказанне архітэктурных і інжынерных паслуг. Гэта — жыллё ў Смаленску, Калузе, Вялікіх Луках, выкананне будаўніча-мантажных работ у Ленінградскай вобласці і г. д.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/vicebsk
[5] https://zviazda.by/be/tags/budaunictva-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-shydlouski