У разгары сезон журавін. Менавіта цяпер самы час назапасіць гэтых ягад на доўгі перыяд халадоў і прастуд. Якім чынам запасацца, кожны вырашае сам. Хтосьці адпраўляецца па халоднай восеньскай расе з вядром на балота, хтосьці — на рынак, пажадана таксама з раніцы. Соням журавін можа не дастацца: тавар запатрабаваны.
Для беларусаў журавіны, мабыць, — такі ж значны нацыянальны прадукт, як для італьянцаў — вінаград, а для грэкаў — аліўкі.
З прыходам восені яны вызначаюць рытм жыцця людзей у тых месцах, дзе іх расце багата, — у рэгіёнах з балотамі. У першую чаргу гэта Брэстчына і Гомельшчына, а дакладней — Палессе.
— У нас, у ваколіцах Баранавічаў, журавін звычайна няшмат, — дзеліцца намеснік старшыні Баранавіцкага райпо па нарыхтоўках, вытворчасці і знешнеэканамічнай дзейнасці Іосіф Шустал. — Але гэтай восенню досыць актыўна здае іх насельніцтва і ў нас.
Дарэчы, журавіны сёлета афіцыйна дазволена збіраць жыхарам Брэсцкай і Гомельскай абласцей з 4 верасня. З 6-га журавінавы сезон пачаўся на Гродзеншчыне і Магілёўшчыне, з 8-га — у Віцебскай і Мінскай абласцях. Асноўныя «радовішча» ўнікальных ягад — наваколлі Ганцавіч і Ляхавіч, Драгічына і Пінска, расказвае Іосіф Баляслававіч. Менавіта там на сезон журавін людзі бяруць адпачынкі. У дзень спрытны работнік можа зарабіць на журавінах 100 рублёў і нават больш. Ёсць ураджай журавін і на Віцебшчыне — напрыклад, за імі ездзяць на балота Ельня. Прымаюць журавіны ў гэтым годзе адносна дорага, кажа Іосіф Шустал, — па 5,50 за кілаграм. За вядро можна выручыць 50—60 рублёў. І гэта калі не затлумляцца і проста здаваць ягады нарыхтоўшчыкам. А калі паехаць у абласныя цэнтры або ў Мінск, зарабіць можна больш (на сталічных рынках самая хадавая цана на журавіны — 8 рублёў за кілаграм, хоць можна знайсці і па 7,50, і нават па 7). Праўда, варта ўлічыць транспартныя выдаткі. На Камароўку журавіны прыязджаюць за 250—300 кіламетраў.
— Ці ж мы дорага прадаём? Вы паспрабуйце збярыце такое вядзерца! — нязлосна пярэчыць мне жанчына сярэдніх гадоў на камароўскіх радах, дзе гандлююць прыватнікі. — Гэта ж не чарніцы, якія можна збіраць камбайнам. Тут кожнай ягадцы трэба «пакланіцца».
Калі хто не ведае, растуць журавіны на купінах. Знойдзеш такую «ягадную» купіну — на ёй ягад 15—20. Так, ад купіны да купіны, запаўняецца вядзерца. Ручным камбайнам журавіны можна збіраць, толькі калі ягаднік нізкі. Але часцей даводзіцца карыстацца «дзедаўскім метадам» — нагінацца за кожнай ягадкай.
Аказваецца, журавіны сапраўды любяць журавы: яны доўгай дзюбай выбіраюць ягадкі з моху. Зрэшты, людзям яны не складаюць канкурэнцыі. «Прафесійныя рызыкі» пры зборы журавін — магчымасць заблудзіцца і... змеі. Расказваюць, вужак на балоце заўважыць няпроста, яны «зліваюцца з ландшафтам». Цягнешся за ягадкай, а змяя нечакана выпаўзае літаральна з-пад пальцаў. У асноўным, вядома, гэта бяскрыўдныя вужыкі, але можа быць і гадзюка. А заблудзіцца ў лесе рызыку нават сельскі жыхар, які ўсё жыццё правёў на ўлонні прыроды. Хоць больш шанцаў згубіцца, вядома ж, у гараджан, якія вырашылі ў сезон журавін «наблізіцца да вытокаў». Навошта гараджане адпраўляюцца ў лес? Паход у ягады — занятак азартны і пры гэтым заспакаяльны, медытатыўны (калі правільна апрануўся: зразумела, без гумовых ботаў і цёплых пальчатак змерзнеш вельмі хутка, нягледзячы на падманлівае восеньскае цяпло). Асабліва калі не гонішся за аб'ёмамі і не плануеш на журавінах зарабіць.
Сезон збору журавін — гарачы час для ратавальнікаў. Хоць наогул «лясны сезон» у іх пачынаецца з прыходам цяпла і доўжыцца да халадоў. Пікі актыўнасці, калі людзі губляюцца ў лесе найбольш часта, — час збору чарніц, лісічак, баравікоў, і завяршальны пік — сезон журавін. Ратавальнікі гавораць: шанцы выжыць у лесе ў таго, хто заблукаў, тым большыя, чым цяплейшае надвор'е: халодныя ночы пагражаюць пераахалоджваннем.
У лесе найважнейшым фактарам з'яўляецца час, падкрэслілі ў пошукава-ратавальным атрадзе «Анёл» і нагадалі: на першыя суткі верагоднасць знайсці чалавека жывым складае больш чым 90 %, на другія — можна адымаць 30 %, на трэція — яшчэ трыццаць.
— Чым хутчэй паступае зварот, што прапаў чалавек у лесе, тым большая верагоднасць знайсці яго жывым. Ён не паспеў змерзнуць, загінуць, памерці з-за таго, што не прыняў таблеткі ад хранічнага захворвання, — кажа кіраўнік пошукава-ратавальнага атрада «Анёл» Сяргей Коўган. — Калі пра знікненне заявілі адразу, мы аператыўна выязджаем на месца і амаль заўсёды знаходзім чалавека жывым. А калі гэта адзінокая бабуля, і суседзі толькі праз некалькі дзён заўважылі, што яе няма дома, то, вядома, верагоднасць адшукаць такога зніклага чалавека жывым рэзка зніжаецца.
Важна не губляць час на самастойныя пошукі — адразу ж тэлефануйце ў экстранныя службы, кажуць спецыялісты. Тым больш што часцей за ўсё даводзіцца шукаць у лесе дзяцей, падлеткаў і пажылых.
— Практыка паказвае, што часта звароты аб знікненні чалавека ў лесе паступаюць, калі пачынае цямнець, — распавядае інфармацыйны каардынатар атрада «Анёл» Юлія. — «Ды ён дрэнна ходзіць!», «Яна сказала, што далёка не пойдзе!» — для нас гэта ўжо як «сігнальная лямпачка». На самай справе пенсіянеры часам забіраюцца на 10—15 кіламетраў у глыб лесу.
• Паведаміце блізкім, сябрам ці суседзям, куды дакладна вы накіроўваецеся — гэта звузіць радыус пошуку. Таксама паведаміце час вашага выхаду і час, калі плануеце вярнуцца.
• Вазьміце з сабой карту. Звяртайце ўвагу на арыенціры на мясцовасці, па якіх будзеце вяртацца дадому. Лепш захапіць і компас.
• Абавязкова збярыце ў дарогу трохі ежы, ваду, запалкі (а лепш запальнічку — запалкі лёгка могуць папсавацца ад вільгаці).
• Не апранайцеся ў камуфляж або шэрае. Журавіны не будуць хавацца ад вас, а ратавальнікам лягчэй заўважыць сярод дрэў чалавека ў чырвонай куртцы (у ідэале — са святлоадбівальнымі элементамі), чым у шэрай або колеру хакі.
• Цалкам зарадзіце тэлефон: вы зможаце датэлефанавацца па экстранных нумарах, нават калі ў лесе не будзе сеткі, кажуць ратавальнікі.
• Калі вы заблукалі, паведаміце пра сябе і заставайцеся на месцы. Калі прыйшлося заначаваць у лесе, нарвіце сухога лапніку і зрабіце подсціл — іглічныя галінкі дапамогуць зберагчы цяпло. Распаліце вогнішча і паешце, але не з'ядайце ўсё адразу.
• Вы не ўзялі з сабой тэлефон і ведаеце, што вашу адсутнасць заўважаць не адразу? Паспрабуйце ўслухацца. Магчыма, вы пачуеце шум аўтадарогі, электрычкі, сабачы брэх. Дарога (сцяжынка), рака, лінія электраперадачы — гэта лінейныя арыенціры, якія прывядуць вас да выхаду з лесу, а магчыма,
і да населенага пункта.
— Перш чым купіць журавіны, неабходна вызначыць іх якасць, — раіць навуковы супрацоўнік аддзела харчавання РНПЦ НАН Беларусі па харчаванні Ганна Журня. — Ягады павінны быць чырвоныя, бліскучыя і цвёрдыя навобмацак. Бледнаватая афарбоўка паказвае на няспеласць. Абавязкова ўдакладніце, у якім раёне сабраныя ягады: журавіны валодаюць асаблівай здольнасцю інтэнсіўна назапашваць цяжкія металы і пестыцыды.
Спецыялісты правільнага харчавання называюць журавіны суперфудам.
— Сакрэт карысці журавін — у іх хімічным складзе, — адзначае спецыяліст. — Гэтыя ягады змяшчаюць рэкордную колькасць вітаміну С, вітаміны групы B, PP, K1, нікатынавую, бензойную і цытрынавую кіслоты, глюкозу і фруктозу. З мікра- і макраэлементаў — фосфар, кальцый, калій, марганец, ёд, магній, жалеза, медзь, малібдэн, нікель, барый, бор, кобальт, срэбра, хром, алюміній.
Гаючыя ўласцівасці журавін выкарыстоўваюць пры сардэчна-сасудзістых захворваннях, для зніжэння ўзроўню халестэрыну ў крыві, пры нестабільным артэрыяльным ціску, а таксама для прафілактыкі інфекцый мочавыводзячых шляхоў, кажа суразмоўніца. Журавіны ўжываюць для лячэння захворванняў мачавога пузыра, страўніка і печані, цукровага дыябету, для апрацоўкі ран. Але самыя вядомыя іх уласцівасці — гарачкапаніжальныя і супрацьзапаленчыя. Асабліва эфектыўныя журавіны пры комплексным лячэнні вірусных захворванняў: узмацняюць дзеянне антыбіётыкаў і ўмацоўваюць імунную сістэму.
У прамысловых маштабах у журавін досыць шырокае прымяненне. Гэта і кандытарская вытворчасць, і кансервацыя, і напоі (алкагольныя і безалкагольныя), і амаладжальная касметыка. Адзін з нацыянальных кулінарных брэндаў — журавіны ў цукровай пудры, традыцыйны салодкі сувенір з нашай краіны. Ну, а хатнія нарыхтоўкі з журавінамі — гэта, вядома, у першую чаргу варэнне.
— Кандытарскі выраб «Журавіны ў цукровай пудры» і журавіны, перацёртыя з цукрам, захоўваюць свае карысныя ўласцівасці, хоць выяўленыя яны ў меншай ступені, чым у свежасабраных ягадах, — кажа спецыяліст. — Лепш за ўсё дадаць у свежыя перацёртыя журавіны мёд. Зрэшты, калі параўноўваць гэтыя прадукты з варэннем, то ўсе вышэйпералічаныя больш пераважныя, бо вялікая колькасць даданага цукру можа негатыўна адбіцца на вашым здароўі. Тым, хто аддае перавагу журавінаваму варэнню, можна парэкамендаваць непрацяглую тэмпературную апрацоўку (не больш за пяць хвілін), каб захаваць максімальную колькасць вітамінаў і мінералаў у нарыхтоўцы. Пры куплі журавінавага соку выбірайце гатунак з найменшай колькасцю цукру. Стандартная порцыя журавінавага соку — не больш за 1/2 шклянкі за раз.
Ну, а карысней за ўсё есці журавіны проста так. Дыетолагі кажуць: дзякуючы бензойнай кіслаце ў складзе гэтыя ягады могуць заставацца свежымі вельмі доўга.
— Існуе шмат спосабаў захаваць журавіны: у халадзільніку, у халоднай кіпячонай вадзе, з цукрам. Сярэдні тэрмін захоўвання свежых ягад — 3-4 месяцы.
Свежыя журавіны выдатна замарожваюцца. Ягады трэба перабраць, выдаліць лісцікі, галінкі, старанна прамыць і прасушыць на ручніку. Пасля гэтага ягады замарожваюць. У маразільнай камеры захоўваць журавіны можна год і даўжэй. Праўда, калі ягады адтаялі, паўторна іх замарожваць нельга.
Таксама журавіны можна захоўваць у сушаным (вэнджаным) выглядзе. Аўтэнтычны палескі спосаб — вэндзіць ягады ў печы. З улікам сучасных рэалій можна дамагчыся аналагічнага выніку і ў духоўцы. Некалькі хвілін бланшыруем журавіны ў кіпені, прасушваем на ручніку, выкладваем на процівень роўным слоем і адпраўляем у духоўку пры 95 градусах. Хвілін праз 20—30 трэба паменшыць жар да 60 градусаў. Такім чынам ягады вэндзяцца 7-8 гадзін. Час ад часу іх трэба варушыць.
І напрыканцы — незвычайны рэцэпт варэння ад прадаўца журавін.
— Асабіста мне вельмі падабаецца варэнне з журавін з кедровымі арэшкамі, — дзеліцца Ірына, што гандлюе журавінамі на Заходнім рынку Мінска. — 700 г журавін засыпаем паўкіло цукру і варым на маленькім агні да стану пюрэ. Дадаём парэзаныя долькамі яблыкі (грам 700—800) і 50 г кедравых арэшкаў. Варым, памешваючы, яшчэ 20 хвілін. Усё, можна закручваць у прастэрылізаваныя слоікі. Смачна неверагодна!
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alyaksandra-ancelevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/zhuraviny
[4] https://zviazda.by/be/tags/ceny
[5] https://zviazda.by/be/tags/yagady
[6] https://zviazda.by/be/tags/ganna-zhurnya
[7] https://zviazda.by/be/tags/rnpc-nan