Каб на свае вочы ўбачыць, як праходзяць курсанцкія будні, падрабязна даведацца аб прафесіі афіцэра ўнутраных войскаў, галоўную ваенную ВНУ краіны днямі наведалі школьнікі, кадэты, навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, а таксама вайскоўцы, якія праходзяць тэрміновую службу, служаць па кантракце.
Старшына Максім Кліменка — адзін з тых, хто збіраецца паступаць на факультэт пасля дэмабілізацыі. Дарэчы, для тых, хто прыйдзе вучыцца сюды пасля арміі, ёсць шэраг прывілей. У прыватнасці, ваеннаслужачыя, якія маюць рэкамендацыю ад камандзіра вайсковай часці, трапляюць у курсанты па-за конкурсам.
— Служба стала маім пакліканнем, — прызнаецца малады чалавек. — Гледзячы на сваё кіраўніцтва, я зразумеў, што таксама хачу стаць афіцэрам. Маё рашэнне паступіць на факультэт унутраных войскаў толькі ўмацавалася пасля таго, як пабываў тут. У найбліжэйшы час прыкладу шмат намаганняў, каб дасягнуць сваёй мэты.
На факультэце вучацца чатыры гады. Па заканчэнні курсант атрымлівае спецыяльнасць «Кіраванне падраздзяленнямі ўнутраных войскаў» з кваліфікацыяй «Спецыяліст па кіраванні — юрыст». Выпускніку прысвойваецца воінскае званне лейтэнанта — і, як правіла, яго чакае пасада камандзіра ўзвода ў падраздзяленні ўнутраных войскаў.
— Для таго каб паступіць на факультэт, кандыдату патрэбна да 1 красавіка звярнуцца ў ваенны камісарыят па месцы прапіскі, падаць дакументы і напісаць заяву на паступленне (ваеннаслужачыя падаюць рапарт на імя камандзіра часці да 10 сакавіка), — адзначыў начальнік факультэта ўнутраных войскаў Ваеннай акадэміі палкоўнік Уладзімір ЖЫЗНЕЎСКІ. — Грамадзяне могуць паступаць ва ўзросце ад 17 да 21 года, для вайскоўцаў тэрміновай службы тэрмін падоўжаны да 23 гадоў, для кантрактнікаў — да 25. Без уступных выпрабаванняў залічваюцца выпускнікі Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча і Спецыялізаванага ліцэя Міністэрства ўнутраных спраў, якія ў атэстаце маюць адзнакі не ніжэйшыя чым «сем».
Падчас Дня адчыненых дзвярэй абітурыенты наведалі вучэбны корпус і спальнае памяшканне — юнакі ўбачылі, у якіх умовах вучацца і жывуць курсанты. Для іх былі прадэманстраваныя ўзоры вопраткі, узбраення, службовая і спецыяльная тэхніка. Хлопцы прымералі спецыяльныя сродкі абароны, а таксама патрэніраваліся ў стральбе з пісталета на электронным трэнажоры.
Вераніка КАНЮТА
Фота прэс-службы ўнутраных войскаў МУС
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kanyuta
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/silavyya-struktury
[4] https://zviazda.by/be/tags/mus
[5] https://zviazda.by/be/tags/vnu
[6] https://zviazda.by/be/tags/dzen-adchynenyh-dzvyarey
[7] https://zviazda.by/be/tags/shkolniki-0
[8] https://zviazda.by/be/tags/kadety
[9] https://zviazda.by/be/tags/vayskoucy