Беларускі тэнісіст Ілья Івашка пераможна пачаў выступленне ў розыгрышы Кубка Крамля ў Маскве, паведамляе [1] БелТА.
Сёння ў матчы 1/8 фіналу парнага разраду Івашка і іспанскі тэнісіст Педра Марцінес перайгралі аргенцінска-сербскі тандэм Гвіда Пелья / Ласла Дзьерэ — 7:5, 6:7 (2:7), 10:6. Заўтра ў першым раўндзе адзіночнага разраду Ілья Івашка, які займае 43-е месца ў сусветным рэйтынгу, сустрэнецца з расійскім тэнісістам Яўгенам Данскім, у якога 149-я пазіцыя. Таксама заўтра яшчэ адзін беларус Ягор Герасімаў (109-ы нумар рэйтынгу АТР), які прабіўся ў асноўную сетку праз кваліфікацыю, у 1/16 фіналу згуляе з сербам Міямірам Кецманавічам (71). Пераможца іх паядынку сустрэнецца ў 1/8 фіналу з расійскім тэнісістам Асланам Карацавым (22).
У спаборніцтвах жанчын другая ракетка планеты беларуска Арына Сабаленка пачне выступленне з другога раўнда. Там яе саперніцай будзе аўстралійка Айла Тамлянавіч (43), якая абыграла ў 1/16 фіналу расіянку Людмілу Самсонаву (42) — 6:2, 6:4. У стартавай сустрэчы парнага разраду беларускія тэнісісткі Вера Лапко і Лідзія Марозава будуць сапернічаць з латвійска-чэшскім дуэтам Алена Астапенка / Кацярына Сінякова.
У гэтым годзе агульны прызавы фонд Кубка Крамля складае $1,345 млн, турнір завершыцца 24 кастрычніка. У 2010 годзе яго пераможцай стала беларуска Вікторыя Азаранка, а ў 2009 годзе ў фінале гуляла Вольга Гаварцова. У мужчынскім парным разрадзе беларус Максім Мірны пяць разоў станавіўся чэмпіёнам з рознымі партнёрамі. У спаборніцтвах жаночых дуэтаў Кубак Крамля двойчы выйгравала беларуская тэнісістка Наталля Зверава.
Прэв’ю: Беларуская тэнісная федэрацыя
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/sport/view/iljja-ivashka-vyjshau-u-14-finalu-parnaga-razradu-kubka-kramlja-105456-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/kubak-kramlya
[3] https://zviazda.by/be/tags/vyaliki-tenisis
[4] https://zviazda.by/be/tags/ilya-ivashka