Спартсмены мінскай «Сталіцы» атрымалі трэцюю перамогу ў матчах 33-га чэмпіянату Беларусі па міні-футболе, паведамляе [1] БелТА.
18 кастрычніка мінчане разграмілі на паркеце спартыўнага комплексу «Уручча» землякоў з «Аховы-Дынама» з рэзультатам 9:0. Па галявым дублі аформілі Алег Гарбенка і бразільскі легіянер «Сталіцы» Раберта Суарэш Барбоза.
Раней у цэнтральным паядынку пятага тура ў Гомелі ўладальнік серабра мінулага першынства мясцовы ВРЗ згуляў унічыю з дзеючым чэмпіёнам краіны аршанскім «Вітэнам» — 1:1. Яшчэ адзін гомельскі клуб БЧ разграміў у Брэсце мясцовы клуб «Першы рэгіён» з сухім лікам 10:0. Для гамяльчан гэта чацвёртая перамога запар, а для брастаўчан чацвёртае паражэнне ў чатырох праведзеных сустрэчах.
Рэзультаты астатніх гульняў: «Дарожнік» (Мінск) — «Дынама-БНТУ» (Мінск) — 3:3, «УУС-Дынама» (Гродна) — «Барысаў-900» — 4:2, «Мінск» — ЦКК (Светлагорск) — 7:1.
Становішча ў групе лідараў: БЧ — 12 ачкоў (4 матчы), ВРЗ — 10 (4), «Вітэн» — 10 (4), «Сталіца» — 9 (4). Унізе табліцы «Ліда» і «Першы рэгіён», у якога пакуль няма заліковых балаў.
Лепшым снайперам цяпер з’яўляецца лідар атак ВРЗ Яўген Клачко, які забіў 8 мячоў.
Матчы наступнага тура адбудуцца 23 і 24 кастрычніка.
На першым этапе чэмпіянату краіны 13 каманд прэм’ер-лігі праводзяць традыцыйны двухкругавы турнір з матчамі дома і ў гасцях. Потым васьмёрка лепшых клубаў прадоўжыць барацьбу за ўзнагароды ў серыях плэй-оф.
Прэв’ю: pexels.com
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/sport/view/stalitsa-atrymala-3-ju-peramogu-u-chempijanatse-belarusi-pa-mini-futbole-105480-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/stalica-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/mini-futbol
[4] https://zviazda.by/be/tags/sport