Выстава-кірмаш «Кніжная восень у сталіцы» адкрылася сёння ў Мінску. Яна размясцілася на пляцоўцы гандлёвага цэнтра «Сталіца», паведамляе [1] БелТА.
«28 гадоў праходзіць Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. І ад удзельнікаў мы пастаянна чулі, што адной выставы ў год для выдавецкага цыклу вельмі мала. Напрыклад, кніга, якая выйшла ў красавіку або траўні, да лютага наступнага года старэе. Было пажаданне правесці яшчэ адну выставу восенню. Так нарадзілася „Кніжная восень у сталіцы“, — распавёў старшыня Савета арганізатараў кніжных выстаў і кірмашоў у дзяржавах СНД, генеральны дырэктар ПК ТАА „Макбел“ Дзмітрый Макараў. — Мы спадзяемся, што гэты праект спадабаецца экспанентам і гледачам, традыцыя будзе развівацца».
Паводле яго слоў, на выставе прадстаўлена прадукцыя больш за 80 выдавецтваў. «Вельмі шмат дзіцячых кніг. Спадзяемся, што ўсе тут знойдуць кнігу па душы», — адзначыў гендырэктар.
Выстава-кірмаш «Кніжная восень у сталіцы» праходзіць з 20 па 24 кастрычніка. Тут прадстаўлена прадукцыя лідараў беларускага і расійскага кнігавыдання. Выстава будзе працаваць па рэжыму гандлёвага цэнтра — з 10.00 да 22.00. Уваход бясплатны. Прадукцыя будзе рэалізоўвацца без гандлёвых нацэнак.
Арганізатары заклікаюць наведвальнікаў выконваць масачны рэжым і сацыяльнае дыстанцыяванне.
Прэв’ю: pexels.com
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/culture/view/bolee-80-izdatelstv-objedinila-vystavka-jarmarka-knizhnaja-osen-v-stolitse-465450-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/knizhnaya-vosen-u-stalicy
[3] https://zviazda.by/be/tags/vystava-kirmash
[4] https://zviazda.by/be/tags/gc-stalica