Развіццё ў Беларусі аграэкатурызму садзейнічае паляпшэнню інфраструктуры ў сельскай мясцовасці. Такое меркаванне выказаў сёння журналістам намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной, перадае [1] БелТА.
Намеснік міністра нагадаў, што праект па развіцці ў краіне аграэкатурызму стартаваў больш за 15 гадоў таму і, на яго думку, па-ранейшаму паспяховы. «Указ, які рэгулюе дзейнасць у гэтай сферы, падпісаны ў чэрвені 2006 года, далей ён трансфармаваўся, таму што жыццё не стаіць на месцы, і адпаведна ўносіліся пэўныя змяненні, якія паляпшалі работу гэтага віду турызму. Мэта гэтага напрамку — развіццё сельскіх тэрыторый, а дзякуючы рабоце і энтузіязму прадстаўнікоў аграэкатурызму і падтрымцы кіраўніка дзяржавы, урада гэта сфера ўжо стала фішкай нашай краіны, мы з’яўляемся пераможцамі ў сусветным маштабе ў пэўных рэйтынгах», — сказаў Міхаіл Партной.
Намеснік міністра падкрэсліў, што перавага гэтага віду турызму ў тым, што ён практычна не патрабуе прыцягнення дзяржаўных сродкаў. «На яго развіццё выдзяляюцца інвестыцыі. Дзякуючы аграэкатурызму паляпшаецца інфраструктура сельскай мясцовасці, ствараюцца рабочыя месцы, што ў цэлым станоўча ўплывае на эканоміку краіны. Гэта значыць асноўная мэта дасягнута, таму некаторыя змяненні ва ўказ кіраўнік дзяржавы падтрымаў, такім чынам гэты від турызму і далей будзе развівацца, проста ёсць пэўныя моманты, якія неабходна падкарэкціраваць», — расказаў ён.
Міхаіл Партной таксама паведаміў, што 23 кастрычніка беларускія аграсядзібы правядуць дзень адкрытых дзвярэй. Старшыня праўлення БГА «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова ў сваю чаргу падкрэсліла, што ўдзельнічаць у мерапрыемстве будуць не ўсе аграсядзібы. Спіс удзельнікаў будзе размешчаны на сайце грамадскага аб’яднання і Міністэрства спорту і турызму. Дзень адкрытых дзвярэй у аграсядзібах упершыню прайшоў у краіне ў 2012 годзе.
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/society/view/partnoj-dzjakujuchy-agraekaturyzmu-paljapshaetstsa-infrastruktura-selskaj-mjastsovastsi-105616-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/mihail-partnoy-1
[3] https://zviazda.by/be/tags/agraekaturyzm
[4] https://zviazda.by/be/tags/selskaya-myascovasc