Балоты непарыўна звязаныя з культурай і гісторыяй беларускага народу. Але ў мінулым яны моцна пацярпелі ад дзеянняў чалавека. Чаму сёння людзі імкнуцца выратаваць гэтыя прыродныя аб’екты?
Гэтыя тэрыторыі заўсёды былі каштоўным рэсурсам для беларусаў, а часам і сродкам выжывання. За кошт балотаў, іх прыродных багаццяў развівалася і эканоміка Палесся. Сельскія ж жыхары там пасвілі свойскую жывёлу, касілі траву, збіралі ягады. З цягам часу і зменай ладу жыцця мясцовага насельніцтва многія з гэтых работ перасталі выконвацца, што негатыўна паўплывала на экасістэмы.
У сярэдзіне ХІХ стагоддзя на тэрыторыі Беларусі налічвалася каля 2,5 млн га балотаў. Але праз сто гадоў іх плошча рэзка паменшылася, у тым ліку ў выніку асушальнай меліярацыі. Сёння вучоныя і спецыялісты называюць лічбу ў 863 тыс. га – гэта плошча натуральных балотаў, ці балотаў са слаба парушаным гідралагічным рэжымам, якія захаваліся ў нашай краіне.
– Змена гідралагічнага рэжыму ў выніку меліярацыі пацягнула за сабой іншыя парушэнні ў балотных экасістэмах, – кажа кандыдат біялагічных навук, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча Дзмітрый Грумо. – Сярод іх – рост колькасці пажараў, зарастанне тэрыторый драўнянай расліннасцю.
Паводле слоў вучонага, балоты – надзвычай кансерватыўныя сістэмы і змяняюцца вельмі марудна. Таму да праблемы глабальнай змены клімату яны таксама аказаліся даволі ўстойлівымі. Але тое ж датычыцца і пытання іх аднаўлення. Каб дэградаваны тарфянік зноў стаў натуральнай экасістэмай, патрэбна некалькі дзесяцігоддзяў.
Для аднаўлення сваіх функцый балоту толькі часу недастаткова. Вельмі важна, каб людзі дапамагалі яму ў гэтым працэсе – праз будаўніцтва плацін і іншых гідратэхнічных збудаванняў затрымлівалі ваду на асушаных тэрыторыях.
За апошнія дзесяцігоддзі ў Беларусі было рэалізавана некалькі праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі (МТД) па паўторным забалочванні асушаных тарфянікаў. Сродкі на гэта выдзяляюцца і з дзяржаўнага бюджэта.
Адзін з буйнейшых праектаў апошняга часу – цыкл работ у Белавежскай пушчы. Гэта частка праграмы па падтрымцы яе запаведнасці – сумеснага прыродаахоўнага праекта нацыянальнага парка «Белавежская пушча», грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і Франкфурцкага заалагічнага таварыства.
– Перыферыйная частка пушчы моцна меліяраваная, там шмат каналаў, – тлумачыць Дзмітрый Грумо. – З-за гэтага і іншых фактараў за апошнія 20 гадоў там усохлі каля 2,5-3 млн м3 лесу. На затрыманне вады на гэтых тэрыторыях і накіраваны праект.
Шмат тэрыторый атрымала новае жыццё дзякуючы рэалізацыі праектаў МТД ПРААН-ГЭФ «Тарфянікі», «Тарфянікі-2», а таксама «Ветландс».
Сёлета колькасць адноўленых балотаў павялічылася на 3 тысячы гектараў дзякуючы выкананню праекта МТД «Аднаўленне асушаных тарфянікаў у Беларусі – 2-я фаза». Ён рэалізуецца з 2020 года грамадскім аб’яднаннем «Зялёная эканоміка » ў партнёрстве з Мінпрыроды і з’яўляецца часткай мерапрыемстваў Чангвонгскай ініцыятывы «Партнёрства па азеляненні засушлівых зямель», фінансуемай са сродкаў Карэйскай лясной службы. Работа праводзіцца ў адпаведнасці з пагадненнем з Сакратарыятам Канвенцыі ААН па барацьбе з апустыньваннем. Першая фаза гэтага праекта была рэалізавана ў 2018 – 2020 гадах, тады былі паўторна забалочаны больш за 1 тысячу гектараў асушаных тарфянікаў у Чэрыкаўскім і Касцюковіцкім раёнах Магілёўскай вобласці.
У рамках 2-й фазы праекта на працягу года ў Хойніцкім і Калінкавіцкім раёнах Гомельскай вобласці праходзіла маштабная рэабілітацыя дэградзіраваных і неэфектыўна асушаных балотаў. Спецыялісты працавалі на такіх асушаных тарфяніках, як Ладава- Агароднікі, Ладава-Віць, Ладава-Хобнае, Ладава-Маклішча. Там пабудавалі дамбу і па спецыяльнай тэхналогіі стварылі 120 перамычак, якія павінны затрымліваць ваду. Па падліках вучоных, за кошт аднаўлення балотаў атрымаецца захаваць 1,7- 2,5 млн м3 вады, што асабліва важна для Гомельшчыны, якая пакутуе ад паніжэння ўзроўню грунтавых вод у выніку змены клімату. Захаванне вады ў балоце станоўча паўплывае і на стан прылеглых лясоў і сельгасзямель. Акрамя таго, прыкладна ў два разы, ці на 2,8 млн еўра ў фінансавым эквіваленце, скароціцца аб’ём вылучаемых парніковых газаў. Рэабілітацыя парушаных тарфянікаў істотна зніжае рызыку ўзнікнення пажараў, што асабліва важна для радыяцыйна забруджаных тэрыторый.
Як расказаў намеснік начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Кузьміч, работы ў праектным рэгіёне працягнуцца. Так, у Хойніцкім раёне ў рамках Праграмы малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонда плануецца забалоціць тарфянік Аўраамаўскае.
У выніку рэалізацыі падобных праектаў у Беларусі былі ўжо адноўлены 67 тыс. га балотаў. Яшчэ каля 140 тыс. га тэрыторый знаходзяцца ў першачарговым спісе для аднаўлення.
На думку Дзмітрыя Грумо, акрамя буйных, вядомых балотных экасістэм, як Спораўскае, неабходна звярнуць увагу на былыя аб’екты торфаздабычы на поўначы краіны. Забалочванне пойдзе на карысць ва ўсіх раёнах з пажаранебяспечнай сітуацыяй – Смалявіцкім, Пухавіцкім, Столінскім, Докшыцкім, Мёрскім, Барысаўскім, Быхаўскім і іншых.
Лясныя балоты – яшчэ адзін важны напрамак. Работа з такімі аб’ектамі дапаможа затрымліваць ваду, што паспрыяе ў тым ліку і стану лясоў.
Сёння ў краіне выбудавана сістэма аднаўлення балотаў. Зразумелая схема дзеянняў і ўсведамленне ўладамі неабходнасці такой дзейнасці дазваляюць выконваць яе больш хутка і эфектыўна.
Цяпер галоўная задача – знайсці інвестараў для рэалізацыі падобных праектаў. На гэта сёння накіраваны намаганні Мінпрыроды, НАН Беларусі, грамадскіх аб’яднанняў. І такія кампаніі знаходзяцца не толькі за мяжой, але і ўнутры краіны.
– Сёння не трэба чакаць, што балоты будуць прыносіць прыбытак так, як і раней, – упэўнены Дзмітрый Грумо. – Таму важна праводзіць мерапрыемствы па аднаўленні гідралагічнага рэжыму, выкошваць расліннасць на найбольш унікальных аб’ектах, што захавае гэтыя экасістэмы і іх біяразнастайнасць.
Што датычыцца верхавых балотаў, то іх аднаўленне не толькі палепшыць пажарную бяспеку тэрыторый, але і паспрыяе павышэнню дабрабыту грамадзян. Сёння 56 % ягаднікаў знаходзяцца менавіта на верхавых балотах. І часам кошт такіх прыродных рэсурсаў перавышае кошт лесу, які там расце.
Увогуле, на думку Дзмітрыя Грумо, на кожным адноўленым балоце неабходна каля 70 % аддаваць пад ахову, а 30 % выдзяляць пад атрыманне эканамічных выгад, у тым ліку развіваць сістэму экалагічнага турызму. Так, Ельня – буйнейшае верхавое балота – за апошнія гады стала сапраўдным брэндам, куды імкнуцца турысты з Беларусі і іншых краін. Побач будуюцца аграсядзібы, мясцовыя жыхары праводзяць экскурсіі і дапамагаюць ахоўваць гэты аб’ект, што паляпшае эканоміку рэгіёна. Але сёння Ельня адчувае павышаную турыстычную нагрузку. Каб разгрузіць яе і знайсці сродкі на падтрыманне і захаванне экасістэм, такія ж аб’екты прыцягнення можна ствараць на іншых забалочаных тэрыторыях.
Важную ролю ў аднаўленні балотаў іграюць валанцёры, якія ахоўваюць гэтыя тэрыторыі і дапамагаюць вучоным даследаваць і ратаваць іх экасістэмы.
– Валанцёры – гэта рабочая сіла, якая працуе ў складаных умовах, часта без камфорту і зусім без аплаты, – кажа вучоны. – Займацца такой дзейнасцю могуць толькі людзі, у якіх баліць душа за прыроду. Я ўпэўнены, што работа валанцёраў і захавальнікаў складае каля 80 % поспеху ў падобных праектах.
Вераніка КОЛАСАВА
Фота аўтара
Чаму важна аднаўляць балотныя сістэмы? Адна з прычын – парушаныя тарфянікі лічацца асноўнымі крыніцамі выкідаў парніковых газаў. Штогадовая глабальная эмісія СО2 з іх складае 1,3 гігатоны, ці 5,6 % глабальных антрапагенных выкідаў. Самі балоты таксама зазнаюць уплыў гэтага працэсу. Па разліках вучоных, ён закранае каля 1,47 млн га, ці 57,5 % ад усёй іх плошчы. Зарастаюць пойменныя нізінныя тэрыторыі, скарачаецца ў Беларусі колькасць верхавых таежных балотаў. Праз некалькі дзесяцігоддзяў іх можна будзе ўбачыць толь- кі ў паўночных Расонскім і Верхнядзвінскім раёнах. Расце і плошча балотных лясоў – калі сёння іх доля складае 48 %, то ў 2050 годзе стане каля 68 %. Адпаведна змяншаецца плошча стабільных адкрытых балотаў – з 20,9 % сёння да 8,7 % у 2050 годзе. Усё гэта прывядзе да скарачэння біяразнастайнасці.
Беларускія балоты – дом для больш чым 40 % відаў птушак, 35 % відаў насякомых, 15 % відаў раслін, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. У адносінах да некаторых знікаючых відаў гэтыя экасістэмы крытычна важныя для іх глабальнага выжывання.
– захоўваць больш за 7 млрд м3 прэснай вады;
– забяспечваць устойлівае сілкаванне рэк і азёр;
– захаваць каля 500 млн тон вуглярода;
– гарантаваць штогадовае вывядзенне з атмасферы каля 900 тыс. тон СО2;
– забяспечыць узнаўленне біялагічных рэсурсаў – напрыклад, журавін – у аб’ёме больш за 10 тыс. тон у год.
– За апошні час шмат было зроблена ў пытаннях тэхналогій і прыёмаў аднаўлення гідралагічнага рэжыму. Палепшылася і якасць правядзення работ, іх праектавання і маніторынгу да- і пасляпраектнай дзейнасці.
– Выкарыстанне беспілотных лятальных апаратаў і дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі дазваляюць больш даведацца пра таямніцы балотаў, «зайсці» ў самыя цяжкапраходныя месцы. З іх дапамогай можна адсочваць наступствы меліярацыі, пажараў, падтапленняў і многае іншае.
– Актуальнасць і эфектыўнасць кашэння на балотах – яшчэ адна тэ- ма, над якой сёння працуюць вучоныя. Сёлета заканчваецца васьмігадо- вы цыкл назіранняў за гэтым працэсам на балоце Спораўскае.
– У нашай краіне створана сістэма аховы рэдкіх і тыповых біятопаў. У новую рэдакцыю ТКП «Правілы вылучэння і аховы тыповых і рэдкіх біято- паў, тыповых і рэдкіх прыродных ландшафтаў» унесена паняцце «нізінныя балоты» як асобны аб’ект. Цяпер і яны падлягаюць ахове. Такім чынам праз перадачу пад ахову біятопаў ахопліваецца ўвесь спектр балотаў Беларусі.
– Многія балоты краіны ўключаны ў Ізумрудную сетку – комплекс тэрыторый агульнаеўрапейскага прыродаахоўнага значэння. Супрацоўнікі Інстытута эксперыментальнай батанікі падрыхтавалі праект, які дапаможа інтэграваць беларускія аб’екты Ізумруднай сеткі ў нацыянальную сетку ААПТ для падключэння іх рэальнай аховы.
1. Ельня
2. Альманскія балоты
3. Прыпяцкія балоты (Нацыянальны парк «Прыпяцкі»)
4. Казьянскія балоты
5. Юхавіцкі мох
6. Спораўскае
7. Званец
8. Асвейскае
9. Балота Мох
10. Дзікое
11. Домжарыцкае
12. Слабадское
13. Сэрвач
14. Марочна
15. Астравы Дулебы
16. Карыценскі Мох
17. Жада
18. Выганашчанскія балоты
19. Стары Жадзен
20. Лебядзіны мох
21. Дакудаўскае
22. Дражбітка-Свіна
23. Заазер’е
24. Мошна
25. Мохавае
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/ekalogiya
[3] https://zviazda.by/be/tags/ekalogiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/baloty
[5] https://zviazda.by/be/tags/ekasistema
[6] https://zviazda.by/be/tags/adnaulenne
[7] https://zviazda.by/be/tags/pryroda