Навагодні выставачны праект «Музей ёлачных цацак» прадставяць 29 кастрычніка ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі, паведамілі [1] ва ўстанове культуры.
Госці ўбачаць частку найбуйнейшай сусветнай калекцыі ёлачных цацак. Увазе наведвальнікаў будуць прадстаўлены навагоднія дэкарацыі з Еўропы, Азіі, Аўстраліі, Амерыкі і Афрыкі, аналагаў якім няма ні ў адным еўрапейскім музеі.
«Прыйшоўшы ў наш музей цацак, кожнае дзіця зможа акунуцца ў чароўную казку, а дарослы — вярнуцца ў далёкае дзяцінства. Экспазіцыя раскажа гісторыю вытворчасці шкляных шароў і іншых упрыгожванняў пачынаючы з сярэдзіны XIX стагоддзя і да нашых дзён. Выстава пазнаёміць з традыцыямі навагодніх свят такіх экзатычных краін, як Конга, Перу, Інданезія, Новая Зеландыя. Такім чынам, праз экспанаты наведвальнік зможа наглядна даведацца пра звычаі сустрэчы Новага года ў розных краінах свету», — адзначылі арганізатары.
Праект праходзіць сумесна з фабрыкай ёлачных цацак «ГРАЙ» («Ганарыся Рэчамі Айчыны!»). Наведвальнікі музея змогуць даведацца пра ўсе сакрэты вытворчасці ёлачных цацак на адзінай у Беларусі спецыялізаванай фабрыцы, а таксама пад кіраўніцтвам мастакоў прадпрыемства прайсці адукацыйныя майстар-класы па вырабе навагодніх упрыгожванняў. Самыя маленькія госці выставы змогуць убачыць мініяцюрнае інтэрактыўнае каляднае мястэчка.
Прэв'ю: pexels.com
Спасылкі
[1] http://histmuseum.by/ru/
[2] https://zviazda.by/be/tags/muzey-yolachnyh-cacak-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalny-gistarychny-muzey
[4] https://zviazda.by/be/tags/fabryka-gray