Пастаянная камісія па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў разгледзела вынікі грамадскага абмеркавання праекта закона «Аб змяненні законаў па пытаннях культуры».
«Асноўны закон у сферы культуры перажывае пэўныя змяненні. Кодэкс, па якім мы сёння працуем, дзейнічае практычна пяць гадоў. І мы бачым, што асобныя пазіцыі нам неабходна відазмяніць, трэба зарыентавацца ў большай ступені на практыку прымянення гэтых нормаў. І за гэты час мы бачылі, што шэраг пытанняў узнік, асабліва пытанняў, якія датычацца гісторыка-культурнай спадчыны, звязаных з вывазам культурных каштоўнасцяў, у бібліятэчнай сферы і музейнай справе. Таму мы пастараліся ў праекце Кодэкса аб культуры гэтыя пазіцыі ўлічыць», — расказаў міністр культуры Анатоль Маркевіч.
Згодна з новым законапраектам у сферы аховы гісторыка-культурных каштоўнасцяў, пашыраюцца паўнамоцтвы мясцовых органаў улады. «Пры абмеркаванні гэтай тэмы з кіраўнікамі абласных выканаўчых камітэтаў гучала меркаванне, што асабліва па аб'ектах, якія маюць трэцюю катэгорыю, неабходна ў большай ступені даць паўнамоцтвы мясцовым органам улады для таго, каб яны распрацоўвалі праектна-навуковую дакументацыю, маглі яе ўзгадняць і ўводзіць сваімі ж камісіямі дадзеныя аб'екты ў эксплуатацыю. Я лічу, што гэта вельмі правільны падыход, таму што мы гаворым пра аб'екты трэцяй катэгорыі. А іх у нас у спісе каля 87 %.Такім чынам мы працуем над тым, каб спрасціць гэтую схему і ў большай ступені ўцягнуць у гаспадарчы абарот дадзеныя аб'екты», — растлумачыў Анатоль Маркевіч.
Паўнамоцтвы мясцовых органаў улады пашырацца і адносна вывазу культурных каштоўнасцяў. Міністр культуры расказаў, што дадзенае пытанне будзе перадавацца для разгляду ўпраўленням культуры аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама. Калі каштоўнасці, якія плануюць вывезці, не з'яўляюцца гісторыка-культурнай спадчынай і не ўваходзяць у музейныя фонды, вываз гэтых каштоўнасцяў будзе знаходзіцца ў полі зроку мясцовых органаў улады. «Гэта значыць не трэба будзе ехаць у сталіцу, у Міністэрства культуры з рэгіёнаў. А ўсе пытанні разам з музеямі, спецыялістамі-мастацтвазнаўцамі на месцах будуць разглядацца і будуць прымацца па іх рашэнні.
І мы не марнуем час, і па лагістыцы таксама ўсё добра складваецца», — падкрэсліў міністр.
Анатоль Маркевіч звярнуў увагу, што грамадскія абмеркаванні законапраектаў заўсёды важныя і эфектыўныя. «Вельмі важны момант, калі людзі, работнікі сферы культуры, маюць магчымасць выказацца па многіх пазіцыях. Гэтыя прапановы мы безумоўна ўлічваем у праекце Кодэкса аб культуры», — адзначыў міністр.
Акрамя гісторыка-культурнай спадчыны і вывазу культурных каштоўнасцяў, змяненні закрануць археалагічную і бібліятэчную справы, будуць уведзены сучасныя тэхналогіі для павышэння даступнасці і якасці культурных паслуг. «Напрыклад, у сферы бібліятэчнай справы ўводзіцца такое паняцце, як аддалены віртуальны карыстальнік і лічбавізацыя бібліятэчнага фонду, што палегчыць, зробіць больш сучаснай работу бібліятэкараў. У музейнай справе ўдасканальваюцца нормы, якія рэгулююць арганізацыю і правядзенне музейных экспазіцый, яны крыху спрашчаюцца. Рэгулюецца кінематаграфічная дзейнасць», — расказала Лілія Кір'як, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы.
«Упэўнены, што пасля абмеркавання дадзенага нарматыўнага дакумента мы, самае галоўнае, зможам знайсці тыя простыя механізмы, якія дазволяць выбудоўваць работу больш эфектыўна і больш якасна», — акцэнтаваў увагу Анатоль Маркевіч.
Валерыя СЦЯЦКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[4] https://zviazda.by/be/tags/palata-pradstaunikou
[5] https://zviazda.by/be/tags/anatol-markevich