Аб чым былі звароты людзей? Адразу скажам, што не толькі пра недахопы і пралікі ў рабоце камунальных службаў, пра нездавальняльны ход і зацягнутыя тэрміны капітальных рамонтаў жылых дамоў, транспарт і г. д. Прыемным і карысным момантам стаў званок жыхаркі шматкватэрнага дома па вуліцы Навінкоўская, якая выказала словы падзякі Андрэю Бугрову. Яшчэ ў жніўні Яна патэлефанавала на прамую лінію старшыні Мінгарсавета дэпутатаў з просьбай пасадзейнічаць навядзенню парадку ў іх двары. Мінуў час, і вось новы званок да старшыні ад той жа жанчыны. Яна з задавальненнем канстатавала, што яе зварот не застаўся без увагі. Дваровай тэрыторыі неўзабаве надалі сучасны выгляд: правялі азеляненне, удасканалілі асвятленне, зрабілі стаянку для веласіпедаў.
Потым у размове з карэспандэнтам «МС» Андрэў Бугроў згадаў той званок жанчыны. Пасля яго ён і кіраўнік адміністрацыі раёна выехалі на месца, дзе на свае вочы пераканаліся ў неабходнасці навядзення парадку ў двары. Работы былі праведзіны ў сціслыя тэрміны. І вось цяпер паўторны зварот з падзякай.
— Такія званкі гавораць аб важнасці для мясцовай улады, у дадзеным выпадку гарсавета, зваротнай сувязі са сваімі выбаршчыкамі. У гэтым ёсць пэўная ацэнка работы мінскіх дэпутатаў, якая іх матывуе на далейшую плённую дзейнасць на карысць гараджан, — сказаў Андрэў Бугроў.
Шэраг зваротаў мінчан быў прысвечаны ацяпляльнаму сезону. Яны звярталі ўвагу на пэўныя, так бы мовіць, тэмпературныя арэлі пры падачы цяпла ў кватэры. Напрыклад, жыхар дома № 83 на вуліцы Герасіменкі скардзіўся на недахоп цяпла. А вось жыхарка дома № 14/1 на праспекце газеты «Звязда» паведаміла, што яе ў кватэры празмерна цёпла — больш за 30 градусаў! Звароты сур'ёзныя, і ў той жа дзень яны былі накіраваныя для прыняцця мер у адміністрацыі раёнаў сталіцы.
Былі званкі і на іншыя тэмы. Так, адна жанчына папрасіла разабрацца з аплатай камунальных плацяжоў. Бо, на яе погляд, даводзіцца плаціць за паслугі па павышаных тарыфах.
А вось са зваротам іншай неабыякавай жанчыны, якая скардзілася на шум і небяспечныя выхлапы ў скверы імя Прытыцкага ад дызель-генератара, які пастаянна працуе побач, Андрэй Бугроў вырашыў разабрацца з выездам на месца.
На думку старшыні Мінскага гарадскога Савета, людзі тэлефануюць на прамую лінію з надзеяй на дапамогу і падтрымку, і мясцовая ўлада павінна аператыўна рэагаваць на іх звароты.
Леанід ТУГАРЫН
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/leanid-tugaryn
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/andrey-bugrou
[4] https://zviazda.by/be/tags/pramaya-liniya
[5] https://zviazda.by/be/tags/minski-garadski-savet
[6] https://zviazda.by/be/tags/zvaroty-gramadzyan