На працягу тыдня ва ўстановах адукацыі і культуры абласнога цэнтра ладзяцца конкурсы, экскурсіі, акцыі, інфармацыйныя часы, выстаўкі, чытанні ў рэжыме афлайн і анлайн, праводзяцца літаратурна-музычныя імпрэзы і квіз-туры, прысвечаныя Канстанціну Сіманаву і 80-годдзю абароны Магілёва. У рамках тыдня была прэзентаваная ўнікальная інтэрактыўная карта «Там ішлі баі ў далёкім 1941-м...».
— На жаль, у нас мала дзіцячай літаратуры пра Магілёў, — адзначыла адна з распрацоўшчыкаў праекта, супрацоўніца дзіцячай бібліятэкі-філіяла імя А. Пушкіна Ірына Баранава. — Ёсць навукова-папулярныя , даследчыя кнігі. Але яны разлічаны на больш дарослую аўдыторыю. Таму, ствараючы гэты праект, мы імкнуліся ў даходлівай форме паказаць дзецям гераічную абарону Магілёва.
Ірына Баранава адзначыла, што пры стварэнні карты ўлічвалася дакладная інфармацыя такіх аўтарытэтных магілёўскіх гісторыкаў, як Мікалай Барысенка, Ігар Пушкін.
Заўтра ў Магілёве адбудуцца фінальныя мерапрыемствы «сіманаўскага» тыдня. Яны пачнуцца з ускладання кветак да памятнага каменя Канстанціну Сіманаву на Буйніцкім полі. У гэты ж дзень у Магілёўскім прафесійным агралесатэхнічным каледжы імя К. П. Арлоўскага пройдзе ўзнагароджанне ўдзельнікаў літаратурных конкурсаў, прысвечаных памяці Канстанціна Сіманава, і будзе арганізаваная экскурсія па музеі ў гонар пісьменніка. А ў МДУ імя А. Куляшова за круглым сталом збяруцца ў фармаце відэаканферэнцыі пісьменнікі Беларусі і Расіі.
Арганізатарамі «Сіманаўскіх чытанняў» з’яўляюцца Магілёўская гарадская арганізацыя «Рускае таварыства», Магілёўскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі, Магілёўскае гарадское аб’яднанне «Рускае культурнае асветніцкае таварыства», Магілёўскі гарвыканкам.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/simanauskiya-chytanni
[2] https://zviazda.by/be/tags/sayuza-pismennikau-belarusi-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/magilyou