Павышэнне тэмпературы вады Паўночнага Ледавітага акіяна пачалося на некалькі дзесяцігоддзяў раней, чым меркавалася, да такой высновы прыйшлі навукоўцы Кембрыджскага універсітэта. Вынікі навуковай працы апублікаваныя ў часопісе Science Advances, перадаюць [1] РИА Новости.
«Калі мы разглядалі ўсю 800-гадовую шкалу часу, паказчыкі тэмпературы і салёнасці выглядалі даволі сталымі. Але раптам у пачатку XX стагоддзя адбываецца прыкметны скачок у дадзеных — гэта сапраўды кідаецца ў вочы», — распавёў суаўтар даследавання доктар Тэзі Тамаза з Інстытута палярных навук Нацыянальнага даследчага савета ў Балонні.
Група экспертаў рэканструявала гісторыю пацяплення акіяна ў раёне праліва Фрама паміж востравам Грэнландыя і архіпелагам Шпіцберген. Прычынай нагрэву і змены складу, на думку спецыялістаў, стаў Атлантычны акіян, воды якога ўліваліся ў Паўночны Ледавіты. З-за гэтага з 1900 года тэмпература павялічылася прыкладна на два градусы Цэльсія, марскі лёд адступіў, а салёнасць узрасла.
У артыкуле падкрэсліваецца, што воды Паўночнага Ледавітага акіяна цяплеюць хутчэй за ўсіх. Па меры пацяплення адбываецца раставанне лёду ў палярным рэгіёне, што, у сваю чаргу, уплывае на ўзровень Сусветнага акіяна.
У выніку далейшага павышэння тэмпературы ў Арктыцы будзе паступова знікаць вечная мерзлата, у якой назапашана велізарная колькасць метану. Гэта больш шкодны парніковы газ, чым вуглякіслы, папярэдзілі навукоўцы. Яны плануюць працягнуць вывучаць кліматычныя мадэлі для больш глыбокага разумення працэсу «атлантызацыі» Паўночнага Ледавітага акіяна.
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://ria.ru/20211125/okean-1760755245.html
[2] https://zviazda.by/be/tags/navukoucy
[3] https://zviazda.by/be/tags/dasledvanne
[4] https://zviazda.by/be/tags/katastrofa
[5] https://zviazda.by/be/tags/glabalnae-pacyaplenne
[6] https://zviazda.by/be/tags/susvetny-akiyan