Спікер верхняй палаты парламента на чарговай сесіі Савета Рэспублікі заклікала сенатараў даносіць праўду на ўсіх магчымых пляцоўках.
Яна акцэнтавала ўвагу, што сітуацыя, якая разгортваецца вакол Беларусі, не можа не хваляваць кожнага, бо на краіну працягваецца мусіраваны гібрыдны ціск. Спікер падкрэсліла: метады атакі становяцца ўсё больш цынічныя і антыгуманныя, выходзяць за межы здаровага сэнсу і чалавечай маралі:
— Спачатку нашу дзяржаўнасць паспрабавалі знішчыць бліцкрыгам, калі не атрымалася — пачалі душыць санкцыямі, — нагадала Наталля Качанава і працягнула, што ў адрас Беларусі, беларускіх уладаў і беларускага народа не спыняецца плынь фальшу і хлусні. — Нашым прадстаўнікам ствараюцца ўсялякія перашкоды ў давядзенні свету праўды — блакуецца ўдзел у міжнародных мерапрыемствах, а еўрапейскім журналістам забараняецца мець зносіны з намі.
Яна акцэнтавала, што заходнія «лялькаводы» апусціліся да выкарыстання ў якасці гібрыднай зброі ні ў чым не вінаватых людзей:
— Неймаверна, што ў ХХІ стагоддзі бежанцаў не толькі выштурхваюць да нас сілай, ужываюць супраць іх слёзатачывы газ, светлашумавыя гранаты, ядахімікаты, але і не грэбуюць у прамым сэнсе падкідваннем іх мёртвых змардаваных целаў на беларускую тэрыторыю, — абураецца Старшыня Савета Рэспублікі.
Яна пераканана: заходнія палітыкі баяцца паказаць свайму народу праўду — дзесяцігоддзямі навязваемая «дэмакратыя» не спраўляецца з надзённымі праблемамі, ці то пандэмія або прыток мігрантаў. Уласныя слабасці і памылкі яны спрабуюць закамуфляваць пад нібыта больш значныя праблемы іншых краін і народаў.
Спікер адзначае, што міграцыйная сітуацыя на беларуска-польскай мяжы паказала, што чалавечае жыццё для заходніх дэмакратаў нічога не значыць:
— Ім не шкада ні цяжарных жанчын, ні дзяцей, ні старых, якія, паддаўшыся на іх жа абяцанні, адправіліся ў Еўрасаюз за лепшым жыццём, а цяпер ужо трэці тыдзень вымушаныя знаходзіцца ў поўнай нявызначанасці, — падкрэсліла яна.
Спікер верхняй палаты парламента адзначыла, што на шчасце гэтых людзей у якасці транзітнай тэрыторыі яны выбралі менавіта Беларусь:
— Для нас, беларусаў, няма чужога болю — і мы не пакінулі бежанцаў у бядзе. Усе дзяржаўныя органы, грамадскія арганізацыі і проста грамадзяне адгукнуліся і дапамагаюць бежанцам, — кажа Наталля Качанава.
Яна нагадала, што ў ліку першых, хто прапанаваў сваю дапамогу і аказаў садзейнічанне, — Савет Рэспублікі. Па даручэнні Кіраўніка дзяржавы сенатары ажыццяўляюць агульнае каардынаванне гуманітарнай місіяй на мяжы. Асаблівая ўвага — цяжарным жанчынам і дзецям.
Трэба сказаць, што з самага першага дня ўтварэння стыхійнага лагера і да гэтага дня старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч знаходзіцца на мяжы для рэалізацыі даручэння на месцы. Многія сенатары таксама непасрэдна далучаныя да вырашэння гэтага пытання.
Наталля Качанава нагадала, што Прэзідыум Савета Рэспублікі адразу ж звярнуўся да міжнароднай супольнасці з заклікам не заставацца абыякавымі і прыкласці намаганні для ўрэгулявання гэтай сітуацыі ў канструктыўным ключы.
Са свайго боку, першасная арганізацыя Беларускага саюза жанчын верхняй палаты парламента правяла круглы стол з удзелам прадстаўніц пярвічак рэспублікі, дзе таксама быў прыняты зварот.
Акрамя таго, у рамках мерапрыемстваў Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў-удзельніц СНД сенатары выступілі з заявай аб міграцыйнай сітуацыі на беларуска-польскай мяжы, дзе прагучаў заклік да краін-удзельніцы Садружнасці аб’яднаць намаганні ў супрацьстаянні гэтаму выкліку.
Спікер верхняй палаты парламента акцэнтавала ўвагу на тым, што дэлегацыя Германіі ініцыявала ўключэнне ў праект Парадку дня 143-й Асамблеі Міжпарламенцкага саюза ў Мадрыдзе надзвычайнага пункта на тэму «Спыненне гандлю людзьмі, спыненне парушэнняў правоў чалавека і работа ў напрамку свабодных і сумленных выбараў у Беларусі».
Наталля Качанава паведаміла прысутным, што Савет Рэспублікі распачаў усе магчымыя меры па недапушчэнні разгляду гэтага пытання ў ходзе Асамблеі і падзякавала намесніку Старшыні Савета Федэрацыі, каардынатара геапалітычнай групы «Еўразія» Канстанціна Касачова за падтрымку Беларусі і крокі па супрацьдзеянні прыняцця рэзалюцыі.
Таксама сенатары звярнуліся да старшыні Міжпарламенцкага саюза з патрабаваннем распачаць дзейсныя і неадкладныя меры па недапушчэнні ўключэння гэтага пункту ў парадак дня і сумесна з Міністэрствам замежных спраў пераканалі дружалюбныя дзяржавы Беларусі падтрымаць нашу краіну.
— Мы не можам маўчаць! Наша галоўная зброя ў гэтым вар’яцтве — наша праўда. І мы павінны даносіць яе свету, — пераканана Наталля Качанава і заклікала ўсіх і надалей займаць актыўную адказную пазіцыю. — Выступайце ў сродках масавай інфармацыі — рэспубліканскіх і мясцовых, сустракайцеся з працоўнымі калектывамі і насельніцтвам па месцы жыхарства.
Спікер нацэльвае сенатараў даносіць праўду ў ходзе працоўнай і грамадскай дзейнасці — на форумах, канферэнцыях, круглых сталах, дыялогавых пляцоўках:
— Выкарыстоўвайце і шукайце для гэтай дзейнасці любую магчымасць! Наш абавязак — захаваць суверэнную і незалежную Беларусь, мір і спакой у нашай краіне, — падкрэсліла яна.
Вольга АНУФРЫЕВА
фота БелТА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/volga-anufryeva
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/sesiya-saveta-respubliki
[4] https://zviazda.by/be/tags/natallya-kachanava
[5] https://zviazda.by/be/tags/spiker-verhnyay-palaty-parlamenta