Інфраструктура трох беларускіх заказнікаў — «Налібоцкі», «Азёры» і «Асвейскі» — стане больш даступнай для людзей з інваліднасцю, паведамілі ў прэс-офісе праграмы развіцця ААН, перадае [1] БелТА.
Фарміраванне ў заказніках больш даступнага асяроддзя стане магчымым дзякуючы праекту «Развіццё экалагічнага турызму для садзейнічання зялёнага пераходу да інклюзіўнага і ўстойлівага росту». Ён рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі пры фінансавай падтрымцы Расійскай Федэрацыі. І накіраваны на развіццё і прасоўванне экатурызму, стварэнне неабходнай метадычнай базы для яго развіцця і сістэмы стратэгічнага планавання, умацаванне супрацоўніцтва паміж прыватнымі кампаніямі, дзяржаўнымі прыродаахоўнымі ўстановамі і мясцовым насельніцтвам.
Сёння ў Беларусі і ва ўсім свеце вандроўкі з інваліднасцю становяцца ўсё больш масавай турыстычнай аўдыторыяй. Павышэнне даступнасці экатурыстычных лакацый для іх становіцца асабліва актуальным у эпоху пандэміі COVID-19 і пераадолення яе наступстваў праз стварэнне новых бяспечных магчымасцяў для падарожжаў.
Па праекце ў заказніку «Азёры» (Гродзенская вобласць) уладкуюць уваходныя групы будынка візіт-цэнтра, каб зрабіць іх больш даступнымі для людзей з інваліднасцю.
У заказніку «Налібоцкі» (Мінская і Гродзенская вобласці) мадэрнізуюць існуючую інклюзіўную экатрапу: заменяць драўляны насціл, які праходзіць па балотным і Лугавым біятопе, а таксама ўсталююць поручні для людзей з інваліднасцю.
У візіт-цэнтры заказніка «Асвейскі» (Віцебская вобласць) з’явіцца пандус для забеспячэння даступнасці для калясачнікаў.
Праект па развіцці экатурызму таксама плануе правесці ў 2022-2023 гадах серыю трэнінгаў па сацыяльнай адказнасці і стварэнні роўных магчымасцяў для наведвання асабліва ахоўных прыродных тэрыторый людзьмі з інваліднасцю. Навучанне пройдуць кіраўнікі і супрацоўнікі прыродаахоўных устаноў, пілотных пляцовак праекта і іншых асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Беларусі, мясцовыя жыхары праектных тэрыторый, прадпрымальнікі, грамадскія арганізацыі, уладальнікі аграэкасядзібаў, рамеснікі, прадстаўнікі ўстаноў культуры, іншыя ўдзельнікі экатурыстычных кластараў.
Прэв’ю: pexels.com
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/society/view/tri-zakaznika-v-belarusi-stanut-bolee-dostupnymi-dlja-invalidov-blagodarja-proektu-v-sfere-ekoturizma-473006-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/inklyuziuny-turyzm
[3] https://zviazda.by/be/tags/zakazniki-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/invalidnasc
[5] https://zviazda.by/be/tags/aan