Надзея Міхайлаўна Саладуха — загадчыца сталічнай бібліятэкі-філіяла № 2 імя Н. К. Крупскай, натура творчая і поўная ідэй. Яна пераможца конкурсу «Мінскі майстар — 2017». Пакарыла журы і гледачоў сваёй арыгінальнай творчай задумай пад назвай «Літаратурны шакалад»: стварыла абгорткі шакаладу, прысвечаныя беларускім пісьменнікам-класікам. А яшчэ размясціла на іх QR-код, які адсылаў на афіцыйны сайт Цэнтралізаванай сістэмы дзяржаўных публічных бібліятэк (ЦСДПб) г. Мінска. Так прыцягвала ўвагу не толькі да бібліятэчнай сістэмы, але і да літаратуры. Пра крэатыў у прафесіі — наша гутарка.
— Надзея Міхайлаўна, як нарадзілася ідэя літаратурнага шакаладу?
— Усё пачалося з конкурсу «Бібліятэкар года», які праводзіўся сярод бібліятэкараў ЦСДПб г. Мінска. Гэта быў першы конкурс такога маштабу ў маім жыцці. І, безумоўна, не чакала, што займу першае месца і нават атрымаю дыплом пераможцы гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства «Мінскі майстар — 2017». Часу на падрыхтоўку аказалася няшмат. А трэба было прыдумаць візітоўку, падрыхтаваць рацыянальную інавацыйную задуму (адзін з этапаў конкурсу меў назву «БРІЗ» — «Бюро рацыянальных інавацыйных задум»). Незадоўга да гэтага віншавала з днём нараджэння сяброўку, і салодкім дапаўненнем да падарунка стала шакаладка, абгортку якой я аформіла сама. І зусім выпадкова падумала: чаму б не выкарыстаць гэту ідэю для конкурсу? Адразу прыйшла назва: «Літаратурны шакалад». Потым — аздабленне: партрэты пісьменнікаў, цытаты, мэта праекта і, канешне, рэклама бібліятэкі з дапамогай QR-кода, выкарыстанне якога на той час было яшчэ не вельмі распаўсюджаным. Магчыма, ужо тады гэта была спроба папулярызаваць сайт ЦСДПб г. Мінска сярод карыстальнікаў. Аднак, на жаль, «Літаратурны шакалад» застаўся толькі конкурснай ідэяй. Таму што на той час ажыццявіць яе здавалася нерэальным, ды і ўсур’ёз не ўспрымалася. Вось у гэтым, відаць, і ёсць самая вялікая складанасць у рэалізацыі ўсяго новага: у няўпэўненасці і сумненнях у канчатковым выніку.
— Ды няўжо так лёгка здаліся?
— Амаль што так. Вельмі не хацелася адмаўляцца ад мары. Дайшла нават да Мінскага аддзялення гандлёва-прамысловай палаты, дзе юрысты прапанавалі запатэнтаваць маю ідэю як карысную мадэль. Але з-за некаторых абставін гэтага не зрабіла. А калі б нават усё атрымалася і «Літаратурны шакалад» з’явіўся б у продажы, няёмка было ад думкі: шакалад з’ядуць, а абгортку з выявай пісьменніка... выкінуць? Нельга. Таму і спынілася.
— Чаму ж выкінуць? Можна ў закладку, напрыклад, ператварыць!
— Цікавая прапанова! Калі наведвала Санкт-Пецярбург, у кніжнай краме бачыла шмат рознай прадукцыі з выявамі класікаў рускай літаратуры. Відаць, там ставяцца крыху прасцей да «будучыні» такіх абгортак і ўпаковак.
Ды паколькі жыццё не стаіць на месцы і новая рэальнасць патрабуе ад кожнага рухацца далей, нараджаюцца новыя ідэі. Пачала ствараць цыкл віртуальных кніжак-прэзентацый па казках беларускіх пісьменнікаў-класікаў пад агульнай назвай «Куфэрак беларускіх казак». Зрабіла ўжо тры. Абавязкова будзе працяг, ёсць задумкі, як развіць і палепшыць пачатае. Хочацца прыцягнуць увагу маленькіх чытачоў і іх бацькоў да беларускай літаратуры, заахвоціць чытаннем на роднай мове. Як бачыце, мэта першага праекта — папулярызаваць беларускую кнігу і беларускіх аўтараў — засталася нязменнай, і я па-ранейшаму лічу яе вельмі важнай.
— Гэтаму дапамагае і ваша супрацоўніцтва з Саюзам пісьменнікаў Беларусі?
— На мой погляд, СПБ і бібліятэкі — гэта дзве паловы аднаго цэлага, раз’яднаць якія проста немагчыма. І мэты нашай дзейнасці пераклікаюцца, у многім супадаюць і дапаўняюць адна адну. Разам мы знаёмім чытача з кнігай і аўтарам, адзначаем даты літаратурнага календара, імкнёмся прыцягнуць увагу да найлепшых узораў айчыннага слова. Разам праводзім мерапрыемствы. Колькі цікавых сустрэч з пісьменнікамі адбылося ў бібліятэцы! І для дзіцячай аўдыторыі, і для дарослай. Мы плённа працуем са школамі, якія знаходзяцца побач, запрашаем класы на сустрэчы з аўтарамі. Неаднаразова заўважалася, што пасля знаёмства чытачоў з аўтарам яго кнігі набываюць большую папулярнасць і на паліцах знайсці іх ужо складаней.
— Можа, з кімсьці з пісьменнікаў у вас склаліся асабліва цёплыя адносіны?
— На сустрэчы з чытачамі да нас прыходзілі многія пісьменнікі. І каб нікога не пакрыўдзіць, назаву тых, каго запрашалі неаднойчы. Гэта Уладзімір Ліпскі, Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Анатоль Зэкаў, Сяргей Трахімёнак, Уладзімір Мазго, Васіль Шырко, Міхась Пазнякоў, Яна Явіч, Маргарыта Латышкевіч, Надзея Бука, Павел Гушынец, Серж Мінскевіч... Знаёмства з кожным аўтарам, як для чытачоў, так і для нас, бібліятэкараў, заўсёды літаратурнае свята. Таму імкнёмся да яго падрыхтавацца адказна, каб кожны ўдзельнік застаўся задаволены.
— Каго з беларускіх літаратараў любіце чытаць?
— Яшчэ падчас вучобы ў педагагічным каледжы пачала чытаць беларускую паэзію. Як класікаў, так і сучасных аўтараў: Максіма Багдановіча, Яўгенію Янішчыц, Генадзя Бураўкіна, Навума Гальпяровіча... І захапілася сур’ёзна, нават у самой былі спробы пісаць вершы. У мяне захавалася газета «Веснік педкаледжа», дзе некаторыя з іх былі надрукаваны А потым быў філалагічны факультэт БДПУ імя Максіма Танка, дзе больш удумліва пачала чытаць прозу. Вылучыць аднаго аўтара складана, а вось сярод твораў, што найбольш кранулі, магу назваць трылогію «На ростанях» Якуба Коласа, апавяданні Міхася Зарэцкага. Моцнае ўражанне пакінулі творы Віктара Казько «Неруш» і «Суд у Слабадзе». А апошняя прачытаная кніга, якую вельмі эмацыянальна ўспрыняла і якая доўга мяне не адпускала, — аповесць «Ведзьміна тоня» Валерыя Гапеева.
— У Дзень бібліятэк у сталічным Купалаўскім тэатры Саюз пісьменнікаў Беларусі ўзнагародзіў вас сярод іншых калег ЦСДПб г. Мінска. Гэта дадатковы стымул для творчасці?
— Безумоўна, заўсёды прыемна атрымліваць узнагароды. І падзяка ад Саюза пісьменнікаў для мяне вельмі каштоўная. Таму што бібліятэка не можа існаваць без тых, хто стварае кнігу для чытача, хто сваімі творамі імкнецца данесці нешта новае, цікавае, нязведанае, хто размаўляе з намі вуснамі сваіх герояў, накіроўвае, выхоўвае і вучыць. Бібліятэкар у сваю чаргу праз сустрэчы з аўтарамі, прэзентацыі, выстаўкі, літаратурныя гасцёўні прыцягвае ўвагу наведвальнікаў да кнігі. Калі ж мяне як загадчыцу бібліятэкі адзначылі падзякай, мяркую, разам з калегамі мы рухаемся ў правільным кірунку. Удзячна Саюзу пісьменнікаў Беларусі за супрацоўніцтва, а свайму непасрэднаму кіраўніцтву — за падтрымку. Але я добра разумею, што любая ўзнагарода — гэта не толькі прыемны момант, гэта яшчэ і адказнасць. Бо патрабуе ў будучыні адпавядаць дасягнутаму выніку і імкнуцца развівацца далей.
— Ці ёсць у вас запаветная мара, датычная бібліятэкі? Што б хацелі ўдасканаліць?
— Мне б хацелася, каб бібліятэка станавілася ўсё больш неабходнай грамадству, каб паспявала за хуткімі зменамі ў жыцці і сама была здольнай мяняцца і перабудоўвацца, адгукаючыся на патрабаванні часу. Каб кожная бібліятэка была тэхнічна абсталяваная, кніжныя фонды павялічваліся, каб працавалі тут не проста спецыялісты, а творчыя людзі, адданыя прафесіі. І тады, упэўнена, нават самы патрабавальны чытач, які прыйдзе ў бібліятэку, зможа задаволіць любы запыт.
— Ідэальныя ўмовы для ідэальнага чытача?..
— З ідэаламі, на мой погляд, увогуле ў жыцці складана. Але, калі не занадта паглыбляцца ў разважанні, то ідэальным назвала б чытача, які, па-першае, не можа ўявіць вечара без некалькіх старонак кнігі, а па-другое, ведае, дзе знаходзіцца найбліжэйшая бібліятэка, і рэгулярна яе наведвае.
— Ды сёння ж чытаюць менш...
— «Лепш прачытаць мала кніг, але карысных». Гэта выказванне Н. К. Крупскай, імя якой і носіць наша бібліятэка. Мне здаецца, не трэба гэтыя словы ўспрымаць літаральна. Найвялікшая каштоўнасць кнігі ў тым, што яна ўтрымлівае пэўныя веды, вучыць думаць, дапамагае развівацца, узбагачаць светапогляд. Аднак толькі ўдумлівы і ўважлівы чытач зможа адкрыць для сябе таямніцы кніжных старонак. І толькі ў гэтым выпадку прачытанае будзе карысным. Адну і тую ж кнігу можна чытаць некалькі разоў і кожны раз знаходзіць нешта новае, незаўважанае раней.
— Ваша бібліятэка знаходзіцца ў так званым спальным раёне. Якія тут асаблівасці? Па якую літаратуру ў гэтай сувязі больш звяртаюцца чытачы?
— Мы маем статус бібліятэкі сямейнага чытання. Ёсць дарослы абанемент, а таксама дзіцячы. І многія чытачы прыходзяць сем’ямі. Таты, мамы, бабулі і дзядулі прыводзяць дзяцей і ўнукаў. Таму і кніжны фонд арганізаваны так, каб задаволіць рознаўзроставыя патрэбы. Пераважна атрымліваем мастацкую літаратуру, якая карыстаецца найбольшым попытам, ёсць і галіновая. Фонд пастаянна абнаўляецца. Старанна сочым за навінкамі ў свеце літаратуры. Таксама выпісваем перыядычныя выданні (газеты, часопісы), дзіцячыя і для дарослых. Заўсёды рады пастаянным чытачам і шчыра запрашаем новых!
Калісьці ў нас быў жывы куток з канарэйкамі, папугаямі, марскімі свінкамі. А зараз застаўся адзін папугай карэла, якому больш за 20 гадоў. Ён ужо дрэнна сябе адчувае, таму даглядаю яго дома. А дзецям і дарослым нашым чытачам паказваю відэа з Гошам, каб не сумавалі і не хваляваліся.
Чытачы ж часта прыходзяць у бібліятэку не толькі па кнігу, але і пагутарыць, абмяняцца ўражаннямі. Таму бібліятэкар у нейкай ступені і псіхолаг, і педагог. Сучасны бібліятэкар не можа працаваць так, як працаваў 20 ці нават 10 гадоў таму. Зыходзячы са свайго параўнальна невялікага вопыту працы ў гэтай прафесіі, магу дакладна сказаць, што ні мой першы дыплом настаўніка пачатковых класаў, ні другі — выкладчыка беларускай мовы і літаратуры ні аднаго разу мне не перашкодзілі. Наадварот, атрыманыя веды толькі дапамагалі. І невялікі вопыт працы ў школе таксама пайшоў на карысць. Акрамя адукацыі, у кожнага чалавека заўсёды ёсць магчымасць самаўдасканальвацца. Было б жаданне. А каб не спазніцца і адпавядаць патрабаванням часу, трэба пастаянна павышаць прафесійны ўзровень, быць на хвалі, як кажуць. А самае важнае і простае: любіць справу, якой займаешся.
— І ствараць... Ці садзейнічае бібліятэчная атмасфера творчасці? Альбо не варта парушаць цішыню для чытання?
— Працаваць у бібліятэцы і не быць творчым чалавекам немагчыма. І атмасфера бібліятэчная не тое, што садзейнічае, я б нават сказала, патрабуе творчасці. А вось чытаць я ўсё ж люблю ў цішыні, калі нічога не перашкаджае, не адцягвае, калі ёсць магчымасць паглыбіцца ў сюжэт.
Калісьці прачытала словы Максіма Багдановіча, якія запомніліся: «Ёсць адна толькі мудрасць жыцця і яе я шаную; // Вось што кажа яна: // Калі хочаш праўдзіва ты жыць, дык пей чару любую, // Але толькі да дна». Імкнуся кіравацца па жыцці гэтымі радкамі, даводзіць пачатае да канца. Спадзяюся, атрымліваецца.
— У наступным годзе, як мне вядома, ваша бібліятэка адзначыць 110-годдзе з дня заснавання. Чаму б не адзначыць гэта «Літаратурным шакаладам» і не зрабіць яго візітоўкай бібліятэкі?
— Можна і паспрабаваць. Але ў бібліятэкі няма магчымасці наладзіць вытворчасць шакаладу, таму без аднадумцы-партнёра нічога не атрымаецца. А супрацоўніцтва ў гэтым кірунку, на мой погляд, было б узаемавыгадным. Лічу, што ідэя стварэння «Літаратурнага шакаладу» мае права на жыццё і аднойчы здзейсніцца. Бо мэта маёй задумы будзе актуальнай заўсёды: «Хай ляціць беларускае слова, // Вольна, звонка гучыць на ўвесь свет! // Наша родная матчына мова — // Слынных творцаў святы запавет».
Наталля СВЯТЛОВА
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/natallya-svyatlova
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/bibliyateka-filiyal-no-2-imya-n-k-krupskay
[4] https://zviazda.by/be/tags/konkursu-minski-maystar-2017
[5] https://zviazda.by/be/tags/litaraturny-shakalad