Напрыканцы восені беларуская сталіца традыцыйна ладзіла для кінатворцаў і іх прыхільнікаў спатканне на ММКФ «Лістапад». У межах яго, як мы ўжо пісалі, адбылося шмат цікавых прэм’ер, сустрэч і майстар-класаў. Вынікі падведзены і пераможцы ўзнагароджаны, аднак хочацца даведацца пра тое, што засталося за кадрам. У прыватнасці, больш падрабязна пагаварылі пра дакументальнае кіно са старшынёй журы сёлетняй конкурснай праграмы і дырэктарам тэлеканала «Беларусь 3» Наталляй Марынавай.
Наблізіцца да аўдыторыі, не паніжаючы планкі
— Наталля Васільеўна, вынікі «Лістапада» мы ўжо ведаем. Якія ўражанні пакінуў у вас прагляд конкурснай праграмы дакументальнага кіно?
— Сёлета на фестывалі было прадстаўлена 17 карцін дакументальнага кіно. Радуе, што ўсе работы розныя. Сярод іх і прыклады, можна сказаць, старой класічнай школы, і працы, за якімі, думаю, будучыня. Фільм турэцкага рэжысёра Ензара Алтая «Кадакушы» і «Ціхая спадчына» Пеці Накавай з Балгарыі — гэтыя кінастужкі імкнуцца наблізіцца да масавага гледача, не губляючы творчага патэнцыялу самога фільма і яго мастацкай каштоўнасці. Абедзве работы належаць маладым аўтарам. І такая форма дакументальнага назірання з дакладна выбудаванай сюжэтнай лініяй, мне здаецца, будзе карыстацца папулярнасцю. Згаданыя фільмы журы адзначыла спецыяльнымі прызамі. А вось што датычыцца фільма «Далёкі план» Уладзіміра Галаўнёва (Расія), які атрымаў Гран-пры, то там вельмі цікавая і іранічная праца. Сам рэжысёр казаў, што перажываў, як успрымуць яго стужку ў Міністэрстве культуры, але яго здзівілі, калі не толькі прынялі, але і падтрымалі. Я таксама здзівілася, бо фільм на злобу дня і разам з тым там паўсюль чытаецца іронія, што робіць стужку актуальнай і добрай гісторыяй.
Акрамя гэтага, некаторыя работы мы адзначылі таксама дыпломамі, таму што, сапраўды, праграма дакументальнага кіно была ў гэтым годзе багатай на цікавыя гісторыі, якія зроблены па-рознаму. Напрыклад, тая ж расійская стужка «Народжаны на Неўскім пятачку» Яўгенія Папова — таксама работа маладых людзей, якую цікава паглядзець і на фестывалі, і нават у тэлеэфіры. Сярод цікавых і фільмы «Балада пра Галілеа» (Ралітза Дзімітрава, Балгарыя), і грузінскія «Роварам да Месяца» Георгія Харэбавы, і «МШТ-15: Анёл шчасця» Вахтанга Кунцава-Габашвілі. А работа іспанскага рэжысёра Альгіса Арлаўскаса «Вольны палёт» нават нечым мне нагадала фільм Міхалкова «Ганна: ад 6 да 18».
— Калі і ўвогуле ці варта чакаць трансляцыі дакументальных фільмаў з кінафоруму на «Беларусь 3»?
— Плануем правесці работу ў дадзеным кірунку. Датычна фільмаў, якія былі прадстаўлены на «Лістападзе», ёсць пэўныя складанасці, звязаныя менавіта з працэсам перагавораў з уладальнікамі правоў на іх. Бо, напрыклад, калі фільм плануе ў далейшым прымаць удзел у фестывалях класа А, то нам ніхто не дазволіць трансляваць яго ў тэлеэфіры. Але папярэдне мы правялі перагаворы з некаторымі аўтарамі і сышліся на тым, што будзем супрацоўнічаць у гэтым напрамку. Таму спадзяюся, што некаторыя дакументальныя фільмы сёлетняга «Лістапада» ўбачаць і гледачы «Беларусь 3».
— Згаданыя вамі 17 фільмаў даюць пэўны зрэз таго, што сёння ўяўляе сабой дакументальнае кіно. Якія ў яго асаблівасці, характарыстыкі на сучасным этапе, калі меркаваць па ўбачаным?
— Ведаеце, я чакала, што складаны 2020 год унясе нейкія карэктывы ў тэматыку фільмаў. Аднак, нягледзячы на разнастайнасць сюжэтаў, там не знайшлі адлюстравання ні пандэмія, ні нейкія грамадска-палітычныя падзеі. Адзінае — аўтары адзначалі, што гэты час даў ім магчымасць нарэшце спакойна сесці і зманціраваць той матэрыял, які быў зняты і чакаў дапрацоўкі. Іх па-ранейшаму хвалююць пачуцці чалавека, адносіны бацькоў і дзяцей, тэма адзіноты... Але, калі казаць пра фільм «Сонунку/Апошні» Фарыза Ахмадава (Азербайджан), то там адзінота тая, да якой усе мы звыклі і ведаем. А вось у «Кадакушах» — гэта ўжо праблема ХХІ стагоддзя. І ў стужцы яна па-новаму разглядаецца. Зараз гэтая тэма актуальная ў Японіі, у развітой краіне. Праблема смерці адзінокіх пажылых людзей прымушае гледача задумацца і нават шкадаваць, што з улікам усіх магутнасцяў тэхнічнага прагрэсу людзі паміраюць пры такіх абставінах. Бо «кадакушы» — гэта калі чалавек памёр, а яго доўга не знаходзяць. І падчас прагляду фільма ты ўсведамляеш не проста з’яву, а яе маштаб, калі ў краіне існуюць асобныя службы па доглядзе састарэлых і клінінгавыя службы, якія прыбіраюць кватэры тых, хто сышоў з жыцця... То-бок, адлюстравана не проста праблема, знойдзеная рэжысёрам, а цэлая сістэмная сітуацыя.
— Асобна давайце спынімся на беларускім фільме Галіны Адамовіч «Страла», які таксама атрымаў некалькі ўзнагарод, у тым ліку і «Прыз сімпатый гледачоў». Якое ўражанне гэтая кінастужка дае пра айчынную дакументалістыку на міжнародным фоне?
— Гэта добрая і актуальная работа, і яна вельмі годна выглядала на фоне ўсіх прадстаўленых фільмаў. Нават з улікам таго, што пра абрад «Страла» ведаюць многія, прынамсі ў Беларусі, фільм уразіў маіх калег з журы. Іх зацікавіла аўтэнтычная беларуская гісторыя. Дадзеная кінастужка зусім іншай накіраванасці ў адрозненне ад яе папярэдняга фільма «Добрых дзяўчат не б’юць». Хоць мае студэнты на факультэце журналістыкі БДУ, якія глядзелі абодва фільмы, выказваюць цікавую ідэю, што «Страла» — гэта гісторыя, што адбываецца потым з пакаленнем гераінь «Добрых дзяўчат не б’юць». Яны бачаць узаемасувязь таго, як дазвалялі з сабой абыходзіцца жанчыны ў мінулым, і наступстваў, якія мы пасля назіраем у жыцці іншых пакаленняў. Але для мяне «Страла» — фільм перш за ўсё пра людзей, нават з улікам таго, што там паказаны традыцыйны беларускі абрад, і гэтая тэма не аднойчы ўжо ўвасаблялася на экране. Фільм перспектыўны, бо, як адзначала журы (яны з’яўляюцца адборшчыкамі кінастужак на розныя фестывалі), тэмы фальклору і нацыянальнай ідэнтычнасці зараз вельмі запатрабаваныя. Таму, думаю, у «Стралы» будзе ў тым ліку і добрае фестывальнае жыццё.
— Наколькі я ведаю, вы глядзелі фільмы разам з гледачамі на фестывалі. Можаце прыгадаць, якія з іх сабралі найбольшую колькасць наведвальнікаў?
— Больш за ўсё людзей прыходзіла на прагляды тых кінастужак, якія прадстаўлялі іх стваральнікі. Максімальнай па колькасці была аўдыторыя на прэм’ерным паказе фільма «Іншым я ўжо не буду» рэжысёра Антона Нікалаева (Расія). На творчай сустрэчы там прысутнічаў сам Мікалай Бурляеў, пра якога і зняты фільм. А ў цэлым, калі казаць пра наведванне паказаў, то запаўняльнасць залы залежала і ад часу сеансаў. У буднія дні, вядома, больш людзей прыходзіла на познія сеансы. Аднак я думаю, што ацэньваць цікавасць да фільма па колькасці гледачоў у зале складана і не варта. Важна, што пасля кожнага сеанса была рэакцыя ад аўдыторыі: мы чулі апладысменты, да журы падыходзілі людзі, і мы з імі абмяркоўвалі пабачанае на экране. Гледачы былі падрыхтаваныя: разумелі кантэкст, імкнуліся шукаць прычынна-выніковыя сувязі, таму працаваць было цікава.
— Зараз назіраецца пэўная тэндэнцыя ў кінаіндустрыі, калі кіно сыходзіць на інтэрнэт-платформы. І ў сувязі з гэтым хочацца спытаць, як адрозніваюцца адчуванні і ўспрыманне кінафільмаў з экрана манітора і на вялікім экране?
— Складана прадказаць, як усё будзе развівацца, але вялікае кіно і ў тым ліку дакументальнае (што было прадстаўлена на «Лістападзе») трэба глядзець пры магчымасці на вялікім экране. Адчуванні, калі глядзіш фільм у кінатэатры, ні з чым не параўнальныя. Ты паглыбляешся ў атмасферу фільма, і тады зусім іншае ўспрыманне карцінкі, гуку і герояў. У дачыненні да дакументальнага кіно вельмі важна, каб нішто не адцягвала вашай увагі. Таму што гэта не серыял, які можна паглядзець фонам і нічога не страціць. У дакументальнай кінастужцы вельмі важна не прапусціць нешта. Бо ў іх, як правіла, не бывае нічога выпадковага: кожны план, кадр і дэталь — усё прадумана і нясе сэнс. І калі ты ўлоўліваеш такія аўтарскія інтанацыі, то зусім па-іншаму ўдаецца «прачытаць» кінаработу. Калі ёсць магчымасць ісці і глядзець кіно на вялікім экране, то рабіце гэта.
Фільмы, якія чакаюць і абмяркоўваюць
— Магчымасць глядзець добрае кіно на вялікім экране, за выключэннем раённых і абласных гарадоў, беларусам выпадае нячаста. Ці ўлічваеце гэта, напрыклад, фарміруючы сетку вяшчання сацыякультурнага тэлеканала?
— Калі казаць пра дакументальнае кіно, то мы добра разумеем, што гэта не камерцыйная гісторыя: рэклама там не размяшчаецца, і нікому тое не выгадна. То-бок, тут маем цэлы ланцужок пэўных праблем, якія існуюць у сучасным грамадстве, распешчаным масавай культурай. Дакументальны фільм ніколі не збярэ такой жа колькасці гледачоў, як ігравая кінастужка, таму ў мяне няма адносна гэтага ніякіх ілюзій. Аднак я пераканана, што ёсць аўдыторыя, якая любіць і чакае менавіта такое кіно. І дзейнасць «Беларусь 3» накіравана ў тым ліку і на тое, каб у гэтых людзей была магчымасць спрычыніцца да такіх фільмаў. Што да айчыннай дакументалістыкі, то мы імкнёмся паказваць усё, што створана на кінастудыі «Беларусьфільм», супрацоўнічаем з Уладзімірам Бокунам, які таксама працуе ў дадзеным напрамку. Будзем і далей паказваць дакументальнае кіно, нават не чакаючы высокіх доляў тэлепраглядаў, бо гэта тыя гісторыі, якія прымушаюць думаць, суперажываць і рабіць высновы.
— Вяртаючыся да фестывальнай тэмы, што ўсё ж важней для дакументальнага кіно — ацэнка міжнародных кінафорумаў альбо любоў гледачоў?
— Ёсць аўтары, якія робяць фільмы для сябе ці для паказу на фестывалях. І, лічу, нам пашчасціла, што ў праграме дакументальнага кіно «Лістападу» не было кінастужак з дадзенай катэгорыі. Бо пераканана, што кіно ствараецца для гледачоў. Яго павінны глядзець і абмяркоўваць. Вядома, існуе і аўтарскае кіно, калі сам стваральнік лічыць, што зрабіў нешта выключнае і меркаванне іншых яму не важна. Але ў кожнага мастацтва свой глядач. І ён знойдзе фільм і на кінафестывалі, і ў тэлеэфіры, калі кіно па-сапраўднаму цікавае.
Алена ДРАПКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/kino
[4] https://zviazda.by/be/tags/mmkf-listapad
[5] https://zviazda.by/be/tags/dakumentalnae-kino
[6] https://zviazda.by/be/tags/starshynya-zhury