Сёння ў Мінску дадзены старт рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Цуды на Каляды». Гэта сумесны праект Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі, паведамляе [1] БелТА.
Старт дабрачыннага праекта ўжо шмат гадоў з’яўляецца неад’емнай часткай фіналу конкурсу «Валанцёр года», які прайшоў сёння ў ГЦ «Сталіца».
Па традыцыі аб пачатку праекта абвясцілі любімыя ўсімі дзецьмі і дарослымі казачныя персанажы Дзед Мароз і яго ўнучка Снягурка, а пацешныя тыграняты (сімвал 2022 года) папоўнілі куфар добрых спраў падарункамі для Івянецкага дзіцячага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця.
Дабрачынная акцыя «Цуды на Каляды» пройдзе з 4 снежня па 9 студзеня і ўнясе сваю лепту ў рэспубліканскую акцыю «Нашы дзеці». У цэнтры ўвагі валанцёраў і цімураўцаў будуць выхаванцы дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, прымачоў-размеркавальнікаў, прытулкаў для дзяцей-сірот, дзеці з абмежаванымі магчымасцямі і інш.
Геаграфія праекта шырокая і ахопіць усе рэгіёны краіны. Усяго плануецца правесці каля 500 дабрачынных мерапрыемстваў. Сімвалам акцыі традыцыйна стануць чырвоныя рукавічкі, якія адлюстроўваюць імкненне дзяцей і моладзі Беларусі акружыць клопатам, увагай людзей, асабліва ў навагоднія і калядныя дні.
Арганізатары падкрэсліваюць: цуды абавязкова здараюцца, трэба толькі ў іх верыць. Стаць для кагосьці чараўніком можа абсалютна кожны, далучыўшыся да добрых спраў.
Прэв’ю: pexels.com
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/society/view/blagotvoritelnaja-aktsija-chudesa-na-rozhdestvo-startovala-v-belarusi-473158-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/kalyady
[3] https://zviazda.by/be/tags/dabrachynnaya-akcyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/cudy-na-kalyady-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/brsm
[6] https://zviazda.by/be/tags/brpa