Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа 21 лістапада адзначыў юбілей — 95-годдзе з дня заснавання. У гэты дзень яго наведалі шматлікія госці: міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Маркевіч, прадстаўнікі мясцовых улад, Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы і Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.
Усе яны выступілі ў віншавальнай частцы юбілейнага вечара. Але перад гэтым гасцям і шматлікім гледачам была прадстаўлена прэм’ера спектакля «Ціль» паводле вядомай п’есы Рыгора Горына, якую на коласаўскай сцэне паставіў мастацкі кіраўнік тэатра Міхась Краснабаеў.
У святочныя для тэатра дні мы звярнуліся да вядучых артыстаў і мастацкага кіраўніка з пытаннямі: 1) Якую ролю коласаўскі тэатр адыграў у вашым жыцці? 2) Ці існуе сувязь, пераемнасць паміж рознымі пакаленнямі коласаўцаў? Ці ёсць у тэатра пэўныя традыцыі, якія ён захоўвае? 3) Якой бачыцца будучыня тэатра?
Міхась Краснабаеў, мастацкі кіраўнік (у тэатры з 1985 года):
1. Коласаўскі тэатр — гэта маё жыццё. Сюды я трапіў адразу пасля заканчэння Беларускага тэтральна-мастацкага інстытута, і ўжо служу тут трыццаць сёмы год. Спачатку быў акцёрам, пасля рэжысёрам і нарэшце стаў мастацкім кіраўніком.
2. Напэўна, пераемнасць паміж рознымі пакаленнямі ёсць. Сталыя артысты дапамагаюць маладым, даюць ім пэўныя парады.
3. Веру, што тэатр не знікне, ён запатрабаваны. Часы ліхія перамелюцца, і ўсё будзе добра. І застануцца гледачы, якім цікава творчасць коласаўцаў. А мы будзем адпавядаць патрабаванням аўдыторыі.
Святлана Акружная, народная артыстка Беларусі, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне» (у тэатры з 1969 года):
1. Гэта велізарны пласт майго жыцця. Напрыканцы вучобы ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце на курсе Дзмітрыя Арлова мяне запрашалі розныя тэатры, у тым ліку і маскоўскі — Генадзь Юдзеніч клікаў да сябе. Але тут прыехалі з Віцебска дырэктар Геральд Асвяцінскі і галоўны рэжысёр Сямён Казіміроўскі. Яны разам з Барысам Эрыным, які ставіў «Уладу цемры» Льва Талстога і шукаў выканаўцу на ролю Анюткі, угаварылі мяне выбраць коласаўскі. Пераконваў і Дзмітрый Аляксеевіч, які на той час ужо быў хворы і хацеў аддаць мяне ў добрыя рукі.
У той перыяд трупа коласаўцаў была вельмі моцная. Першыя мае крокі на сцэне былі дастаткова нясмелыя, падтрымалі партнёры: Анатоль Трус, Анатоль Шэлег, Фёдар Шмакаў, Галіна Маркіна. Калі спектакль паказалі ў Маскве, мяне назвалі адкрыццём гастроляў, а маю работу — найлепшым выкананнем гэтай ролі за ўсю гісторыю тэатра. Клікалі ў тры маскоўскія тэатры, але я адмовілася, бо была вельмі занятая ў рэпертуары, і гэта былі ролі, якія мне падыходзілі. Тады ж з’явілася Дачка ў «Зацюканым апостале», вобраз якой вельмі ўхваліў і сам аўтар. Мае намаганні ацанілі: я стала самай маладой заслужанай артысткай БССР — у 29 гадоў. Працавала з многімі выдатнымі рэжысёрамі, якім буду ўдзячная да канца сваіх дзён. Гэта і Казіміроўскі, і Эрын, і Пінігін, і Смелякоў. Аднак былі моманты, калі хацелася пайсці з тэатра — з-за частай змены галоўных рэжысёраў.
Ужо пазней з’явіўся спектакль «Хам» у пастаноўцы Эрына, дзе я іграла Франку. Гэта быў мой зорны час. Некаторыя гледачы сталага веку і зараз прыгадваюць мяне разам з Куляшовым у той пастаноўцы. На жаль, яе не паспелі запісаць на плёнку, бо ў мяне тады здарылася трагедыя з сынам. І «Хам» застаўся, як і многія іншыя спектаклі з маім удзелам, толькі ў памяці тых, хто яго бачыў на сцэне.
2. Традыцыі тэатра былі закладзены яшчэ ў 1926 годзе яго заснавальнікамі, выпускнікамі Беларускай драматычнай студыі ў Маскве. Гэта была выдатная школа, якая склалася пад уплывам вялікіх майстроў МХАТа другога. Іграць з тымі артыстамі было вялікім задавальненнем. Адчувалася яднанне з партнёрамі і публікай. На сцэне я змагла выказацца больш моцна, яскрава, шчыра, чым у жыцці. Потым адбывалася змена пакаленняў, і многія выдатныя майстры сышлі, але парасткі засталіся. Зараз у нас калектыў, які мае неблагі рэпертуар і працуе на глебе псіхалагічнага тэатра.
3. Коласаўскі тэатр быў, ёсць і будзе, бо гэта адлюстраванне беларускай культуры. Пакуль жыве культура, жыве і тэатр.
Таццяна Ліхачова, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь (у тэатры з 1972 года):
1. Я яшчэ да інстытута працавала ў гэтым тэатры, а пасля заканчэння вярнулася. Коласаўскі для мяне адзіны, ніколі яму не здраджвала. Па нейкай жыццёвай мудрасці сям’я звычайна на першым месцы, а праца — на другім. А ў мяне наадварот. Ды і сям’я ж тэатральная: мой муж Генадзь Шкуратаў таксама быў артыстам.
Тэатр не толькі будынак, які таксама ўражвае, галоўнае — напаўненне. І яно з першых дзён мяне ўразіла, найперш — духам тых артыстаў, якія даўным-даўно адышлі. Але засталася творчая, магічная аўра. Я заспела Звездачотава, Труса, Сяргейчыка і пазнейшую плеяду — Шмакава, Канапельку, Дубава, Шашкіну, Маркіну. Моладзі не так і многа было ў той час. Усе з намі сябравалі. Творчая атмасфера адчувалася і ў фае, і на лесвіцах, і на сцэне, пераносілася ў глядзельную залу. Нават размовы былі творчыя.
Сёння ўсё мяняецца не ў лепшы бок. Нашым душам неабходна падпітка — героямі, якія зніклі і з жыцця, і са сцэны. Час стаў чорна-белы, і гэта адбіваецца на людзях. Я паўжыцця стварала, і раптам прыйшло адчуванне, што хаджу як на працу, быццам тэатр перастаў існаваць. У некаторых з’явілася абыякавасць. Не магу сказаць за ўсю моладзь, але ёсць і такія, хто не разумее, куды яны прыйшлі, як трэба развівацца, каб, прынамсі, праз некалькі гадоў цябе паважалі, любілі тваю творчасць. Прыходзяць, сыходзяць, прычым многія без шкадавання.
2. Пераемнасці, на жаль, няма. Раней у тэатр прыходзіла група моладзі, іх хапалі старэйшыя майстры, і яны многае пераймалі. Гэта не залежала ад таго, любіш ты кагосьці ці не: мы паважалі акцёраў за майстэрства, прафесіяналізм, ганаровыя званні. Мне здаецца, усё спынілася, калі пайшлі завочнікі. Такія кантакты засталіся хіба што на міжасобасным узроўні. Не хачу сказаць, што ўсё зусім дрэнна. Сталыя акцёры часта знаходзяцца ў адных грымёрках з маладымі, якія штосьці ў іх пераймаюць.
3. Хочацца, каб тэатр існаваў, бо гэта адбітак культуры народа, яго найлепшых духоўных якасцей. Чым бы нас ні выпрабоўвалі, тэатр будзе жыць.
Вячаслаў Грушоў, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь (у тэатры з 1971 года):
1. Тэатр імя Якуба Коласа вызначыў маё жыццё: і творчае, і сямейнае. Ён дапамог разабрацца ў сабе, вырашыць, хто я такі і што з сябе ўяўляю.
2. Натуральна, была сувязь паміж першым пакаленнем коласаўцаў і іх наступнікамі. Цяпер няма такога ланцужка, які б злучаў усе пакаленні паміж сабой. Усё, што змаглі зрабіць пачынальнікі, — пабудаваць гэты тэатр, закласці яго асновы, другое і трэцяе пакаленні — захаваць іх, а чацвёртае і пятае — прымножыць і, што самае галоўнае, не страціць тэатр. Будучыня ж залежыць ад новых людзей, якія прыйдуць працаваць у коласаўскі. Вельмі добра, калі традыцыі змяняюцца, эвалюцыяніруюць.
3. Гэта, як ні дзіўна, вельмі лёгкае пытанне пры ўсёй уяўнай складанасці. Калі ў тэатры захаваецца душа (тут маецца на ўвазе і душа, і духоўнасць, усе складнікі), тады будзе існаваць і сам тэатр. Як казаў Станіслаўскі, галоўнае — гэта жыццё чалавечага духу. А ўсё астатняе — светлавыя, музычныя, камп’ютарныя тэхналогіі — дадатак. Больш за тое, тэатр павінен мець тры ўласцівасці — дзяціннасць, наіўнасць і шчырасць.
Юрась Цвірка, вядучы майстар сцэны (у тэатры з 1991 года):
1. Я апынуўся ў Віцебску дзеля тэатра і дзякуючы яму тут жыву: пабраўся шлюбам, маю сям’ю, пабудаваў кватэру. Калі давялося крыху папрацаваць у Мінску, зразумеў, што віцебскі тэатр — гэта маё, цягнула на родную сцэну.
А магло б скласціся па-рознаму. Дзякуй Богу, рэжысёры мяне выбіраюць, і ролі ёсць, і ў горадзе мяне ведаюць. Тэатр для мяне — усё. І гэта не пафасныя словы.
2. На прыкладзе спектакля «Несцерка» відаць, як захоўваюцца традыцыі, бо вобразы пераходзяць з пакалення ў пакаленне. Напрыклад, у гэтым сезоне я ўпершыню сыграў ролю пана Бараноўскага. Раней выканаўцамі былі Сцяпан Скальскі, Барыс Левін, Уладзімір Куляшоў і іншыя. Я люблю пагаварыць з моладдзю, якая, так склалася, не ведае пра гэтую пераемнасць. Яны іншыя, не так паглыбляюцца ў мінулае. Імкнуся ім давесці, што трэба ведаць гісторыю і беларускую мову. У нас былі выпадкі, калі акцёр забываў тэкст, а думку помніў — адразу пераходзіў на рускую. Між тым хацелася б, каб праходзілі бенефісы нашых вядомых акцёраў. Забыліся мы крыху і пра вечары памяці. Гэтыя традыцыі трэба захоўваць.
3. Коласаўскі тэатр будзе, таму што Віцебск — культурны цэнтр, можна сказаць, культурная сталіца Беларусі. Ён мне вельмі па душы. Ёсць у ім нейкая цеплыня, аўра. Як і ў самім тэатры. Хацелася б, каб заставалася моладзь, пражывала тут, як мы, усё сваё жыццё, каб людзі хадзілі паглядзець на акцёраў. Чытаў у буклетах, у газетах, што тэатр наш акцёрскі. На іх ён і трымаецца.
Падрыхтаваў Юрый ІВАНОЎСКІ, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, тэатразнаўца
Фота з архіва тэатра
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yuras-cvirka
[2] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-lihachova
[3] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-akruzhnaya
[4] https://zviazda.by/be/tags/mihas-krasnabaeu-0