Калі сфера дастаўкі гатовага харчавання перажыла бурны рост з пачаткам пандэміі, калі з офісаў вельмі многія перамясціліся ў кватэры, а паход у краму ператварыўся ў небяспечнае падарожжа, то сёння адзін з вядучых напрамкаў у гэтым сегменце — дастаўка дадому здаровага харчавання. Цяпер гэты трэнд прыйшоў і ў Беларусь.
Ежа «для забавы» па-ранейшаму запатрабаваная і ў суседняй Расіі, і ў нас (зручна ж заказаць піцу або сушы на кампанію, хутка накрыць стол, калі без папярэджання завіталі госці). Але ўсё часцей сучасны спажывец звяртае ўвагу не толькі на смак і колькасць, але і на карыснасць свайго рацыёну.
Аўтарытэтнае медыцынскае выданне The Lancet апублікавала вынік трыццацігадовага даследавання брытанскіх (зразумела!) вучоных, прысвечанае ўплыву харчавання на здароўе ўсіх органаў і сістэм чалавечага арганізма. Выснова несуцяшальная: аказваецца, сістэматычнае няправільнае харчаванне забівае хутчэй, чым нават курэнне і алкагалізм, паколькі правакуе развіццё цяжкіх хранічных захворванняў — ад сардэчна-сасудзістых да дыябету і анкалогіі. Між тым, ваду на млын няправільнага харчавання ва ўсім свеце ліюць і харчовыя звычкі (смажанае і тлустае спрадвеку любілі паўсюдна, а ідэя правільнага харчавання — дастаткова малады трэнд), і даступнасць «няправільных», але смачных і сытных страў. У той час як пераход ад «смачна, сытна і звыкла» да паравых катлетак з гарнірам з брокалі часцей за ўсё не праходзіць лёгка. Патрабуецца вызначыцца з мэтай (пахудзець, набраць мышачную масу, аздаравіць арганізм), «вывучыць матчастку» (вылучыўшы з велізарнай разнастайнасці інфармацыі па дадзеным пытанні, што сапраўды карысна, а што — не больш чым даніна модзе), распрацаваць меню, лічыць калорыі і ўзважваць прадукты (улічваючы страты пры тэрмічнай апрацоўцы), гатаваць і есці нязвыклыя стравы (і карміць імі сваіх дамашніх, якія, хутчэй за ўсё, спачатку будуць супраціўляцца). Плюс — карэкціраваць меню ў залежнасці ад атрыманых прамежкавых вынікаў. Не кожны ў стане зрабіць усё гэта, нават маючы на ўвазе такую добрую мэту, як прыгажосць і здароўе. Сэрвісы здаровага харчавання гатовыя ўзяць на сябе гэтую працу дзеля кліента — калі кліент гатовы за тое плаціць. Пакуль у нашай краіне, як і ў суседняй Расіі, сэрвісы здаровага харчавання развіваюцца толькі ў вялікіх гарадах — у маленькіх няма попыту.
Наўскідку, арганізацыя сэрвісу дастаўкі правільнага харчавання — задача больш складаная за дастаўку піцы. Па факце, так яно і ёсць, калі падыходзіць да пытання адказна. Неабходнае супрацоўніцтва з дыетолагамі плюс прафесійныя повары, здольныя зрабіць карыснае смачным, пастаянны кантроль за бялкамі-тлушчамі-вугляводамі і каларыйнасцю. Але «затлумляюцца» не ўсё: часам пад дэвізам «здаровае харчаванне» вам могуць дастаўляць звычайнае сталоўскае меню (салацік, супчык, пюрэшка, катлетка), прыблізна прыкінуўшы калараж страў. Бо наўрад ці кліент у стане нешта праверыць: тут усё пабудавана на даверы. Хоць ёсць на рынку і тыя сэрвісы, што трымаюць марку і падыходзяць да пытання скрупулёзна.
У астатнім заказ здаровага харчавання практычна не адрозніваецца ад заказу піцы. Выбіраеце праграму (на адну трапезу — «пакаштаваць», на дзень, тыдзень ці месяц), аплачваеце яе і атрымліваеце збалансаванае меню па раскладзе: кожны вечар — на наступны дзень, у пранумараваных кантэйнерах.
— Рацыёны дзеляцца па каларыйнасці — ад 900 да 2400 калорый. Гэта сутачны калараж плюс збалансаванае меню па бялках, тлушчах і вугляводах, — распавядае саўладальнік сэрвісу правільнага харчавання Oxdetox Павел Дзям'янка. — «Крок» складае 300 калорый. На 900 калорый — тры стравы, на 1200 — чатыры, на 1500 — адпаведна, пяць і г. д. Ёсць кліенты, якія заказваюць рацыён на 3500 калорый, гэта спартсмены-бодзібілдары. Але найбольш запатрабаваны калараж — 1200.
— Кліенты часцей за ўсё кажуць, што з гэтым праблемы няма, — адзначае Павел. — Спачатку ўсе баяцца застацца галоднымі. Але потым аказваецца, што рацыёну цалкам хапае, каб не адчуваць голад.
Колькі трэба калорый кліенту, звычайна ён вырашае сам. Але калі вы прыходзіце ўпершыню, адміністратар пракансультуе вас і падлічыць ваш расход калорый у суткі. Хто кліенты такой дастаўкі? Спачатку прыдумана яна была ў першую чаргу для офісных работнікаў і прадстаўнікоў разумовай працы, якія, з аднаго боку, у курсе сацыяльных трэндаў і імкнуцца сачыць за сваім здароўем, з другога — не заўсёды маюць дастатковую фізічную актыўнасць. Але паколькі такую паслугу ў нашай краіне з вялікай нацяжкай можна назваць бюджэтнай, то дэмакратычная па сваёй задуме навіна ў Беларусі набыла налёт элітарнасці. У сярэднім на дзень дастаўка правільнага харчавання ў Мінску абыдзецца ў 25-35 рублёў, адна страва — 5-7 рублёў. Здаецца, няшмат, але на месяц, калі харчавацца кожны дзень, выходзіць каля 700-900 рублёў на аднаго едака.
— Затое вы не ходзіце па прадукты, не марнуеце больш ні капейкі на харчаванне і не змагаецеся са спакусамі, — падкрэслівае Павел. — Акрамя таго, як правіла, з набытых прадуктаў і прыгатаваных вамі страў частка сапсуецца, скончыцца тэрмін прыдатнасці. Нашы стравы не псуюцца, іх з'ядаюць поўнасцю. Вы атрымліваеце кожны дзень свежую смачную ежу, разнастайны рацыён і вялізную эканомію часу на закупку прадуктаў і іх прыгатаванне.
Большасць кліентаў дастаўкі правільнага харчавання — гэта жанчыны ад 25 да 45 гадоў, паспяховыя і з добрай зарплатай. Мужчынская частка кліентаў — маладыя людзі, якія працуюць у сферы ІT і мужчыны на кіруючых пасадах, не абцяжараныя сям'ёй, а таксама невялікі працэнт спартсменаў. Жанчыны, як правіла, імкнуцца пахудзець. Задача «аздаравіць арганізм» у айчыннага заказчыка правільнага харчавання часам аказваецца на другім месцы, распавядаюць супрацоўнікі дастаўкі. «Але нашы кліенты страчваюць лішнюю вагу без шкоды для здароўя», кажуць яны. Атрымаецца знізіць вагу ці не — пытанне самадысцыпліны. Калі дзяўчына «даганяецца» шакаладкамі або з'ядае па два кантэйнеры за раз, а потым яшчэ і додбра вячэрае па-за праграмай, наўрад ці яна пазбудзецца лішніх кілаграмаў. Адзін з галоўных аргументаў мужчын на карысць дастаўкі здаровай ежы — лянотна гатаваць, а фаст-фуд надакучыў і шкодны.
У трэнду «дастаўка ПХ» ёсць безумоўныя плюсы. Так, вырашыўшы заняцца правільным харчаваннем самастойна, вы рызыкуеце трапіцца на вуду маркетолагаў, паверыць модным дыетам і «парадам зорак», падсесці на сумніўныя харчовыя дабаўкі. І, як вынік, не толькі не аздаравіцца, а, наадварот, нанесці здароўю шкоду — елі б ужо лепш бульбу з каўбасой, як прывыклі, часам кажуць урачы. Тут дарэчы прыгадаць міфалагізацыю здаровага харчавання ў свядомасці сучаснага чалавека: у «чорны спіс» трапляюць масла, бульба і хлеб, цукар, соль і гэтак далей. Але выключыўшы нешта з рацыёну, варта нешта ў яго ўключыць, падкрэсліваюць дыетолагі — тое, што прынясе ў арганізм карысныя рэчывы, якія мы недаатрымліваем (бо недахоп часам больш шкодны за лішак). Што ўключыць і ў якіх колькасцях, абывацель у курсе далёка не заўсёды. Дастаўка правільнага харчавання, прынамсі, дасць вам збалансаваны рацыён, дзе прысутнічаюць у дастатковай колькасці асноўныя неабходныя арганізму рэчывы. Акрамя таго, нават нядоўгі вопыт правільнага харчавання зменіць смакавыя звычкі і дасць уяўленне пра тое, як яшчэ можна гатаваць звыклыя прадукты. І, вядома, вы атрымліваеце вольны час. Напрыклад, некаторыя падобныя сэрвісы прапануюць у тым ліку і святочнае меню з карыснымі соусамі замест маянэзу (у навагоднім — можа прысутнічаць нават салата «Аліўе», якая не сапсуе фігуру).
Ну а галоўны мінус — гэта, вядома, кошт. Згодна з данымі Белстата, у ІV квартале 2020 года грашовыя расходы ў разліку на дамашнюю гаспадарку склалі Br1414,3 на месяц, з якіх Br1063,7 (75,2 працэнта) прыпадае на спажывецкія расходы. У прыватнасці, на харчаванне — 38,6 % названай сумы.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alyaksandra-ancelevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/pravilnae-harchavanne
[4] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue
[5] https://zviazda.by/be/tags/trend
[6] https://zviazda.by/be/tags/racyyon
[7] https://zviazda.by/be/tags/kosht