Першая з іх расчыняе свае дзверы ў суботу, 11 снежня. Мяркуецца, што ўсяго навагодніх сядзіб будзе не менш за 13. У некаторых ёсць вядомыя адрасы. Напрыклад, сядзіба Дзеда Мароза на Аўгустоўскім канале альбо ў Гродзенскім цэнтры рамёстваў. Цікава, што акрамя Дзядоў Марозаў дзяцей будуць сустракаць у сваіх рэзідэнцыях Дзед Зімнік з Бабай Завірухай, а таксама Бераст-Зюзя са спадарыняй Завеяй.
З кожным днём атмасфера навагодніх свят усё больш адчувальная. На плошчах стаяць упрыгожаныя ялінкі, будынкі і вітрыны зіхацяць агеньчыкамі і навагоднімі атрыбутамі. У кожным раёне рыхтуецца святочная праграма. Некаторыя падзеі ўжо сталі традыцыйнымі. Напрыклад, калядны кірмаш у Гродне. Ён пачаў работу на гэтым тыдні, а па суботах тут яшчэ будуць ладзіцца канцэрты. Зіхаціць каляровымі агеньчыкамі алея дызайнерскіх ёлак ад арганізацый і прадпрыемстваў горада, а гродзенцы чакаюць казачнае шэсце Дзядоў Марозаў і Снягурак у абласным цэнтры.
Але галоўнымі падзеямі можна лічыць адкрыццё рэзідэнцый навагодніх персанажаў. Як правіла, многія з іх месцяцца ў лясных зонах, што стварае казачную атмасферу.
Сваю работу сядзібы Дзядоў Марозаў і Снягурак пачнуць з сярэдзіны месяца, першымі сустрэнуць дзяцей у Навагрудскім раёне, каля маляўнічага возера Свіцязь. Як расказала дырэктар Навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Кавальская, казачная рэзідэнцыя расчыніць свае дзверы 11 снежня і будзе працаваць на базе эколага-інфармацыйнага цэнтра кожныя выхадныя, а ў астатнія дні тыдня па заяўках. За чатыры гады адзіная ў раёне сядзіба стала даволі папулярнай: сюды прыязджаюць не толькі жыхары Навагрудчыны, але і іх суседзі. Таксама былі групы з Брэсцкай, Мінскай, Віцебскай абласцей. У рэзідэнцыі прымаюць не толькі групы, але і сем'і, якія вырашылі ўключыць наведванне Дзеда Мароза ў свае навагоднія туры.
— Кожны год мы распрацоўваем новыя праграмы, усе персанажы — нашы работнікі культуры, — паведаміла Наталля Кавальская. — Сёлета, напрыклад, будзе прадстаўлена дэтэктыўная гісторыя з удзелам мясцовага рыцарскага клуба, які выйшаў на пошукі Снягуркі. Яшчэ ў нас на базе цэнтра рамёстваў адкрылася майстэрня Дзеда Мароза, дзе кожны ахвотны пад кіраўніцтвам вопытных майстроў можа зрабіць атрыбуты свята, сувеніры да Новага года. Дарэчы, касцюмы для казачных персанажаў мы прыдумваем і шыем самі.
Свайго роду брэндам Іўеўскага раёна стала сядзіба Дзеда Зімніка і Бабы Завірухі ў вёсцы Залейкі. Сёлета тут пачнуць адзінаццаты навагодні сезон.
— Скажыце, у вас снег выпаў? Гэта наш гном лясны сваю падушку ўзбіваў, ад таго і снег пайшоў.
Так пачалася наша размова з намеснікам дырэктара Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу Наталляй Мудрык, якая расказала аб новай праграме навагодніх прыгод у Залейках. Фабулы казачных пастановак кожны год розныя, напрыклад, сёлета будзе квэст па лесе ў пошуках меха з падарункамі, які згубіўся. Парадуюць і новыя персанажы, напрыклад, панда. За даволі працяглы тэрмін існавання сядзібы, яна набыла папулярнасць і нават уключана ў маршруты турыстычных фірмаў. А адкрыюць чарговы сезон 18 снежня члены ветэранскай арганізацыі гарадскога пасёлка Воранава, якія прыедуць сюды са сваімі ўнукамі.
Усе ўдзельнікі казачнага падарожжа атрымаюць сувеніры, зробленыя мясцовымі майстрамі. Зімнік абавязкова пачастуе гарачай гарбатай.
— Наша казачная пляцоўка размешчана ў лесе, тут і ёлку упрыгожваем. Ёсць домік са сцэнай, вароты, розныя аб'екты, напрыклад, прытулкі Бабы Ягі, калодзеж жаданняў, паляна 12 месяцаў, — зазначыла Наталля. — Вядома, было б нядрэнна, калі б тут з'явіўся сапраўдны ўтульны дом, але гэта пакуль толькі мары.
А вось рэзідэнцыя ўладароў зімы Зюзі і спадарыні Завеі размясцілася ў аздараўленчым лагеры, што ў Бераставіцкім раёне. Як расказала дырэктар раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Юлія Атрушкевіч, Зюзя — персанаж не прыдуманы, а ўзяты з беларускай міфалогіі, дзе ён — гаспадар зімы. Ён у нечым падобны на Дзеда Мароза: такі ж стары і з доўгай барадой. Але адзеты значна прасцей — у звычайны кажушок. Дарэчы, ёсць павер'е, што на Каляды беларусы першую лыжку куцці кідалі яму ў акно, каб марозы сцішэлі.
Калі некалькі гадоў таму ўзнікла ідэя стварыць навагоднюю рэзідэнцыю, арганізатары вырашылі, што традыцыйных персанажаў і так хапае, а вось Зюзя будзе адзіны на ўсю Гродзенскую вобласць. Прычым ад Дзядоў Марозаў і Снягурак тут таксама не адмовіліся — яны прысутнічаюць на прадстаўленнях і дораць падарункі. За перыяд работы рэзідэнцыі відавочна, што попыт на анімацыйныя праграмы высокі. На тэрыторыі стацыянарнага летніка абсталявана шэсць інтэрактыўных пляцовак, дзе гасцей сустракаюць самыя розныя міфалагічныя героі з гаспадыняй Завеяй. У рэзідэнцыі частуюць гарачымі стравамі і гарбатай. На выстаўцы-кірмашуы можна набыць унікальныя сувеніры, зробленыя з прыродных матэрыялаў. Месца сядзібы зручнае для турыстаў, бо знаходзіцца на шляху да Белавежскай пушчы.
Адрасамі некаторых рэзідэнцый сталі базы лясных і паляўнічых гаспадарак. А вось у Ашмянскім раёне такая сядзіба размясцілася каля сцен Гальшанскага замка. Госці змогуць пакатацца ў карэце і пачаставацца брэндавым гальшанскім пернікам.
У жыхароў Гродна з'явіцца магчымасць пабываць у казачнай сядзібе ў абласным цэнтры. Дзед Мароз і Снягурка будуць вітаць усіх гасцей у цэнтры рамёстваў «Спадчына». Месца абрана вельмі ўдалае. На пляцоўцы — некалькі цікавых лакацый у этнічным афармленні, у тым ліку навагодняя ёлка з самаробнымі цацкамі ад народных майстроў. Падчас першага прадстаўлення, якое адбудзецца 16 снежня, яна зазіхаціць агнямі.
Лічыцца, што галоўны Дзед Мароз Гродзенскай вобласці пасяліўся на Аўгустоўскім канале. Казачная штаб-кватэра размясцілася на шлюзе Дамброўка ў былым доміку даглядчыка. Дзед Мароз прымае гасцей разам са Снягуркай і водным казачным персанажам Цмокам. У праграме — інтэрактыўныя шоу, майстар-класы, дэгустацыя, забавы і гульні. Працуе тут і навагодняя пошта.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота: grodnonews
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/grodnenskaya-voblasc
[4] https://zviazda.by/be/tags/novy-god
[5] https://zviazda.by/be/tags/natallya-kavalskaya