Сенатар разам з ігуменняй Гаўрыілай пабывалі ў лагеры бежанцаў на беларуска-польскай мяжы.
Нагадаем, што сёння ідзе 57-ы дзень знаходжання тут бежанцаў, якія не страчваюць надзеі трапіць у краіны заходняй Еўропы. А пакуль яны чакаюць гэтага, працягваюць знаходзіцца на тэрыторыі транспартна-лагістычнага цэнтра «Брэміна-Брузгі», дзе для іх арганізаваны лагер з пэўным наборам бытавых выгод. Не так даўно тут пачаў дзейнічаць адукацыйны модуль для дзяцей, каб малыя маглі працягваць сваё развіццё.
— Кожны чалавек павінен клапаціцца пра бліжніх, свет выратуе менавіта дабрыня, — адзначыла настаяцельніца Гродзенскага Свята-раства-Багародзічнага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра ігумення Гаўрыіла.
Яна прыехала з сенатарам на тэрыторыю ТЛЦ з гуманітарнай місіяй — перадаць ласункі і прадукты беларускай вытворчасці бежанцам. Ігумення манастыра прыгадала, што не першы раз прыязджае з дапамогай да людзей у ТЛЦ, і заўважыла, што яны палюбілі менавіта беларускія прадукты.
Віктар Лісковіч звярнуў увагу, што навагоднія святы працягваюцца, і ў гэтыя дні вельмі важна, каб кожнае дзіця, якое знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, адчувала клопат і ўвагу.
— Вельмі важна дапамагчы гэтым дзеткам адчуць сябе дзецьмі, — перакананы старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі. — Мы адносімся да іх з аднолькавай цеплынёй. І ў чарговы раз разам з матухнай Гаўрыілай прыехалі сюды з навагоднімі падарункамі. Мы ўручым іх дзецям, каб яны адчувалі аб сабе клопат і як мага даўжэй заставаліся дзецьмі, нягледзячы на тыя цяжкасці, з якімі яны сутыкнуліся.
Ён падкрэсліў, што беларускі бок робіць усё, каб забяспечыць гэтых людзей усім неабходным.
— У навучальным модулі дзеці могуць атрымліваць мінімальнае развіццё і адукацыю. Таму бежанцы вельмі ўдзячныя беларускаму боку за магчымасць знаходзіцца сёння ў цяпле, быць накормленымі і мець дах над галавой, — рэзюмаваў ён.
Вольга АНУФРЫЕВА
Фота: БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/volga-anufryeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/viktar-liskovich
[4] https://zviazda.by/be/tags/igumennya-gauryila
[5] https://zviazda.by/be/tags/bezhancy