Канструктыўныя меркаванні і прапановы па зменах і дапаўненнях у праект Канстытуцыі будуць улічаныя пры дапрацоўцы рабочай групай. Аб гэтым паведаміў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл Русы падчас удзелу ў рабоце дыялогавай пляцоўкі, якую арганізавалі на ААТ «БМЗ — кіруючая кампанія холдынгу «БМК».
Удзел у сустрэчы з сенатарам узялі больш за 300 металургаў.
— Людзі падзяліліся сваімі думкамі і разуменнем артыкулаў Асноўнага закона. Паступіла шмат слушных прапаноў, быў узняты цэлы шэраг пытанняў, — расказаў старшыня профільнай камісіі.
Ён адзначыў, што агучаныя пытанні будуць сістэматызаваныя і разгледжаны на пасяджэнні рабочай групы.
— І там, дзе ёсць добрыя прапановы (а іх шмат) яны будуць улічаныя. Любая прапанова мае права на жыццё і адпрацоўку, акрамя заклікаў да гвалту, звяржэння ўлады і тэрарызму, — падкрэсліў парламентарый.
Паводле яго меркавання, асноўны пласт прапаноў, якія з’явіліся ў праекце абноўленай Канстытуцыі, грамадствам прыняты і гэта станоўчы вынік.
— Асобныя прапановы трэба дашліфаваць і гэта будзе зроблена, — запэўніў Міхаіл Русы. — Падрыхтаваны дакумент затым будзе вынесены на рэферэндум.
Старшыня профільнай камісіі звярнуў увагу на тое, што ў калектыве Беларускага металургічнага завода працуе моладзь, якая зацікаўлена ў працэсах, якія адбываюцца ў грамадстве. Паводле яго слоў, вельмі цікавілі пытанні статусу і паўнамоцтваў дэлегатаў і самога інстытуту Усебеларускага народнага сходу: хто і як будзе абраны, якімі паўнамоцтвамі яно будзе нададзена. І гэтая цікавасць зразумелая: маладое пакаленне заўсёды адыгрывала асаблівую ролю ў развіцці грамадства і цяперашняе абмеркаванне праекта Асноўнага Закона — не выключэнне, бо менавіта моладзі далей жыць па гэтай Канстытуцыі.
Падводзячы вынікі візіту сенатар адзначыў, што такія сустрэчы неабходныя і карысныя як для калектываў, так і тых, хто ў іх удзельнічае: гасцям, спікерам і экспертам. Ён перакананы: гэта дае магчымасць завадчанам пачуць інфармацыю з першых вуснаў, а запрошаным — выверыць правільнасць курсу і фармулёвак. Напрыканцы Міхаіл Русы падкрэсліў, што сама Канстытуцыя — гэта асноўны дакумент, у якім нават адна коска ці слова маюць сваю вагу.
Вольга АНУФРЫЕВА
Фота БМЗ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/volga-anufryeva
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/bmk
[4] https://zviazda.by/be/tags/bmz
[5] https://zviazda.by/be/tags/kanstytucyya
[6] https://zviazda.by/be/tags/referendum-pa-kanstytucyi
[7] https://zviazda.by/be/tags/prapanovy
[8] https://zviazda.by/be/tags/zmeny-u-kanstytucyyu