Прадметам дамоўленасці стала сумесная дзейнасць па павышэнні прававой асветы і інфармаванасці моладзі аб нормах заканадаўства Беларусі. У прыватнасці, бакі маюць намер арганізоўваць для юнакоў і дзяўчат сумесныя форумы, розныя навучальныя мерапрыемствы для растлумачэння палажэнняў дзейнага заканадаўства і змяненняў у ім, аказваць кансультацыйную дапамогу.
Падпісваючы пагадненне, першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр Лук'янаў адзначыў, што важна аб'ядноўваць намаганні ў абмеркаванні з моладдзю прапанаваных змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю. «Мяркую, што сумесныя намаганні ў першую чаргу будуць скіраваны на арганізацыю работы маладзёжных дыялогавых пляцовак, дзе разам з хлопцамі і дзяўчатамі будзем абмяркоўваць праект змяненняў і дапаўненняў у Асноўны Закон, тлумачыць кожнаму маладому чалавеку важнасць праяўляць грамадзянскую пазіцыю. Мы ўжо запусцілі па ўсёй краіне серыю адкрытых дыялогаў «Сіла закона», на якіх эксперты разам з дзецьмі абмяркуюць усе ўнесеныя ў Канстытуцыю змяненні, — сказаў ён.
Старшыня Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Аляксей Швакоў дапоўніў, што арганізацыя вельмі зацікаўлена ў супрацоўніцтве з БРСМ. «Час няпросты. Шмат пытанняў у моладзі цяпер. Мы павінны дапамагаць маладым людзям разбірацца ў тым, што адбываецца. Нам трэба больш размаўляць з імі, тлумачыць правы і абавязкі, накіроўваць, каб папярэдзіць магчымыя наступствы неабдуманых дзеянняў», — падкрэсліў Аляксей Швакоў.
Дарэчы, прапановы па абноўленай Канстытуцыі любы грамадзянін можа ўнесці і праз анлайн-прыёмную БРСМ. Саюз моладзі акумулюе ўсе прапановы і дапаўненні, што паступяць, і накіруе іх у Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі.
Нагадаем, пасля 44-га з'езда, які прайшоў 12 жніўня мінулага года, у адпаведнасці з прынятай стратэгіяй развіцця Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі прававое выхаванне стала новым і адным з ключавых напрамкаў дзейнасці БРСМ.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[3] https://zviazda.by/be/tags/forum
[4] https://zviazda.by/be/tags/belaruski-respublikanski-sayuz-moladzi
[5] https://zviazda.by/be/tags/minskaya-garadskaya-kalegiya-advakatau
[6] https://zviazda.by/be/tags/supracounictva
[7] https://zviazda.by/be/tags/brsm