Кантраснае ў нас надвор’е гэтай зімой. То мароз на ўсходзе краіны, які ўначы дасягаў мінус 24 градусаў, а на наступны дзень цёплы вецер з Атлантыкі прынёс адлігу і да плюс 4 градусаў. І такія тэмпературныя арэлі будуць у нас пастаянна ў гэты халодны сезон, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Умовы надвор’я рэзка зменяцца ўжо ў пятніцу, калі ў многіх раёнах чакаюцца кароткачасовыя ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. Таму ў другой палове дня на асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. На большай частцы тэрыторыі прагназуецца ўзмацненне ветру парывамі да 15–20 м/ с, а месцамі — 21–24 м/с. Максімальная тэмпература паветра складзе 1–7 цяпла.
У субботу, 15 студзеня, месцамі, пераважна па паўночна-ўсходзе, пройдзе кароткачасовы снег, мокры снег і мяцеліца. На асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. На большай частцы тэрыторыі Беларусі прагназуецца ўзмацненне паўночна-заходняга ветру парывамі да 15–20 м/с. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 3 градусаў да плюс 2, удзень — ад 2 марозу да 3 цяпла.
А ў нядзелю, 16 студзеня, анамальнае цяпло будзе сыходзіць з тэрыторыі нашай краіны. У гэтыя суткі, уначы па крайнім усходзе краіны пройдзе невялікі кароткачасовы снег, удзень пераважна па паўночным захадзе чакаюцца ападкі ў выглядзе снегу, мокрага снегу і дажджу. Месцамі будзе назірацца слабы галалёд. На асобных участках дарог магчымая галалёдзіца. Вецер прагназуецца заходні ўмераны, месцамі парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе 1–7 марозу, удзень — ад мінус 3 градусаў да 2 цяпла.
Згодна з доўгачасовым прагнозам айчынных сіноптыкаў, ветранае надвор’е чакаецца і ў пачатку наступнага тыдня. У панядзелак, 17 студзеня, часам чакаюцца ападкі з перавагай мокрага снегу. На асобных участках дарог магчымая галалёдзіца. Месцамі прагназуецца ўзмацненне ветру парывамі да 15–20 м/с. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 5 градусаў да плюс 2 градусаў, удзень — ад 2 марозу да 3 цяпла. Праўда, ужо ў аўторак пойдзе снег і ўсталюецца слабамарознае надвор’е.
Сяргей КУРКАЧ
Фота Маргарыты ПАЛЮХОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/author/margaryta-palyuhovich
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/nadvore
[5] https://zviazda.by/be/tags/studzen
[6] https://zviazda.by/be/tags/vecer