У тым, што выключна наша свята — Стары Новы год — прыводзіць іншаземцаў у літаральны ступар, даводзілася пераконвацца неаднойчы: так бы мовіць, на свае вочы. Зрэшты, іншаземцы — гэта так, дарэчы прыйшлося. Гісторыя, якую хачу расказаць, самая што ні ёсць айчынная, з месцам дзеі ў нашай слаўнай сталіцы. Мы тады ў цёплай дзявочай кампаніі на кухні маёй новай кватэры Стары Новы год і вырашылі адзначыць. Прычым адпаведна з сапраўднай навагодняй традыцыяй: вырашылі дачакацца бою гадзінніка (яго ролю выконваў стары будзільнік у металічным корпусе, заведзены на поўнач) і пад яго адкаркаваць бутэльку шампанскага. Яна засталася з тых прыпасаў, што рабіліся загадзя, і стаяла ў халадзільніку, мусіць, з кастрычніка. Шампанскае было звычайнае «Савецкае», з белым пластыкавым коркам, які, калі памятаеце, вылятаў з хуткасцю кулі і абавязкова трапляў калі не камусьці з гасцей у вока, дык у столь ці ў люстру.... Карацей, у дванаццаць гадзін будзільнік забарабаніў з усяе свае жалезнае сілы, дзяўчаты пазажмурваліся і адхінуліся, я ўзялася за тую бутэльку, акуратна зняла драцяную аплётку, таксама зажмурылася, пацягнула корак, і... нічога не адбылося. У сэнсе — корак застаўся на месцы, ён не тое што не вылецеў — ён не выцягваўся!
Першыя хвілін дваццаць Старога Новага года тройка маладых сімпатычных дзяўчат змагалася з той няшчаснай бутэлькай, якая ці то перастаяла ў халодным месцы, ці проста была бракаваная. Збоку відовішча, напэўна, было ну вельмі смешнае, але нам было не да смеху. Нарэшце дайшло да таго, што цягнулі той корак літаральна абцугамі — гэты карысны інструмент знайшоўся ў гаспадыні ў скрынцы пад ваннай. Не тое што хацелася выпіць — нам і без таго было хораша і весела, але ж гэта была справа прынцыпу! Здавацца мы не збіраліся. Нарэшце думкі разышліся. Асабліва адчайныя прапаноўвалі адбіць горла ўзмахам нажа, як тое бачылі ў нейкім кіно. «Партыя кансерватараў» схілялася да ідэі пазваніць у дзверы суседу — суроваму халасцяку, выбачыцца і папрасіць дапамагчы. І тая, і тая ідэя былі досыць рызыкоўнымі, таму хтосьці з нас роспачна выдыхнуў: «Божа, пашлі хоць якога лядашчага мужчынку!»
І хвіліны праз дзве (вы не паверыце!) зазваніў дамафон. «Леначка, гэта я! Даруй, каханая, што спазніўся!», — мужчынскі голас быў такі здрыжэлы і роспачны, што я аўтаматычна націснула на кнопку адчыняння дзвярэй пад'езда. І толькі потым да мяне дайшло: я ж нікога не запрашала! А ён ужо званіў у кватэру —- сапраўды «лядашчы» — немалады, невысокі, запыханы і збянтэжаны, з вялізным букетам руж, з бутэлькай шампанскага (таксама «Савецкага»!) у руках, з пачкам цукерак пад пахай. «Добры вечар. А дзе Лена?» — ветліва спытаўся ў вашай пакорнай слугі. «Вы, напэўна, не туды трапілі». «Як не туды? — мітусліва дастаў паперку з кішэні кажушка, стаў чытаць: — Вуліца Чыгладзэ, дом...» «Не Чыгладзэ, а Чайлыткі...» Мужчынка здзіўлена палыпаў вачамі і зніякавела сеў прама на парозе: «Во прыехаў!».
Ён быў у такім шоку і непадробнай роспачы, што мы ледзь угаварылі яго прайсці ў дом і расказаць, у чым справа. Аказалася, Яўген ехаў на Стары Новы год да сваёй каханай жанчыны, Алены. Яны пазнаёміліся восенню ў санаторыі. Ён удавец, яна разведзеная, дзеці ў абаіх ужо выраслі. Адносіны ў іх былі самыя сур'ёзныя: Новы год яны сустрэлі ў яго ў Паставах, а на Стары Новы год яна ўпершыню запрасіла яго да сябе ў Мінск. Ехаў ён з самымі высакароднымі намерамі — рабіць прапанову, нават пярсцёнак купіў. Але ў дарозе зламаўся аўтобус, і на вакзал замест сямі гадзін ён трапіў а палове дванаццатай. Пазваніў каханай, крыкнуў «ужо імчу», перапытаў яшчэ раз нумар дома і кватэры, каб не забыцца. Злавіў таксі, у спешцы не мог знайсці паперку з адрасам, што была ў кішэні. Падумаў, што згубіў, але не бяда — нумар дома і кватэры памятаў, а вось вуліца... Удакладняць у гаспадыні пасаромеўся, памятаў, што на літару «Ч». «Мо Чайлыткі?» — падказаў таксіст. Чалавеку, які ў Мінску не жыве і рэдка бывае, назва падалася вельмі падобнай да «арыгінала», таму ён сказаў везці яго туды. А тут яшчэ ў кватэры з тым жа нумарам гаспадыня цёзкай яго дамы аказалася...
«Дык у чым бяда, — супакойвалі мы Яўгена. — Званіце сваёй Лене, зараз выклічам таксі, праз хвілін дваццаць будзеце ў яе, тут недалёка». Ён неяк сумеўся, і зноў давялося з яго выцягваць інфармацыю. Аказалася, спрытны таксіст, убачыўшы правінцыяла, уключыў тарыф «навагодні» і выцягнуў з беднага дзядзькі амаль усе грошы. «Толькі на білет назад і хопіць. Я ж не буду ў яе грошы пазычаць. Сорамна...» Мы ледзь угаварылі яго, што самі закажам тое таксі. А каб не здарылася больш ніякіх неспадзяванак — самі селі з небаракам у машыну і павезлі яго «па ўказаным адрасе», каб перадаць нявесце з рук у рукі...
Такі вось быў у нас Стары Новы год. Шампанскага ў тую ноч мы-такі пакаштавалі — Алена, прыгожая дагледжаная пані за пяцьдзясят, ледзь не сілай зацягнула нас у кватэру, калі мы прад'явілі ёй «прапажу». Вось так мы незвычайна і вельмі душэўна сустрэлі аднойчы гэтае незразумелае для іншаземцаў свята — на іншай вуліцы, але ў тым жа доме і кватэры, у кампаніі зусім незнаёмых нам людзей, якія ставіліся адно да аднаго з такой кранальнай пяшчотай, што нават крыху зайздросна было...
І гэта так добра, што было і ёсць такое свята і такія вось цёплыя ўспаміны. Інакш чым сагрэцца чалавеку, калі вакол пранізлівы холад?
Алена ЛЯЎКОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-lyaukovich
[2] https://zviazda.by/be/bez-rubriki
[3] https://zviazda.by/be/tags/neasabisty-subektyu